Воранаўцаў чакае сустрэча з Благадатным Агнём ад гроба Гасподня з Іерусаліма
На сустрэчу-канферэнцыю сабраліся намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый па ідэалагічнай рабоце, настаўнікі, бібліятэкары і ветэраны працы Воранаўшчыны. Пра гістарычную і сённяшнюю значнасць экспедыцыі расказаў яе кіраўнік — навуковы супрацонік НАН Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі.
З вялікай цікавасцю, у прыватнасці, пра Благадатны Агонь ад гроба Гасподня з Іерусаліма, слухалі прысутныя айца Аляксандра, настаяцеля праваслаўнай царквы вёскі Калода Барысаўскага раёна. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка расказала аб музеях нашай краіны. Фрагменты ўжо прайшоўшых экспедыцый па гарадах і вёсках Беларусі прадставіў у сваіх здымках фотамастак Аляксандр Лабада. Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Ігар Шаладонаў пазнаёміў сабраўшыхся з тэндэнцыямі ў сучаснай літаратуры, на развіццё якой значны ўплыў аказалі беларускія класікі
Я. Купала і Я. Колас, першадрукар Фрацыск Скарына і многія іншыя слынныя паэты і празаікі краіны.
Удзячныя апладысменты ўдзельнікаў канферэнцыі гучалі падчас выступлення паэта і журналіста Зміцера Арцюха. Яго вершы пра духоўнае багацце, сэнс чалавечага жыцця на зямлі, пра каханне настолькі былі пранікнёнымі, што і нашы воранаўскія паэты Міхаіл Забалотны і Ірына Макарчык прачыталі свае вершы.
Затым у райвыканкаме арганізатары экспедыцыі сустрэліся з кіраўніцтвам раёна і абмеркавалі план правядзення мерапрыемства. Удзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” прыбудуць раніцай 30 жніўня ў Радунь, а вечарам таго ж дня наведаюць і Воранава.
Вікенцій ЯКОВІЧ.
Фота Наталлі ІВУЦЬ.