Свята сям’і і міласэрнасці

Дарагія браты і сёстры, жыхары воранаўскага краю!
Нараджэнне Ісуса — гэта таямніца ўцелаўлення Сына Божага. Так Бог запрашае нас адчуць Яго міласэрнасць да чалавецтва, яднаецца з намі, даючы ласку збаўлення.
Каляды — гэта свята, напоўненае радасцю, бо Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, аб’явіў сваю любоў да кожнага. І гэта адбылося ў сям’і, дзе Марыя стала Маці Божай, а Юзаф — апекуном. Менавіта ў сямейным асяроддзі “Ісус узрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і людзей”. (Лк. 2:52). Таму нараджэнне Пана — свята кожнай сям’і, дабра, міру і час адносін, поўных любові і павагі.
Няхай святкаванне Раства аднаўляе ў нас Божыя дары, умацоўваючы ў веры, надзеі і любові для плённага служэння Хрысту і Айчыне.
Ад імя духавенства Воранаўшчыны радаснага, мірнага, поўнага надзеі свята Раства і шчаслівага Новага года жадае ўсім Станіслаў Лабан, дэкан Радунскага дэканата, ксёндз-канонік, настаяцель касцёла Яна Хрысціцеля ў Беняконях.
