Купальскія забавы ў Воранаве

С праздником 12 июля 11 1954
Старажытнае свята Купалле жыхары і госці нашага пасёлка адзначылі на беразе возера ў ноч з 9 на 10 ліпеня. Надвор’е выдалася цёплым, ціхім і без дажджу. Таму настрой у людзей быў добры, яны з ахвотай гулялі ў бяспройгрышную латарэю, куплялі ў гандлёвых палатках прысмакі мясцовых кандытараў і кулінараў, частаваліся салодкай ватай і “поп-корнам”. Асаблівай папулярнасцю карысталіся ў моладзі і дзяцей розныя цацкі, якія свяціліся неонам. Іх агеньчыкі  былі прывабным дапаўненнем да яснага месячыка, а потым — і зорак на чыстым небе. Радавалі слых прыгожыя беларускія песні, тэмпераментныя полькі. Да ўпрыгожанай кветкамі і галінкамі сцэнічнай пляцоўкі сабіралася ўсё больш і больш адпачываючых. Нарэшце загучала найпрыгажэйшая з народных мелодый “Ой, рана на Івана” — і тэатралізаванае дзейства пачалося прывітальнымі словамі вядучых. Неўзабаве  прыплылі на лодцы і сышлі на бераг галоўныя персанажы свята — Купала і Купалінка, якія ў суправаджэнні сябровак-купалінак пад апладысменты гледачоў падняліся на сцэну і абвясціл:
У гэтую ночку вясёлую
Будуць малойцы вогнішча класці,
Будуць музыкі іграці,
Будуць дзяўчаты вянкі кідаці,
Сваю долю пытаці.
Кветку-папараць шукаці...
Так яно і было. Гулянню нават не памяшалі  Кікімара, Вадзянік, Баба Яга са сваёй хаткай на... чалавечых, а не курыных, як у казцы, ножках. І вось гэтая кампанія з шумам і свістам наладзіла такі вэрхал на сцэне, так пачала паліваць людзей вадой, што яе хацелі прагнаць са свята. Але, паверыўшы нячысцікам, што яны па градках хадзіць, бульбу  таптаць і дзяцей пужаць не будуць, іх пакінулі на свяце і дазволілі людзей забаўляць і розныя гульні  ладзіць: баню, жывы канат, эстафету крабаў. Шмат смеху выклікала гульня “купальскі шост”, які трэба было апрануць у адзенне ігракоў. Адзін з “мадэльераў-куцюр’е” так захапіўся гульнёй, што ў рэшце рэшт застаўся толькі ў адных трусах. Такі вось нечаканы, у народным стылі, стрыптыз атрымаўся... Было весела! А святочная ночка прадоўжылася запальваннем купальскага  вогнішча і карагодамі, канцэртнай праграмай нашых вакалістаў-аматараў і дыскатэкай да раніцы. 
Па настрою людзей было лёгка зразумець, што свята спадабалася, хаця былі і заўвагі-пажаданні: “кожны год адно і тое ж”, “трэба больш асвятліць бераг возера”, “не мяшала б павялічыць колькасць гандлёвых палатак і пашырыць асартымент”. Ад сябе дадам, што да любімага ў народзе купальскага свята арганізатарам трэба рыхтавацца  сур’ёзна — не за тыдзень і не за два да яго правядзення. Тады не было б праблем з электразабеспячэннем апаратуры, своечасова разгарэлася б і гарэла ў поўную моц купальскае вогнішча (няўжо дэфіцыт сухіх дроў?). Хочацца, каб і тэатралізаваная праграма была больш цікавай  і не такой кароткай па часе. А яшчэ, паважаныя работнікі культуры, сачыце за сваёй мовай. Такой “трасянкі” я яшчэ не чуў, асабліва падчас правядзення гульняў, некаторыя з якіх, дарэчы, былі не вельмі прыстойнымі. Пажадана (на будучае), каб на купальскае свята для юных жыхароў была выдзелена асобная пляцоўка і праводзілася адпаведная гульнёвая праграма.
Вікенцій Падгайскі.
На здымках: на Купалу ночкі мала...



Добавление комментария
CAPTCHA
*