У Воранаўскім раёне 11 жніўня стартаваў Тыдзень культуры “Суквецце талентаў воранаўскага краю”.
Пра мнагаграную творчасць землякоў можна было даведацца з мастацкай выставы “Тут Радзімы маёй пачатак”. Экспазіцыя была прадстаўлена раённым Домам рамёстваў і прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.
— Самабытная і непаўторная культура Воранаўшчыны з’яўляецца той магутнай сілай, якая аб’ядноўвае ўсіх нас і напаўняе сэрцы любоўю да велічнай і прыгожай Радзімы, — шчыра вітала воранаўцаў дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Воранаўская раённая бібліятэка”, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Таццяна Сушынская. — Мы ганарымся дасягненнямі нашых літаратараў, мастакоў і артыстаў, усіх тых, хто сваім талентам і майстэрствам уносіць важкі ўклад у задавальненне духоўных патрэб грамадства. Менавіта работнікі культуры сеюць зерне культурнай спадчыны, якое ўсходзіць і дае незабыўныя ўражанні… Паважаныя сябры, запрашаем вас наведаць нашы мерапрыемствы, якія будуць ладзіцца на працягу Тыдня культуры. Моцнага здароўя і добрага настрою вам!
Цёплыя пажаданні, сучасныя песні падарылі жыхарам райцэнтра артысты Карэлічскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алеся Глацько, Наталля Шпакоўская, Рыта Яроцкая і Арсен Айкян. Гледачы не толькі слухалі салістаў, але і падпявалі ім і з задавальненнем танцавалі…
Вікенцій ЯКОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.