Каляды ў Забалаці
Калядкі — вясёлыя святкі, бліны ды аладкі! Памятаюць пра гэта ў Забалаці і захоўваюць традыцыі продкаў. Напэўна, таму на свята, падрыхтаванае з дапамогай настаўнікаў, бацькоў нашых вучняў, работнікаў Забалацкага СДК, прыйшло шмат гасцей.
Распачалі мерапрыемства вядучыя Маргарыта Касцюкевіч і Вадзім Юхнік, якія расказалі прысутным, як раней адзначалі Каляды. Аказваецца, да іх рыхтаваліся вельмі адказна. Прыбіралі хату, аздаблялі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падворку. Да Калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. А замест звычайнай у нашыя часы навагодняй яліны у хаты таго часу ўносілі ў першы дзень свята і трымалі да апошняга сноп. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год. На Каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі яе жывых членаў, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі сядуць за стол, калі спадабаецца ім вячэра, абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх справах. Узгадалі і пра калядаванне — адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці.
Затым слова ўзялі члены гуртка “Спадчына”. І распачалося дзейства. Калядоўшчыкі з Казою, Мядзведзем, каляднаю зоркаю і музыкантамі вясёлым гуртам завіталі ў госці. Кожны стараўся павесяліць гаспадароў дома і зычыў здароўя, ураджаю, добрага прыплоду ў хляве. Вельмі пацешылі танцамі Каза з Мядзведзем. Госці заспявалі калядныя песні на польскай і беларускай мовах, развучылі беларускія народныя гульні. Затым завіталі Цыган з Кабылаю і цыганкі. Канешне ж, не абышлося без варажбы. Пасля ўсе разам паглядзелі інсцэніроўку на біблейскую тэму “Цар Ірад”.
На свяце не было месца суму: спявалі вясёлыя песні, частаваліся народнымі стравамі і танцавалі полечку і кракавяк. Мерапрыемства ўдалося на славу! Хочацца выказаць словы падзякі настаўнікам Л.І. Юшэвіч, І.Ю. Шлавенец, Ф.С. Войшніс, загадчыцы Забалацкага СДК В.А. Руселевіч і акампаніятару Ю.І. Ганевічу за дапамогу ў яго арганізацыі.
Валянціна КОЦІК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Забалацкага НПК.
Фота з архіва аўтара.