Стравы згатавалі — землякоў пачаставалі. Свята кулінараў у мінулую нядзелю зладзілі ў Забалаці.

На забалацкай зямлі так павялося спакон: калі працаваць — то шчыра, аддана, калі адпачываць — то ад душы. Вось і паспяшаліся землякі ў выхадны дзень на пляц ля мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу, дзе работнікі культуры раёна зладзілі для іх кулінарны фэст-конкурс. А лепшыя павары Воранаўшчыны прадставілі свае фірменныя стравы, ды ў візітоўцы хораша ды складна прэзентавалі сябе.




Спраўнымі аказаліся і мясцовыя гаспадыні, якія прышыкавалі на свята свае дэсерты. Прыгожае і духмянае печыва атрымалася ў Веранікі Вількевіч, Таццяны Стрылюк, Тамары Ганевіч з Забалаці і Святланы Шылін з Казлянаў.

Настолькі ўсе стравы ў гэты дзень прйшліся даспадобы, што журы не прызнала пераможцу, а прыезджых і мясцовых кулінараў узнагародзіла дыпломамі і падарункамі ад сельгаспрадпрыемства “Гіркі”.
Пачастункаў на свяце ўвогуле было ўдосталь. Вялікі лаваш згатавалі работнікі культуры раёна. Салдацкую кашу і салодкую гарбату прапаноўвалі ваеннаслужачыя пагранічнай заставы “Забалаць”. А якое раздолле было на падворку аграсядзібы “Ё-маё”! Ганна, Артур і Аксана Кукліс частавалі землякоў духмянай юшкай, смачным пловам, шашлыкамі ды чабурэкамі. Добра было сагрэцца гарачай стравай у халодны кастрычніцкі дзень.


Падсілкаваліся? Можна было і патанцаваць пад рытмічныя песні артыстаў Воранаўшчыны і гасцей свята — гурта “Гулянка”, выступленне якога падаравала землякам кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі.


Доўга лілася музыка на ўсю ваколіцу. Хораша адпачывалі вяскоўцы, каб з добрым настроем пачаць новы працоўны тыдзень.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота з архіва РЦКіНТ.
