Воранаўскія культработнікі прынялі ўдзел у рэгіянальным свяце-кірмашы вырабаў рамеснікаў "Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня"
На фэсце Воранаўскі раён быў адказны за адпачынак дзятвы на дзіцячай гульнёвай пляцоўцы. Мастацкі кіраўнік Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці, вядучая і аніматар свята на гэтай пляцоўцы Святлана Салмановіч хутка захапіла малых гульнёй, у якой яны пазнаёміліся з велікоднымі традыцыямі Воранаўшчыны. Дапамагаў ёй у музычным і гукаўзнаўляльным афармленні Андрэй Шадзюль.
На фэсце прадставілі рэплікі строяў народных касцюмаў Прынямоння. Работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці таксама паўдзельнічалі ў дэфеле і пазнаёмілі гродзенцаў і гасцей са строямі воранаўскага краю.
Попытам карысталася выстава аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры раёна. Святкуючыя не толькі цікавіліся вырабамі майстроў, але і пабывалі на майстар-класе па выцінанцы ў майстра народных промыслаў і рамёстваў Галіны Мялько.
За актыўны ўдзел у фэсце Святлана Салмановіч і Галіна Мялько былі ўзнагароджаны дыпломамі.