«Зорны дождж» прайшоў у Доцішках



Фестываль талентаў пад такой назвай адбыўся ў красавіку ў Доцішскай сярэдняй школе.

Мерапрыемства такога кшталту праходзіла ў нашай школе ўпершыню. Педагогі і вучні назвалі яго святам адкрыццяў і прыемных нечаканасцей. Конкурс цягнуўся больш за дзве гадзіны. Але кожны, хто прысутнічаў у актавай зале, яшчэ раз упэўніўся, што фантазіі і творчасці нашых дзяцей няма межаў.

Усе вучні школы (ад першакласнікаў да выпускнікоў) паказалі нумары, ад якіх гледачы, педагогі і бацькі былі ў захапленні. Песні былі душэўнымі, вершы — пранікнёнымі, танцы — рытмічнымі. Цяжка давялося журы, бо ўсе артысты выступілі выдатна. Аднак конкурс патрабаваў выбраць лепшых, якія атрымалі дыпломы пераможцаў у намінацыях: танец, вакальнае, сцэнічнае і акцёрскае майстэрства, акрабатыка, лепшыя фотаздымак і сэлфі, умелыя рукі, гумар. Усе астатнія былі ўзнагароджаны сертыфікатамі ўдзельнікаў.

У заключным слове дырэктар школы Валянціна Віктараўна Люленка падзякавала канкурсантам, педагогам і бацькам за ўдзел у фестывалі і дапамогу ў яго падрыхтоўцы. Па словах дырэктара, кожнае дзіця таленавітае. Трэба толькі своечасова заўважыць гэты талент і раскрыць яго. Школьнікі, у сваю чаргу, заўважылі: «Пабольш бы такіх цікавых конкурсаў, бо жыццё ў іх рытме цудоўнае!»

Вынікам такой сумеснай працы стала рашэнне зрабіць фестываль традыцыйным. Спадзяемся, што ў наступным годзе на школьны алімп узыдуць новыя зоркі.

Анжаліка Вельб,

намеснік дырэктара па ВР.

Фота з архіва школы.



.



.

Добавление комментария
CAPTCHA
*