Праз вытокі да сучаснікаў. Як сельскі бібліятэкар заахвочвае дзяцей да чытання, займаецца краязнаўствам і ўшаноўвае традыцыі

Общество 01 августа 24 338

Любоў да кнігі ў сэрцы Людмілы Бярцэвіч жыла з дзяцінства.

0W1A5738.JPG

ЛОГО Твае людзі, вёска! цвет.jpg
Кожны куточак нашай любай Гродзеншчыны ўнікальны. Куды ні глянь – усюды свае традыцыі, свая гісторыя, свае людзі. Колькі незвычайных скарбаў захоўвае ў сабе малая радзіма! Дакладней – з цеплынёй і шчырасцю захоўваюць нашы землякі. І пішуць сучасную гісторыю роднага краю. Такія людзі ёсць у кожным раёне, у кожнай гродзенскай вёсачцы. 
З некай асаблівай цеплынёй, з яскравым агеньчыкам у вачах яны апантана працуюць у сельскіх школах, бібліятэках, крамах, калгасах, на ФАПах. І менавіта аб такіх людзях, душой і сэрцам адданых малой радзіме, пойдзе гаворка ў нашым новым праекце “Твае людзі, вёска”. Бо таленты – яны паўсюль! 

Людміла Бярцэвіч з вёскі Нача, што на Воранаўшчыне, больш за 30 гадоў усю сябе аддае працы і людзям. Яе імя ведаюць не толькі ў кожным нацкім доме, але і ў суседніх вёсках. Бо яна – захавальніца вельмі цэннага скарбу – кніг.  Амаль усё жыццё прысвяціла Нацкай сельскай бібліятэцы і… людзям. Не проста чытачам, а менавіта сваім землякам. Людміла Яўгеньеўна не ўяўляе сябе без літаратуры і рукадзелля, без сваіх наведвальнікаў і без даследчай працы. Але аб усім па парадку.

Шлях у прафесію

Любоў да кнігі ў сэрцы Людмілы Бярцэвіч жыла з дзяцінства. У бібліятэцы Людміла магла знаходзіцца гадзінамі – так падабалася чытаць і рабіць для сябе ўсё новыя і новыя адкрыцці. Але мары аб тым, каб стаць бібліятэкарам, у яе, на здзіўленне, не было. Людміла хацела стаць настаўніцай пачатковых класаў – ну вельмі хацелася працаваць з дзецьмі. Але паступіць не атрымалася. У той час да таго ж яшчэ і не стала таты – было прынята рашэнне ісці працаваць, каб дапамагаць маме. І вось тут, напэўна, сваё важкае слова сказаў лёс. На той момант у Радуні (гарпасёлак у дзесяці кіламетрах ад Начы) з’явілася стаўка бібліятэкара. Людміла згадзілася, і тым самым прадвызначыла свой жыццёвы шлях. Гэта было рашэнне, якое назаўсёды звязала яе з цудоўнай прафесіяй, дзе Людміла Бярцэвіч – кажу без перабольшвання – на ўсе сто працэнтаў на сваім месцы.

Праз некоторы час з Радуні Людміла Яўгеньеўна прыехала працаваць бібліятэкарам у Начу. Васямнаццацігадовая дзяўчына, поўная энергіі і цікавых ідэй, яна тут жа ўзялася наводзіць парадкі ў фондах, у памяшканні. Хутка паступіла ў Інстытут культуры ў Мінск, паспяхова яго скончыла. Тут жа, у Начы, абзавялася сям’ёй. Жыццё кіпела, усё ішло сваёй чаргой, і Людміла, якая некалі нават і не ўяўляла сябе бібліятэкарам, з кожным годам усё больш сур’ёзна адчувала: гэта маё. 

Да кожнага знайсці падыход

Сёння кожны жыхар Начы і суседніх вёсак ведае: бібліятэка – гэта не толькі месца, куды можна прыйсці па кнігу ці перыёдыку. Дарослыя прыходзяць сюды, каб адпачыць душой, дзеці, каб пагуляць у цікавыя гульні, паўдзельнічаць у конкурсах, заняцца рукадзеллем. Усю сваю любоў і амаль увесь час Людміла Яўгеньеўна дорыць ім – сваім землякам.

0W1A5604.JPG
– Хтосьці часам недаацэньвае прафесію бібліятэкара. Але ж наколькі яна шматгранная! А колькі намаганняў трэба прыкласці, каб да цябе хацелі ісці людзі! – кажа Людміла Бярцэвіч. – Кожны чалавек – унікальны і патрабуе асаблівых зносін. І да кожнага трэба знайсці падыход, каб не забываў чалавек сцежкі да бібліятэкі, каб прыходзіў сам, прыводзіў сяброў, знаёмых, суседзей. Я стараюся адчуваць людзей, іх настрой, ведаю пажаданні кожнага наведвальніка, ведаю, калі трэба проста падтрымаць, выслухаць, падбадзёрыць. І людзі гэта адчуваюць таксама, цэняць. Да ўсіх – з душой і сэрцам. 

Па словах Людмілы Яўгеньеўны, для таго, каб заахвочваць людзей прыходзіць у бібліятэку, вельмі важна не стаяць на месцы, ісці ў нагу з часам, сачыць за новымі тэхналогіямі. Людзі ж ідуць не толькі за кнігамі. Як жа навучыш тую бабульку карыстацца камп’ютарам, калі папросіць? 

Захавальніца гісторыі роднага краю

Асаблівая любоў Людмілы Бярцэвіч – краязнаўства. Гэтай справай яна займаецца, колькі сябе памятае. А як жа іначай, калі ты жывеш у вёсцы, якая славіцца сваёй цікавай гісторыяй, якая выгадавала выдатных дзеячаў культуры і навукі, дзе кожны куток такі ўнікальны і мілы сэрцу.

Час ідзе, адны пакаленні змяняюць другія, змяняецца знешні выгляд будынкаў і вуліц, якія з’яўляюцца носьбітамі звестак аб далёкіх стагоддзях. Ці будуць ведаць вяскоўцы пра тое, чым і як жыла Нача пяцьдзясят, сто, трыста гадоў таму? Будуць, пакуль ёсць такія нераўнадушныя і адданыя роднай зямлі людзі! Крупінка да крупінкі бібліятэкар збірае краязнаўчы матэрыял, які адлюстроўвае багатую гісторыю вёскі. Нядаўна Людміла Яўгеньеўна заняла першае месца ў ХХХ Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За навацыі ў бібліятэчнай справе”. Гэта самая высокая ўзнагарода ў гісторыі бібліятэкі. 

– Але сабраць матэрыял – гэта адно. Другая справа, як гэта ўсё падаць так, каб было цікава. І тады я вырашыла – раз жывем у век камп’ютарных тэхналогій, дык і стаўку трэба рабіць на гэта! – расказвае Людміла Бярцэвіч. – Нам з калегамі Воранаўскай раённай бібліятэкі  прыйшла ідэя распрацаваць адукацыйную камп’ютарную гульню, а менавіта вэб-квэст “Пяшком у гісторыю”, які набыў папулярнасць менавіта ў малодшага пакалення. Бо каму, як не дзецям, перадаваць памяць і традыцыі?

Аднойчы, па запыце з Мінска, Людміла Яўгеньеўна правяла даследчую працу, дзякуючы якой удалося даведацца, на якіх месцах у даваенныя часы ў вёсцы знаходзіліся дамы яўрэяў. Адзін мужчына далёка з-за мяжы вельмі хацеў вызначыць, дзе менавіта жылі яго продкі. Той хаткі, канешне, даўно няма. І толькі адна мясцовая жанчына сталага ўзросту, як аказалася, памятае яшчэ з дзяцінства аб тым, дзе хто калісьці жыў. 

А яшчэ бібліятэкар па ініцыятыве мясцовага ксяндза занялася вопісам магіл ля касцёла ў Начы. Праца была зроблена вялікая – на некоторых помніках увогуле немагчыма было прачытаць звесткі аб пахаваных, а гэта, у асноўным, мясцовыя ксяндзы, выбітныя землякі. Некоторыя пахаванні датуюцца 1700-мі гадамі! Зараз уся інфармацыя беражліва захоўваецца ў бібліятэцы. 

Гэта, канешне, далёка не ўсе прыклады краязнаўчай працы Людмілы Бярцэвіч. Ёсць на яе вопыце і здымкі відэафільма аб роднай вёсцы “Нача: крокі гісторыі”. Прыкладна дваццаць гадоў таму ён быў створаны разам з неабыякавымі землякамі. Гляджу – і сэрца кранае кожны кадр, кожнае слоўца аб любай сэрцу вёсцы і яе жыхарах. Менавіта так, бо гэта і мая малая радзіма таксама. Месца сілы і натхнення. Як жа хораша, што ёсць такія захавальнікі вытокаў!

Казаць пра свае поспехі Людміла Яўгеньеўна не прывыкла. Бо “гэта не дзеля ўзнагарод, а дзеля памяці, дзеля людзей”. Але і спыняцца на гэтым дарагім сэрцу занятку не збіраецца.

Цэлы свет для дзяцей

Што яшчэ можна сказаць аб гэтай цудоўнай жанчыне – дык гэта аб яе любові да дзяцей. Яе “чытачамі” юныя нацкія жыхары становяцца з першых месяцаў жыцця. Гэта вам не жарты! Прыйшла маладая мама па кнігі – і “бонусам” атрымоўвае яркую кніжачку ці часопіс для свайго дзіцятка. Год, два, пяць – і малыя ўжо самі спяшаюцца ў бібліятэку.

0W1A5580.JPG

А Людміла Яўгеньеўна з вялікім задавальненнем параіць самую цікавую кнігу і заахвоціць вярнуцца сюды зноў і зноў. З дзецьмі яна не толькі чытае. Тут яны і наведваюць кружкі, і займаюцца рукадзеллем, і проста прыходзяць, каб пагуляць, правесці час з любімым бібліятэкарам. А колькі цікавых акцый і мерапрыемстваў для іх арганізоўвае бібліятэкар?! Што ні свята – дзеці разам з Людмілай Яўгеньеўнай спяшаюцца да пажылых чытачоў, каб павіншаваць, падарыць сувенір, зроблены сваімі рукамі. 
Разам з дзецьмі Людміла Яўгеньеўна ходзіць на пікнікі – гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў. А якое шчасце для дзяцей! І ўсё па-сямейнаму шчыра – хтосьці з хаты бярэ кавалачак салка, хтосьці – агародніну, іншыя смакоты. І разам адпачываюць на прыродзе. А за пасядзелкамі – і цікавыя размовы аб гісторыі малой радзімы, і песні, і конкурсы, і гульні,  проста гутаркі аб усім на свеце. Не абыходзяцца без мясцовага бібліятэкара і ў школе. Запрашаюць на мерапрыемствы, часам Людміла Бярцэвіч сама наведвае школьнікаў, праводзіць з імі інтэрактывы, квэсты, прыносіць цікавую літаратуру. Ёсць у іх са школьнікамі адметная традыцыя: штогод вызначаюцца самыя актыўныя чытачы, якім уручаюцца дыпломы і сувеніры. Чым не стымул дзецям завітваць у бібліятэку часцей?

0W1A5589.JPG

– Ведаеце, праца з дзецьмі  –гэта, бадай, самае цікавае і блізкае сэрцу ў маёй прафесіі. Колькі пакаленняў выгадавала ў сваіх сценах наша бібліятэка! Сёння ўжо многія, хто некалі прыходзіў сюды зусім маленькімі, адпраўляюць да мяне сваіх дзетак, – дзеліцца Людміла Бярцэвіч. – Атрымоўваецца, збылася мая юнацкая мара быць настаўніцай пачатковых класаў. І хоць не ў прамым сэнсе, але гэта вельмі цешыць маё сэрца. 

Кнігі “едуць” да чытачоў

Ёсць у спісе паслуг бібліятэкі і такая функцыя, калі кнігі самі “едуць” да чытачоў, якія, мажліва, не заўсёды могуць самі за імі прыйсці. Гаворка ідзе аб суседніх з Начай вёсках. Штомесяц Людміла Яўгеньеўна збірае літаратуру (і тую, што сама прыгледзела, і тую, што заяўляюць чытачы) і развозіць кнігі па вёсачках. А гэта не адзін дзясятак кіламетраў. Вось так вось!

– У самой Начы таксама практыкую падобнае. Часам пачую ад некага, што, можа б, і чыталі, але не заўсёды ёсць час прыйсці, камусьці здароўе не дазваляе – тады бібліятэка ідзе да іх сама. У мяне такіх ужо чалавек з дваццаць па ўсёй вёсцы набралася. Спачатку пачынала з газет і часопісаў – людзям спадабалася, пажылыя пачалі між сабой абмяркоўваць, некаторыя раілі: “Зайдзіце, Людміла, вось у тую хатку, там бабуля хоча пачытаць”. З задавальненнем! І зноў такі – не толькі літаратура патрэбна гэтым людзям. Ім часам хочацца проста пагаварыць, падзяліцца думкамі. 

Да бібліятэкара звяртаюцца і з просьбамі, прапановамі. Нездарма  ў гэтым годзе Людмілу Бярцэвіч абралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Яна добра ведае, што турбуе людзей, на што трэба звярнуць увагу. 

Ёсць і хобі!

Запытаеце, ці хапае ва ўсім гэтым кругазвароце спраў і абавязкаў у Людмілы Бярцэвіч часу на хобі? Так! Прычым захапленнямі яна таксама дзеліцца з вяскоўцамі. У Начы кожны ведае – хочаш навучыцца плесці карзінкі ці вазы з газетных трубачак, тварыць цуды з саломкі, бумагі, бісеру – вам у бібліятэку. Ужо шмат гадоў Людміла Яўгеньеўна займаецца рукадзеллем і заахвочвае да гэтага землякоў – і дзяцей, і дарослых. Калі толькі “пайшла мода” на вырабы з газетных трубачкаў, бібліятэкар адна з першых асвоіла гэтую цікавую справу і пачала вучыць ёй астатніх. Пляла ўся вёска! І да гэтай пары плятуць. Кошыкі, падносы, шкатулкі, нават лялькі – як шмат, аказваецца, можна зрабіць сваімі рукамі. Быў час, калі моладзь любіла плесці з бісеру. Збіраліся ў бібліятэцы вялізнай кампаніяй, дзяўчаты нават бралі з сабой матуль – вось дык справа! Сядзелі часам да ночы – так цікава і спрытна тварыць у кампаніі. 

Ведаюць Людмілу Бярцэвіч і як фларыста. Так-так, любыя кветкі, якія трапляюць у яе ўмелыя рукі, ператвараюцца ў неверагодныя кампазіцыі – люба глянуць! У гэтым занятку жанчына знайшла аддушыну гадоў так з пятнаццаць таму. У асноўным стварае кветкавыя кампазіцыі для ўпрыгожвання мясцовага касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі. 

0W1A5678.JPG

А яшчэ Людміла Бярцэвіч прыгожа спявае і часта ўдзельнічае ў мерапрыемствах і канцэртах, якія спраўляе Нацкі культурна-краязнаўчы цэнтр. І не дзіўна, бо бібліятэка і клуб знаходзяцца ў адным памяшканні. Усё жыццё Людміла Бярцэвіч працавала побач з культарганізатарам Данутай Крэнь. Такі тандэм трэба было знайсці! Здаецца, у кожнага свая справа, свае абавязкі. Але як жа, працуючы адна з другой праз сценку, жанчыны маглі не пасябраваць? Зараз Данута Зыгмундаўна пайшла на заслужаны адпачынак. А разам з ёй – і цэлая эпоха. Сумна. Але радуе, што, абапіраючыся на прафесіяналізм і традыцыі, якія складаліся ў клубе шмат гадоў, справу заслужанага работніка працягвае моладзь.

Напрыканцы гутаркі пытаю ў Людмілы Яўгеньеўны, ці ёсць у яе мара? Засмучалася – дык, якія там мары… жыццё ідзе сваёй чаргой, павырасталі дзеці, грэе сэрца любая прафесія…

– Можа толькі, каб ніколі людзі пра кнігу не забываліся, – кажа Людміла Яўгеньеўна. – Каб працягвалі чытаць, каб яшчэ ахвотней гэта рабілі. Бо пакуль ёсць цікавасць у народа, будзе жыць і бібліятэка. Можа, у нас і не самы  сучасны і адрамантаваны будынак, але ж пакуль ёсць каму прыходзіць, ён будзе стаяць. Заставацца  і навуковым, і культурным, і забаўляльным, і адукацыйным, і краязнаўчым цэнтрам.

Безліч такіх “і” можна дапісваць. Для вёскі, дзе не так шмат мажлівасцей, бібліятэка – гэта проста знаходка! Няхай жа гэта скарбніца традыцый і ведаў разам са сваёй руплівай гаспадынькай яшчэ доўга-доўга існуюць і дораць радасць людзям.

Рэдакцыя “Гродзенскай праўды” запрашае далучыцца да праекта жыхароў усіх раёнаў вобласці. Пішыце нам, тэлефануйце, расказвайце пра людзей, якія заслугоўваюць аказацца на старонках абласнога выдання, і мы абавязкова пра іх напішам!

Тэл:  +375 29 583 35 86. 

Эл.пошта: gp-pravda@grodnonews.by.
Анжэліка КІСЛЯК

Фото:Анжэліка КІСЛЯК

https://grodnonews.by/

Добавление комментария
CAPTCHA
*