Дакрануліся да творчасці Івана Шамякіна

Общество 03 февраля 21 2324
Дакрануліся да творчасці  Івана Шамякіна

У чытальнай зале Воранаўскай раённай бібліятэкі ў мінулую пятніцу сабраліся юныя аматары літаратурнага слова. Да творчасці пісьменніка Івана Шамякіна бібліятэкары далучылі вучняў 9-10 класаў Воранаўскай школы. Знаёмства з самым чытаемым аўтарам Савецкага Саюза — уваходзіў у пяцёрку папулярных пісьменнікаў — было прымеркавана да стагоддзя з дня яго нараджэння.

Спазнаць загадкавую душу творцы вучням дапамаглі бібліятэкары Людміла Бобніс і Рэгіна Скрыдалевіч. Яны не проста пазнаёмілі дзяўчат і хлопцаў з жыццёвым і творчым лёсам Івана Шамякіна, але і паспрабавалі раскрыць яго багаты духоўны свет. Бібліятэкары не маглі не пацікавіцца ў наведвальнікаў, якія творы пісьменніка-юбіляра, апроч школьных праграмных, яны ведаюць. Аказалася, вучаніца 10 «А» класа, удзельніца алімпіяднага руху Дзіяна Місейка з запалам прачытала ўсю пенталогію Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце». Услед бібліёграф Алена Велігор расказала, якія яшчэ кнігі выбітнага аўтара ёсць у раённай бібліятэцы.

Напрыканцы сустрэчы настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Брэйва выказала падзяку бібліятэкарам за цеснае супрацоўніцтва, цікавыя мерапрыемствы, з якіх навучэнцы выносяць шмат карыснага і дзякуючы якім пашыраюць свой кругагляд.

— Сённяшнім мерапры-емствам мы адкрылі новую чытальную залу, — падсумавала дырэктар раённай бібліятэкі Наталія Камінская. — Размясцілася яна ў адным з пакояў былой дзіцячай бібліятэкі. Плануем тут ладзіць творчыя сустрэчы, імпрэзы, праводзіць розныя выставы і інш. Таксама тут будуць адбывацца паседжанні нашых аматарскіх аб’яднанняў: дзіцячага «Непоседы» і для людзей сталага ўзросту «Надзея».

Цікавыя факты жыцця пісьменніка

1091486.jpg

Іван Шамякін жадаў, каб маладая Беларусь паўстала на карце свету паўнавартасна духоўна і эканамічна развітай дзяржавай, каб не страціла свайго працалюбства ў пару танных ліберальных спакус.

► Пачаткова на рускай мове прозвішча «Шамякин» пісалася «Шемякин». Аднак у канцы 1940-х, калі Іван Пятровіч ужо друкаваўся, ён змяніў у дакументах адну літару — з «е» на «а». Лічыў, гэта больш па-беларуску.

► Першую аповесць «Помста» Іван Шамякін напісаў у пераможаным Берліне.

► Апавяданне «У снежнай пустыні» напісаў на старонках руска-фінскага слоўніка, так як падчас службы на Поўначы паперу салдатам выдавалі толькі на лісты.

► Са сваёй жонкай Марыяй Філатаўнай Іван Шамякін пражыў 58 гадоў. Яе рысамі надзяляў амаль усіх сваіх літаратурных гераінь.

► Пенталогія «Трывожнае шчасце» — адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка. І завяршыўся ён ужо на зломе ХХ стагоддзя прачулай аповесцю-рэквіемам «Слаўся, Марыя!», прысвечанай памяці дарагога чалавека, стаў своеасаблівым гімнам беларускай жанчыне.

► Марыя Філатаўна была для пісьменніка і любімай жонкай, і мамай чатырох дзяцей, і музай, і сакратаром. Тры дочкі творцы сталі філолагамі, сын Саша — геолагам.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Добавление комментария
CAPTCHA
*