Гісторыя аднаго салдата
Пра жыццёвыя перыпетыі Часлава Вікенцьевіча Клімашэўскага, салдата Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн, расказвае яго дачка Ганна Чаславаўна Язукевіч з Начы.
Дзяцінства
Мой бацька нарадзіўся ў Астраханскай губерніі. Чаму так сталася — асобная гісторыя. У час Першай сусветнай вайны, як вядома, многія беларусы падаваліся ў бежанцы. Пакідалі родныя мясціны, уцякалі ад вайны. Мой дзед з сям’ёй таксама адправіўся шукаць лепшай долі і воляю лёсу апынуўся аж на берагах Волгі. На Радзіму вярнуліся, калі майму бацьку было гадкі два. Вярнуліся ранняй вясной, як казаў тата, на “голыя куты”. Голад быў страшны, не маглі дачакацца, калі з’явіцца якое-небудзь зелле, крапіва ці лебяда, каб можна было прыгатаваць якую-ніякую страву. У хуткім часе памерла маці, бацька ажаніўся зноў, і мой тата гадаваўся пры мачасе. Жыццё было цяжкім. Расказваў, што да пяці гадоў нават не хадзіў — настолькі быў паслаблены ад недахопу ежы і неабходных вітамінаў дзіцячы арганізм.
Юнацтва
У Начы працавала польская пачатковая школа, якую і скончыў мой тата. Вучыўся, відаць, нядрэнна, бо памятаю, як мне, напэўна, да класа сёмага, дапамагаў з дамашнім заданнем па матэматыцы.
Паступова жыццё стала наладжвацца, сяляне атрымалі магчымасць купіць кавалачак зямлі і працаваць на ёй. Але гэтага было недастаткова, каб пракарміць сям’ю. Перабіваліся падзаробкамі, тата працаваў у асноўным у лесе. І зарабіў нават на веласіпед з надзімнымі коламі. Каштаваў тады ён вельмі дорага і лічыўся паказчыкам дабрабыту.
У 1937 годзе майго бацьку прызвалі на “службу чынную” (тэрміновую) у Войска Польскае. Першага верасня 1939г. пачалася Другая сусветная вайна. Польская армія была разгромлена, і тата вярнуўся дадому. А 17 верасня Заходняя Беларусь была далучана да астатняй Беларусі, усталявалася савецкая ўлада. Як успаміналі старажылы, у той час у жыхароў гэтай тэрыторыі ярка выражанага патрыятызму не было. Людзі не маглі зразумець, хто для іх “свой”, а хто “чужы”.
Гады вайны
У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны бацька не ваяваў, некаторы час супрацоўнічаў з партызанамі. Аднойчы ён дапамог камандзіру-чырвонаармейцу, які апынуўся на акупіраванай тэрыторыі, зрабіць дакументы, каб той мог бесперашкодна трапіць да сваіх. Але пра гэта даведаліся немцы, і тату арыштавалі. Шчасце, што яму ўдалося збегчы. На жаль, пад арыштам апынуліся яго старэйшы брат і сястра з малым дзіцем. Але іх пасля выпусцілі. Гэты арышт не прайшоў бясследна для татавай сястры. У хуткім часе жанчына і яе сынок памерлі.
Доўгачаканае вызваленне
3 ліпеня 1944 года — знакавая дата для ўсіх беларусаў, а для нашай сям’і — асабліва. У гэты дзень мае бацькі, Часлаў Вікенцьевіч і Вікторыя Канстанцінаўна, сталі мужам і жонкай.
13 ліпеня 1944-га, пасля вызвалення нашай тэрыторыі ад немцаў, была аб’яўлена мабілізацыя, актыўна вялася прапаганда. Мужчын пачалі забіраць у армію. Сярод прызыўнікоў быў і мой тата. У пачатку 1945 года ён — стралок 11 стралковага палка Войска Польскага. Удзельнічаў у баях за вызваленне Польшчы, прымаў удзел у фарсіраванні Одэра, за што пазней атрымаў падзяку ад генерала Войска Польскага. Менавіта з гэтым перыядам звязаны самыя цяжкія, па словах таты, ваенныя ўспаміны. Вельмі многа людзей пры пераправе праз раку загінула ад варожых бамбёжак, абстрэлаў.
Вайну Часлаў Вікенцьевіч скончыў на тэрыторыі Германіі. Дамоў вярнуўся ў кастрычніку 1945-га. Яго сустрэлі жонка і дачушка — у жніўні 1945г. нарадзілася мая сястра Тэадора. І гэта была яе першая сустрэча з бацькам. Можна лічыць, Тэадора — равесніца Вялікай Перамогі.
“Трафеі”
Вяртаўся з Германіі тата з перамогай і… падарункамі. Для мамы — адрэз тканіны, будзільнік-“ходзікі”, для першынца (ён не ведаў, хто нарадзіўся) — кілаграм цукру. На жаль, усё гэта ўкралі на чыгуначнай станцыі. Але добрым падспор’ем у гаспадарцы засталіся так званыя “трафеі”: швейная машына, алюмініевы кубак. Сямейнымі рэліквіямі сталі льняныя ручнікі з вышыўкай, амерыканскі гадзіннік на ланцужку (зроблены ў Бостане) і лыжка. Дарэчы, сталовая прылада была з татам увесь ваенны час, і для нас, дзяцей, а пасля і для яго ўнукаў было ўзнагародай — есці гэтай лыжкай. Зараз яна заняла пачэснае месца ў ваеннай экспазіцыі школьнага музея.
Часлаў Вікенцьевіч узнагароджаны медалём “За победу над Германией” і юбілейным медалём “20 лет победы над Германией».
Пасляваеннае жыццё
Першыя пасляваенныя гады таксама былі нялёгкімі. Доўгі час яшчэ гучалі выстралы, гінулі людзі, бо на нашай тэрыторыі было нямала бандытаў, якія забівалі актывістаў, партыйных работнікаў, рабавалі людзей. Добра памятаю (гэта было ўжо значна пазней), як мае бацькі і суседзі, якія прыходзілі да нас “на вечаркі”, успаміналі і жыццё “за польскім часам”, і гады ваеннага ліхалецця, і трывожны пасляваенны час, і работу ў калгасе за працадні. Яны радаваліся мірнаму жыццю, жылі, будаваліся, працавалі, гадавалі дзяцей і ўнукаў. Такім вось быў лёс не толькі майго бацькі, але і многіх суседзяў, знаёмых, усіх, на чыю долю выпалі цяжкія выпрабаванні.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота аўтара і з архіва Ганны ЯЗУКЕВІЧ.