Тыдзень культуры. Дзень пяты. Песні родныя і зразумелыя ўсім

С праздником 25 августа 15 2040


Менавіта такія песні і гучалі ў мінулую пятніцу на летняй эстрадзе ў парку г.п. Воранава. На працягу амаль чатырох гадзін жыхары райцэнтра маглі яшчэ раз упэўніцца, што народная творчасць будзе заўсёды невычэрпнай крыніцай нашага натхнення і добрага настрою, якое робіць жыццё прыгажэйшым, а чалавечыя душы чысцейшымі. Асабліва гэта адчувалася, калі на сцэну выйшаў  хор ветэранаў працы “Землякі”. Што ні песня, што ні байка ці верш ў выкананні ўсіх, без выключэння, удзельнікаў калектыву — усё дарыла людзям старэйшага ўзросту магчымасць вярнуцца ў сваю маладосць. Моладзь жа ўпэўнілася, наколькі багатыя і шчодрыя душой людзі, якія зберагаюць і нясуць народную культурную спадчыну сваім дзецям і ўнукам. За такі каштоўны дар ветэраны-спевакі былі ўзнагароджаны не толькі  шчырымі апладысментамі, але і кветкамі ад актывістаў раённага камітэта рэспубліканскай грамадскай моладзевай арганізацыі “БРСМ”.

З такім жа таленавітым творчым запалам выступілі і аматары мастацкай самадзейнасці з філіяла “Тракельскі цэнтр культуры і вольнага часу”. Іх гурт “Весялуха” і сапраўды поўнасцю адпавядае сваёй назве, бо песні “Вёсачка мая”, “Юрачка” пакінулі ў сэрцах людзей і весялосць, і па-трэбу ўспрымаць жыццё пазітыўна.

Песня — душа народа. Ніякі іншы жанр народнай творчасці не можа так паказаць разнастайныя фарбы чалавечага жыцця. І выступленне спявачак Міраславы Сінкевіч, Уладзіславы Алюк, Марыі Сенканец, Марыі Юхневіч і Ванды Сосна з Доцішкаў таму яркае сведчанне. Іх дасканалае шматгалосае мілагучнае акапэла зачаравала і ўсхвалявала, бо на сучаснай сцэне так спяваць амаль ужо не ўмеюць і, на вялікі жаль, не хочуць вучыцца. Таму доцішскі вакальны гурт “Вянок”, як узор аўтэнтычнага фальклора, неабходна ва ўсім падтрымліваць і часцей арганізоў-ваць іх канцэрты не толькі ў клубах, але і школах, каб дзеці маглі ганарыцца беларускім песенным багаццем і, можа, самі пажадалі б навучыцца так душэўна спяваць.



Прыемным сюрпрызам для воранаўцаў у той дзень быў і выступ артыстаў-аматараў са Свіслацкага раёна. Народныя і сучасныя эстрадныя песні, байкі і вершы, тэатральныя мініяцюры — усе гэтыя жанры ўспрымаліся лёгка і пад дружныя апладысменты. Найвялікшую ж сімпатыю гледачоў выклікаў народны ансамбль народнай песні і музыкі “Пушчанскія напевы”. Прафесіяналізм адчуваўся адразу і ва ўсім: прыгожыя сцэнічныя касцюмы спявачак, вакальнае майстэрства і ўменне наладзіць кантакт з публікай, якая ў адказ ім шчыра падпявала.



А канцэртную эстафету ад свіслачан тым часам прынялі артысты ансамбля “Рэчанька” з Жырмунаў, хлопцы-малойцы з вакальна-інструментальнага трыа “Штукары” з Канвелішкаў і жаночы вакальны гурт “Вясёлка” з Воранаўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу. Усе гэтыя калектывы ўжо добра вядомы гледачам і як заўсёды парадавалі нас сваёй непаўторнасцю і выканаўчым майстэрствам. З нецярпеннем будзем чакаць новых сустрэч з гэтымі яркімі носьбітамі народнай творчасці і стваральнікамі добрага настрою на нашых жыццёвых сцежках.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: іх песні, бы цудоўных народных мелодый “Вянок”; грэлі, цешылі сэрца “Пушчанскія напевы”;

Б. Чапля, Ю. Кодзіс і В. Адамчык — надзвычай здольныя хлопцы — “Штукары” з Канвелішкаў.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*