Вёска! Лета! Драйв! У Пагародне адбыўся дабрачынны фэст
Тыдзень не прайшоў пасля абласнога турыстычнага злёту, а Пагародна зноў гудзе. Так і да прысуджэння аграгарадку статусу моладзевай сталіцы Воранаўшчыны недалёка!
Учора ў пагародзенскім парку адбыўся сапраўдны джэм-сэйшн пад назвай “ВёскаЛетаДрайв”. Адзін з буйнейшых мотаклубаў у Беларусі Devoid of Rights MCC арганізаваў дабрачынны фэст для сбору сродкаў на лячэнне Рыты Юшкевіч з Ліды і Багдана Пукалы з Бярозы.
– Наш мотаклуб у гэтым годзе адзначыў 25-годдзе з дня ўтварэння. І ўсе гэтыя гады наша дзейнасць ідзе поруч з дабрачыннасцю, – расказвае прадстаўнік мотааб’яднання, валанцер па сбору сродкаў для Рыты Юшкевіч Алег Бялоў. – Нашы сэрцы адкрыты і для дапамогі дзеткам з Воранаўшчыны – акцыя “Байкеры – дзецям” таксама праводзіца тут. З падарункамі мы наведвалі школу-інтэрнат, СПЦ, з добрымі справамі былі ў аздараўленчым лагеры “Рамонак”. Дзякуючы падтрымцы мясцовых улад нам удалося зладзіць вось такі дабрачынны фэст. Чаму тут? Бо ў Сінявокай няма куточка, дзе б не жылі чулыя і добразычлівыя людзі. Беларусь – лепшая краіна, беларусы – лепшыя людзі!
Распачалі канцэртную праграму гаспадары – воранаўскія артысты. Пазней далучыліся вядомыя беларускія групы “Дразды” і “КаS”, а таксама каманда BaZinGa з вогненным шоу. У парку шырока разгарнулася таргоўля сувенірамі, але найвялікшыя чэргі сабраліся ля палатак з шашлыком і салодкімі прысмакамі. Людзі адпачывалі на прыродзе, слухалі добрую музыку і адначасова ўдзельнічалі ў добрай справе – многія падыходзілі да скрыняў, каб пакласці сродкі на лячэнне дзетак.
Фолк-рок гучыць у Пагародне
KaS – мужыцкія песні з беларускім каларытам. Гэта праект Аляксандра Віскуна з Мінска. У 2017 годзе музыка-аматар, натхнёны гісторыяй нашай краіны, сабраў вакол сябе калектыў. Сёння КаS – гэта група прафесіяналаў і музыкаў-аматараў. Яны штогод становяцца ўдзельнікамі розных фестываляў і свят, якія пры выхадзе артыстаў на сцэну набываюць новы сэнс.
За час існавання калектыву было напісана больш за 30 песень, адыграна мноства канцэртаў, афіцыйна выпушчаны сінгл "Музей валуноў", альбом "На адным дыханні". У суботні вечар на пагародзенскай сцэне гучалі кампазіцыі «Валацуга», «На адным подыху», «Млын», «Жыві», «Дзякуй» і іншыя. І самы папулярны трэк, на які, дарэчы, выканаўцы знялі кліп, – песня "Ровар". Увасабляючы ў сабе прастату, незвычайнае гучанне, абумоўленае сумленнай матэрыялізацыяй касмічных сігналаў, зараджае бадзёрасцю, дабром, здароўем і добрым настроем, у той жа час прымушае задумацца аб надзённых пытаннях.
Вось гэта па-нашаму!
Хедлайнерам мерапрыемства стала выступленне гурта сапраўды вясковага гурта «Дразды», які прадставіў мілы душы прысутных музычны сэт. У іх кранальных песнях хроніка тых мясцін, дзе прайшло дзяцінства ледзьве не кожнага з нас.
Ну хто не трывожыў спакой мясцовых бабулек рыкам матацыкла "Мінск" , хто не бег басанож, падымаючы пыл, да возера? Ці не любаваўся на буслоў і як спее жыта? Хто не рваў яшчэ зялёныя яблыкі ў садзе і не радаваўся вячэрняй зорцы? Пяшчотай і замілаваннем беларускай вёскай прасякнуты ўсе творы любімага дарослымі і дзецьмі гурта “Дразды”.
А пачыналася ўсё у 2004 годзе. Віталь Карпанаў і Ілля Нямыцька, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, суседзі па пакоі ў інтэрнаце, вырашылі арганізаваць гурт. Адзін граў на балалайцы і пісаў песні, другі валодаў баянам. Вось і аб'ядналі свае творчыя ўменні. І папулярнасць гурт здабывае у няспынных турах менавіта па невялічкіх гарадах і аграгарадках. Вось і пагародненцам пашчасціла! “Не прадаецца хата бацькоў”, «Каханая дзяўчына», «Вёска», «Хачу домоў», «Зорачкі»… І гэта толькі некаторыя з кампазіцый гэтага вечара. Дзякуем, хлопцы, за шчырасць!
Запаліце агеньчык у душах дзяцей
Захапленне і страх! Прыгажосць і небяспека! Гэта толькі крыху апісвае пачуцці гледачоў, якія, затаіўшы дыханне, назіралі за нумарамі фаершчыкаў – артыстаў вогненнага шоў BaZinGa. Імгненне – і ў паветра ўзнімаецца полымя. Ва ўмелых руках прафесіяналаў яно, здаецца, небяспечным, як атрыбут цыркавога артыста. І толькі той, хто гуляе з агнём, ведае, што кожную секунду ён рызыкуе...
Сваім выступленнем фаер-артысты заклікалі прысутных падараваць агеньчык надзеі дзеткам, якім патрэбна дапамога.
Да глыбокай ночы працягваліся гулянні. Старэйшыя людзі, сем’і з дзецьмі пасля вогненнага шоу ішлі дадому, а моладзь толькі шырыла свой круг у Пагародне. Няўжо вясковыя дыскатэкі на Воранаўшчыне маюць шанец на адраджэнне? Час пакажа, але прыклад, як павінна быць, удалы і годны.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.