Плённай працы ўраджаем Пагародна сустракала (Фота)

Досуг 24 сентября 17 2770
1C9A6923

Ужо пяты год запар ладзіцца для вяскоўцаў “Пагародзенскі кірмаш”, які стаў брэндам аграгарадка. У нядзелю тэрыторыя мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу ператварылася ў вялікую канцэртна-забаўляльную пляцоўку, дзе працаваў гандаль, гучала музыка, весяліліся дзеці. Асаблівы каларыт месцу дзейства надавала мноства цёплых вераснёўскіх фарбаў: жоўта-карычневая квецень сціплых аксамітак, аранжавая спеласць кавуноў, наліўная прыгажосць яблыкаў, выразная чырвань гроздак каліны, шыпшыны і рабіны. З агародніны, фруктаў, ягад, грыбоў умелымі рукамі работнікаў культуры былі створаны сапраўдныя шэдэўры — букеты, кампазіцыі, казачныя героі, прыгатаваны апетытныя стравы. Усё гэта  было ўпрыгожваннем свята, прыкметай шчодрай ураджайнай восені. На кірмашы можна было пакаштаваць духмянай юшкі і шашлыка, купіць бульбу, зерне новага ўраджаю. Толькі і паспявалі  смажыць мясныя кавалачкі на мангале ды наліваць наварыстую юшку працаўнікі КСУП э/б “Пагародна”! Прысмакі прыйшліся гасцям даспадобы: разышлося  больш за дваццаць кілаграмаў мяса і амаль 80 літраў рыбнага супчыку. Аб галоўных святочных стравах паклапацілася кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства, а творчае аздабленне восеньскага кірмашу рыхтаваў калектыў Пагародзенскага цэнтра культуры. Яно было не толькі музычным. У масах “працавалі” мясцовыя знахаркі Януся і Гануся, каб не даць людзям засумаваць. У ход ішлі і дасціпныя жарты , і “лекавыя” пачастункі. Для гасцей свята спявалі работнікі культуры з усяго раёна: вакальныя гурты “Весялуха” з Тракеляў, “Крынічка” з Доцішкаў, “Пралеска” з Начы, “Поющие сердца” з Пераганцаў, а таксама пагародзенскія выканаўцы. З канцэртнай праграмай заглянулі на кірмаш і суседзі — народны ансамбль народнай песні са Шчучыншчыны “Сябрына”, калектыў Астрынскага цэнтра культуры.

У гэты дзень дыплом удзельніка рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны ” атрымала народны майстар Станіслава Міхна. Яго ўручыла жанчыне Таццяна Цехановіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама . Прывіталі ўдзельнікаў мерапрыемства і старшыня сельвыканкама Вольга Сінельнікава, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце эксперыментальнай базы “Пагародна” Рэната Лазоўская. У святочны дзень на сваю малую радзіму завітала і Надзея Маркевіч, вядучая перадачы “Надзея на сяло” на Гродзенскім тэлебачанні. Землякі былі рады сустрэчы з ёю. Несумненна, з кірмашу атрымаецца цікавы рэпартаж, які ў хуткім часе стане сюжэтам праграмы на канале “Беларусь 4”. Музычны падарунак са сталіцы прывёз спявак беларускай эстрады Сяргей Славянскі. Усе, хто знайшоў час наведаць “Пагародзенскі кірмаш”, адпачылі і атрымалі сапраўдную асалоду і зарад добрага настрою на наступны працоўны тыдзень.

 

 

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

1C9A6924 1C9A6925 1C9A6931 1C9A6940 1C9A6944 1C9A6948 1C9A6950 1C9A6956 1C9A6958 1C9A6960 1C9A6971 1C9A6975 1C9A6977 1C9A6980 1C9A6990 1C9A6991 1C9A6997 1C9A7005 1C9A7009 1C9A7018 1C9A7019 1C9A7032 1C9A7034 1C9A7035 1C9A7039 1C9A7042 1C9A7045 1C9A7051 1C9A7053 1C9A7055 1C9A7061 1C9A7066 1C9A7068 1C9A7080 1C9A7082 1C9A7084 1C9A7090 1C9A7092 1C9A7095 1C9A7097 1C9A7101 1C9A7102 1C9A7105 1C9A7110 1C9A7115 1C9A7116 1C9A7118 1C9A7129 1C9A7136 1C9A7140 1C9A7222 1C9A7227 1C9A7240
Добавление комментария
CAPTCHA
*