Пераганцаўскія ўваходзіны

Здаўна нашы продкі святкавалі ўваходзіны. На жаль, сёння аб гэтым абрадзе многія маладыя людзі не ведаюць. А жылля для іх будуецца апошнім часам шмат, асабліва ў аграгарадках. Менавіта для таго, каб маладыя сем’і ведалі традыцыі нашых продкаў, рэжысёр раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Камінская сумесна з працаўнікамі Пераганцаўскага сельскага Дома культуры ды пры дапамозе ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці і працаўнікоў Тракельскага і Навіянкаўскага клубаў, а таксама самаго метадычнага цэнтра правяла паказальны абрад уваходзінаў для тых, хто нядаўна атрымаў ключы ад новенькіх кватэр, — маладых спецыялістаў РУСП саўгас “Воранаўскі”.
Свята пачалося з уручэння сімвалічных ключоў маладым гаспадарам, і ўручыў ім іх намеснік дырэктара саўгаса па ідэалагічнай рабоце Ян Эйсмант. Абрад прыйшоў з далёкіх часоў, і ў сцэнарый мерапрыемства былі ўключаны яго элементы. На сцэне сельскага Дома культуры было арганізавана імправізаванае новае жыллё, былі тут і гаспадар з гаспадыняй, і суседкі, і музыкі.
Хата была і ёсць для чалавека тым месцам, дзе ён праводзіць усё сваё жыццё, калыскай, у якой нараджаецца і расце не адно пакаленне сям’і. I таму з даўніх часоў, выконваючы запаветы сваіх дзядоў і прадзедаў, а таксама зыходзячы з уласных назіранняў за жыццём, чалавек надаваў будаўніцтву новай хаты вельмі важнае значэнне. А асаблівае месца адводзілася абраду ўваходзін у новую хату. Абавязковымі атрыбутамі былі абраз, пакрыты ручніком, зёлкі, асвечаная вада, дзяжа, свечка.
Перад тым, як увайсці ў новую хату, патрэбна першым упусціць ката. Лічыцца, што гэта на шчасце, каб усё нячыстае, што ёсць у хаце, пачапілася на яго хвост ды і знікла. Кожны вугал хаты трэба перахрысціць тры разы свечкай, а потым — абразом. Пасля ўсё гэта паставіць у “красны вугал”. 
Да гаспадароў прыходзяць госці, каб павіншаваць іх з наваселлем, пажадаць ім плёну і дабрабыту ў новай хаце. Для гэтага нярэдка, пераступаючы парог, у хату жменяй кідаюць манеты. Госці нясуць з сабой хлеб, соль, жыта, сала, каўбасы, бліны для ахвяравання духам новай хаты, а таксама, каб гаспадары жылі заможна і ў дастатку, гавораць: «На разжыванне» ці «Каб было з чаго разжывацца». Застолле ж з нагоды наваселля праходзіць, як усякая вечарынка, з песнямі, танцамі, жартамі і добрымі пажаданнямі ў адрас навасёлаў.
Як па нотах разыгралі абрадавае свята самадзейныя артысты: не ўпусцілі ніводной дробязі, зрабілі ўсё так, як рабілі нашы продкі. А маладыя пары, ды і тыя, хто прыйшоў на свята, назіралі за ўсім з задавальненнем і вялікім інтарэсам. Якія ж уваходзіны без падарункаў?! Наваяўленыя гаспадары атрымалі іх і ад артыстаў, і ад саўгаса. Святкаванне завяршыла канцэртная праграма.
На ўваходзінах пабывала
Наталля ІВУЦЬ.
На здымках: ключы ўручае Я. Эйсмант; уваходзіны ў імправізаванай хаце; героі свята — маладыя навасёлы.
Фота аўтара.



Добавление комментария
CAPTCHA
*