У санктуарыі Каралевы нашых сем'яў у Тракелях адбылося свята для дзяцей
У санктуарыі Каралевы нашых сем'яў у Тракелях у другі раз у гісторыі Гродзенскага касцёла на Беларусі адбылося свята для дзяцей, якія ўпершыню сустрэліся з Ісусам у Эўхарыстыі. Сімвалічна, што сустрэча адбылася ў першыя дні чэрвеня, калі адзначаецца Сусветны дзень абароны дзяцей.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел паўтысячы дзяцей з розных дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі. Белыя ўбранні, светлыя твары і цудоўны настрой! Дзеці прыехалі да Марыі , каб падзякаваць за атрыманыя сакрамэнты паяднання і Эўхарыстыі.
Кульмінацыяй свята стала святая імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Ён уступіў у дыялог з дзецьмі і разважаў разам з імі пра веру.
Пасля Эўхарыстыі дзяцей чакала яшчэ шмат цікавага. Артысты прыхода Святой Сям'і з Ліды прадставілі запамінальную тэатральную пастаноўку аб аб'яўленнях Маці Божай маленькай 14-гадовай дзяўчынцы Бернадэце Субіру. Для дзяцей таксама працавалі аніматары з Гродна, Ліды і Воранава.
Пэўна, такі адпачынак з Богам дапаможа дзецям ва ўзмацненні веры, якая будзе мацаваць іх у вучобе, кожнадзённых справах.