Тры чвэрці стагоддзя — здабытак гісторыі. На Воранаўшчыне адзначылі 75-ю гадавіну з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці (Фота)
У гэты знакавы для ўсіх жыхароў вобласці юбілей мы, воранаўцы, таксама прызнаёмся роднаму краю ў любові і прысвячаем яму працоўныя дасягненні, свае творчыя поспехі. 75 год не ўзрост, а пара росквіту і развіцця, добрая магчымасць азірнуцца назад, зрабіць высновы і вызначыць для сябе арыенціры на будучыню. У холе Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разгарнулася маштабная экспазіцыя. Тут можна было ўбачыць галоўныя дасягненні народнагаспадарчага комплексу рэгіёна. Побач размясцілася фотавыстава «Воранаўшчына: учора і сёння».
У зале Цэнтра культуры амаль не засталося свабодных месцаў. Сабраліся людзі рознага ўзросту і прафесій. Дзякуючы іх стваральнай і добрасумленнай працы, уменню дасягаць пастаўленых мэтаў рэгіён змяняецца з года ў год, становіцца прыгажэйшым і дынамічна развіваецца. Урачыстае мерапрыемства распачалося сімвалічным аб’яднаннем Прынёмання: сямнаццаць дзяўчат з гербамі раёнаў выйшлі на сцэну і ў адзінай хвалі пакланіліся слаўнай гісторыі Гродзеншчыны.
Сёлета мы адзначылі яшчэ адну важную дату — 75 гадоў вызвалення Беларусі. У нашых сэрцах засталіся боль і памяць аб вайне. І падчас такіх мерапрыемстваў мы не забываем пра тых, хто падараваў нам мір. Карзіну з кветкамі да помніка загінуўшым салдатам і партызанам усклалі ваеннаслужачыя пагранічнай манеўранай групы г.п. Воранава.
Успаміны дзяцінства, сціплы блакіт ільнянога колеру і зычны покліч каляднага гурту вяртаюць нас у думках да малой радзімы. Словы віншаванняў адрасавала прысутным старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч. Мы ганарымся, што Воранаўшчына ў складзе Гродзенскай вобласці, што нашы працавітыя людзі штодзённа ўносяць свой пачэсны ўклад у росквіт роднага краю. І па добрай традыцыі ў святочны дзень узнагародзілі лепшых працаўнікоў розных сфер дзейнасці за шматгадовую працу і высокі прафесіяналізм. Падзякі старшыні Воранаўскага райвыканкама і Падзячнага пісьма раённага Савета дэпутатаў удастоены Яўгенія Дзмітрыеўна Емяльянава, Іван Валяр’янавіч Жук, Таццяна Васільеўна Марынкіна, Вікторыя Аляксандраўна Сямашка, Ала Браніславаўна Леган, Алена Міхайлаўна Сакалоўская, Зыгмунд Адамавіч Жыткевіч, Аляксандра Дзмітрыеўна і Яўгеній Навумавіч Карпянковы, Ядзвіга Аляксандраўна Жук.
Раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь» і раённым аб'яднаннем прафсаюзаў адзначаны калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, якія таксама святкуюць 75-гадовы юбілей. На сцэну запрасілі галоўнага эканаміста Воранаўскай сельгастэхнікі І.Я. Трунц, дырэктара Воранаўскага РУП ЖКГ В.М. Жалудзевіча, дырэктара філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства В.В. Андруконіса, дырэктара ЦБП №403 ААТ «Беларусбанк» у г.п. Воранава Р.Я. Казак, ваеннага камісара ваеннага камісарыята Воранаўскага раёна падпалкоўніка А.Ю. Гайжэўскага, галоўнага рэдактара УРГ «Воранаўская газета» і ПР «Воранаўскі веснік» Т.П. Дудко, начальніка Воранаўскага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.А. Валасевіча.
Віншаванні і падарункі прымалі равеснікі прынёманскага краю. За добрасумленную працу і ў сувязі з 75-годдзем утварэння Гродзенскай вобласці аб'яўлена Падзяка старшыні Воранаўскага райвыканкама і ўручана Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў Мечыславу Іванавічу Авіжычу, Аляксандру Міхайлавічу Васюкову, Леальгіне Францаўне Валасевіч, Ірыне Станіславаўне і Казіміру Адольфавічу Дубіцкім, Вячаславу Канстанцінавічу Мацкевічу, Тамары Мікалаеўне Панкевіч, Марыі Васільеўне Тарасавай, Паўлу Браніслававічу Якаўчыку. Па месцы жыхарства такую ўзнагароду атрымае і Людзміла Лявонцьеўна Чаропка.
Працяг чытайце на старонках «ВГ».