Аб слынным земляку


1 снежня 2014 года споўнілася 95 гадоў з дня смерці нашага земляка — ураджэнца вёскі Нача колішняга Лідскага павета Віленскай губерніі Вандаліна Аляксандравіча Шукевіча (1852-1919). Узнікла нагода ўспомніць аб ім публічна, тым больш, што сёлета выдавецтва “Хорвест” (г. Мінск) выпусціла ў серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры” кнігу лідскага даследчыка Лявона Лаўрэша “Вандалін Шукевіч. Беларускі археолаг і краязнаўца”.

Жыццё нашага героя можна аналізаваць у некалькіх іпастасях, а менавіта як археолага, антраполага, этнографа, краязнаўцы, публіцыста і грамадскага дзеяча.

Што тычыцца археалогіі, то, магчыма, найбольш змястоўную характарыстыку В. Шукевіча даў у свой час загадчык аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхась Чарняўскі: “Вандалін Шукевіч з’яўляецца пачынальнікам навуковай археалогіі ў Заходняй Беларусі. Сёння ні адна абагульняючая праца па каменнаму або бронзаваму вяках беларускага ці літоўскага Панямоння не можа абысціся без спасылак на яго даследчыцкую спадчыну”. Многія спецыялісты-сучаснікі і наступнікі  В. Шукевіча падкрэслівалі сістэмнасць яго пошукаў, наватарскія падыходы ў даследаваннях археалагічных знаходак, навуковасць і нават фундаментальнасць большасці яго высноў і абагульненняў. І гэтыя характарыстыкі (заўважым!) тычацца — як казаў пра сябе сам наш герой — аматара або дылетанта. Па аб’ектыўных прычынах Шукевіч не змог у маладосці паступіць і закончыць не тое што вышэйшую, але і сярэднюю спецыяльную ўстанову з ліку існаваўшых у той час у царскай Расіі і за яе межамі.

Цікава, што першым настаўнікам малога Вандаліна і яго сястры Ідаліі быў былы настаўнік дзяцей Нарбутаў у суседніх Шаўрах Уладзіслаў Абакановіч. Здольны паэт і педагог па прызванню вучыў іх граматыцы, каліграфіі, пісьму, пачаткам арыфметыкі, вершаскладанню.

З 14 да 16-ці гадоў Вандалін з сястрой праходзілі навучанне ў Вільні ў былога прафесара батанікі Віленскага ўніверсітэта Юзафа Юндзіла, а маляванню юнак вучыўся ў мастака Вінцэнта Слядзінскага. Наступныя больш чым два гады брат з сястрой правялі ў Варшаве, дзе Вандалін рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт. Вывучаў гісторыю, геаграфію, матэматыку і мовы — нямецкую, французскую, лацінскую і рускую. У вольныя хвіліны наведваў тэатральныя пастаноўкі.

Планам Вандаліна ў Варшаве збыцца не было суджана, бо яго бабуля Ганна паклікала маладога чалавека ў Начу для кіравання маёнткам. Гаспадарчыя справы ўсё ж не маглі засланіць галоўнае — прагі да ведаў! Цытую запіс з дзённіка В. Шукевіча, змешчаны ў кнізе Л. Лаўрэша: “Разбуджаная прага ведаў не давала спакою. Вырашыў вучыцца сам... Шмат чытаў, імкнучыся свае веды прыводзіць у сістэму, паступова павялічваючы агульны далягляд. У той час у мяне прачнулася замілаванне да археалогіі. З маладых гадоў мяне цікавіла мінулае чалавецтва, а самым цікавым прадметам была старажытная гісторыя. Пасля адкрыцця дагістарычных магілак каля Начы мае інтарэсы вызначыліся, я стаў вывучаць археалогію. Вучыўся прама на тых могілках, раскопкі вёў, акуратна, скрупулёзна ўсё запісваючы”.

Геаграфія раскопаў вучонага напачатку была адносна невялікай — грунтовыя і кургановыя пахаванні ля вёсак Пузелі, Нача, Некрашунцы, Апонаўцы, Вераб’і, Вензаўшчына, Тоўцішкі, Забалаць, Дварчаны, Сабакінцы, якія знаходзяцца зараз на тэрыторыі сучасных Воранаўскага ці Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці.

Ён першы з айчынных археолагаў раскапаў дзясяткі курганоў і каменных магіл тыпу жальнікаў XIII - XIV стст. Пазней даследаваў помнікі археалогіі каля Віцебска, Лепеля, Радашковіч, возера Дрысвяты, у Троцкім павеце (суч. Літва).

Шукевіч рабіў якасныя замалёўкі знойдзеных прадметаў. Яму належыць прыярытэт у прымяненні хімічных аналізаў старажытных знаходак. Ён жа прасачыў эвалюцыю пахавальнага абраду ад неаліту да часін існавання Вялікага Княства Літоўскага.

Дакладная пашпартызацыя знойдзенага надала апошняму трывалую навуковую значнасць і была далучана да экспазіцый у музеях Вільні, Варшавы, Кракава, Масквы, Санкт-Пецярбурга, а рэшта склала хатнюю калекцыю даследчыка.

Сабраную інфармацыю В. Шукевіч абагуліў у сваёй працы “Нарысы з дагістарычнай археалогіі Літвы, каменная эпоха ў Віленскай губерніі, частка 1-я” (Вільня, 1901г.).

За два гады да таго з’явілася праца “Каменныя курганы ў Лідскім павеце”. Колькасць жа ўсіх прыкладных прац героя майго артыкула склала больш за сорак.

Амаль усе яны былі надрукаваны на польскай мове. На 41-м годзе жыцця В. Шукевіч прыняў актыўны ўдзел у рабоце IX археалагічнага з’езда, які праходзіў у Вільні.

За шматлікія і яскравыя вынікі вучоны набыў славу і аўтарытэт знаўцы мінулага свайго краю і ў 1901 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам Кракаўскай акадэміі навук, з’яўляўся сябрам Віленскага таварыства сяброў навукі і Варшаўскага краязнаўчага таварыства. Міжнароднай навуковай супольнасцю заслугі нашага земляка незабытыя да гэтага часу. 2002 год у галіне археалогіі быў аб’яўлены ЮНЕСКА годам В. Шукевіча!

Шукевіч вядомы і як аўтар некалькіх прац фальклёрна-этнаграфічнага характару. Найбольш вядомыя з іх — “Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, прадказанні і інш), сабраныя ў Віленскай губерніі”, “Некаторыя вераванні, прымхі і забабоны нашага люду. Легенды і паданні”, “Старажытныя лекавыя сродкі”.

Асветнік з вялікай літары — В. Шукевіч меў грамадзянскую смеласць выступаць у перыядычным друку, напрыклад, у газеце “Kurver Litewski” (“Літоўскі кур’ер”) з дыскусійнымі артыкуламі, з артыкуламі ў абарону нацыянальных рухаў.

У перадваенныя гады Вандалін Аляксандравіч пераязджае з Вільні, дзе пражыў некалькі гадоў у сувязі з неабходнасцю навучання старэйшых дзяцей ад першага і другога шлюбу, у Начу. Тут ён арганізаваў кааператыў і краму, а таксама стварыў земляробчы гурток з ліку вяскоўцаў для павышэння ўзроўню гаспадарання на зямлі.

У сваёй роднай вёсцы ён жа заснаваў валасную раду і быў абраны жыхарамі яе кіраўніком. У 1916-1917гг. у навакольных вёсках і ў самой Начы адкрыў 18 пачатковых школ, забяспечваў іх настаўнікамі, падручнікамі, паперай, алоўкамі.

Немалады ўзрост, няшчасці Першай сусветнай вайны, якія наўпрост і вельмі сур’ёзна закранулі насельніцтва Начы, а таксама смерць другой жонкі Юлі, сястры Ідаліі, уласная хвароба сэрца прывялі да нечаканай смерці самога даследчыка. Пахавалі В. Шукевіча ў сямейнай капліцы-пахавальні на ўзгорку каля Начы побач з бабуляй, бацькамі і другімі роднымі.

Ведаць як мага больш аб нашым земляку, ганарыцца ім, магчы распавесці аб ім гасцям — вось маральны і грамадзянскі абавязак кожнага дарослага жыхара Воранаўшчыны, а тым больш настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў. Кнігі з інфармацыяй пра В. Шукевіча ў бібліятэках раёна, музейныя экспазіцыі ў Радуні і Начы, прысвечаныя яго жыццю і дзейнасці, чакаюць усіх, каму неабыякава гісторыя нашай малой радзімы.

Уладзімір РУЛЬ.

P.S. Па жаданні аўтара ганарар за артыкул будзе

пералічаны на рахунак Г. Бальцюкевіч.
Добавление комментария
CAPTCHA
*