“Гісторыя ў вежах спачывае”: сімвал шчырай веры

История 09 апреля 23 4845

5.JPG

Гісторыя касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці ўнікальная. Не толькі таму што звязана са знакамітымі родамі Нарбутаў і Тышкевічаў, а яшчэ і па той прычыне, што святыня захавалася для наступных пакаленняў дзякуючы намаганням прыхаджан. Сіла іх веры дапамагала адстойваць свой божы дом у цяжкія часы, а таксама зберагчы яго каштоўнасць — званы. Дарэчы, маці-зямля вярнула іх вернікам праз сем дзесяцігоддзяў. Сімвалічна, у Год роднай зямлі.

Сімбіёз стыляў

Забалацкі парафіяльны касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Адносіцца да помнікаў архітэктуры эпохі класіцызму, аднак ва ўнутраным ўбранстве прасочваюцца элементы гатычнага і раманскага стыляў.

9.jpg

Забалацкі касцёл, 1931 год

Дакладна

Каталіцкая супольнасць на Забалаччыне заснавана ў 1601 годзе. Першы касцёл у Забалаці быў драўляны і пабудаваны ў 1622 годзе на сродкі, выдзеленыя сям’ёй Войцеха Нарбута. Адным з абавязкаў мясцовага ксяндза было адпраўленне адзін раз на тыдзень святой імшы за дабрадзеяў.

У 1803 годзе быў заснаваны прыход, у гэтым жа годзе граф Людвіг Тышкевіч і яго жонка Канстанцыя з роду князёў Панятоўскіх-Тышкевічаў ініцыіравалі будаўніцтва мураванага касцёла на месцы папярэдняга. Праз дзевяць гадоў, у 1812-м, ён быў урачыста асвечаны пад назвай Найсвяцейшай Тройцы.

У 1865 годзе пры касцёле дзейнічала пачатковая школа для дзяцей каталіцкіх вернікаў. Арганісты касцёла вучылі іх чытаць, пісаць і лічыць. Існаваў тут і прыхадскі шпіталь.

1.jpg
Малюнак касцёла, зроблены ў 1943 годзе невядомым аўтарам.

Святой Тройцы ці Петрапаўлаўскі?

Некаторыя пісьмовыя крыніцы згадваюць забалацкую святыню пад назвай Петрапаўлаўскі касцёл. Звязана гэта з тагачаснай канструкцыяй галоўнага алтара — у пачатку XX ст. у цэнтры яго знаходзіўся абраз Прасвятой Дзевы Марыі Астрабрамскай у пазалочанай рамцы, па абодвух баках якога былі размешчаны выявы святых Пятра і Паўла. Яны не захаваліся да нашых дзён. Таму многія памылкова лічылі касцёл Петрапаўлаўскім.

1C9A2098.JPG

З богам у душы

На працягу двух стагоддзяў касцёл перажыў многае. Яму пагражала знішчэнне, але вернікі яго заўсёды баранілі.

Старэйшыя парафіяне сведчаць, што ў канцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя мясцовыя ўлады збіраліся прыстасаваць святыню пад зернясховішча. Усё касцельнае ўбранства павінна было быць вывезена, спалена ці разбіта. Выканаць загад павінны былі салдаты, якія знаходзіліся ў той час на тэрыторыі прыхода. Забараніў гэта мясцовы міліцы-янер Фёдар Заярны, які не пабаяўся зрабіць гэта адкрыта. Акрамя таго, людзі суткамі дзяжурылі ў святыні. Яна ўцалела. Пазней у касцёле планавалі адкрыць спартыўную залу, паколькі непадалёку размяшчалася школа. Прыхаджане не дапусцілі і гэтага.   

1C9A2107.JPG                  

І словам, і справай

За ўвесь час існавання касцёла ў ім працавала 40 ксяндзоў.

Аднак 20 гадоў — з 1959 года па 1979-ты — святара тут не было. Для вернікаў гэта былі цяжкія часы. Але католікі даглядалі святыню, кожную нядзелю збіраліся на супольную малітву. Увесь гэты час яны імкнуліся атрымаць свайго душпастара — пісалі лісты са шматлікімі подпісамі, ездзілі ў адпаведныя інстанцыі ў Мінск і Маскву.

У 1980 годзе для абслугоў-вання прыхода ў Забалаць урэшце быў прысланы ксёндз — Антон Банькоўскі з Асавы. Рэлігійнае жыццё пачало адраджацца, сталі рэгулярна праводзіцца богаслужэнні.

8.jpg

Ксёндз Ян Пецюн з мясцовай моладдзю


З 1986 года духоўным пастарам касцёла стаў выпускнік Рыжскай семінарыі Ян Пяцюн. Ён многае зрабіў для захавання святыні, далучэння да веры дзяцей і моладзі. Падчас яго пастарства сем юнакоў прыхода прадоўжылі шлях свайго духоўнага настаўніка — прысвяцілі жыццё Богу. Пад кіраўніцтвам Яна Пецюна быў праведзены капітальны рамонт святыні: заменена падлога, рэстаўрыраваны ўсе абразы, выявы святых Пятра і Паўла, галоўны алтар з балкончыкамі і спавядальнямі, заменена аконная мазаіка. Зрабіў ксёндз і рэстаўрацыю касцельнага аргана: замяніў механіку, мяхі.

З 2001 года і па сённяшні дзень працуе тут ксёндз-канонік, дзекан Радунскага дэканата Генрык Яблонскі. Пад яго кіраўніцтвам добраўпарадкавана тэрыторыя касцёла, праведзены ўнутраныя рамонтныя работы, памяшканне пераведзена на электраацяпленне. Урачысты і велічны выгляд набыло ўнутранае ўбранства пасля дэкарыравання сусальным золатам. Нядаўна вярнуўся з рэстаўрацыі галоўны абраз Найсвяцейшай Тройцы.

3.JPG

Ксёндз-канонік Генрык Яблонскі


На восьмы год пастарства ксяндза Генрыка выпала знакавая падзея — былі знойдзены касцельныя званы, якія маці-зямля ашчадна захоўвала больш за 70 гадоў, а вярнула акурат напярэдадні Вялікадня.

Генрык Яблонскі:

— Напрацягу многіх гадоў Забалацкі прыход мацуецца вераю хрысціян. У далёкія часы яны шанавалі божае слова, жывуць з ім і сёння. Няхай так будзе і надалей, каб захоўваліся і перадаваліся духоўныя традыцыі, а наша святыня, выпрабаваная часам і цяжкасцямі, аб’ядноўвала вакол намоленых абразоў наступныя пакаленні беларусаў.

Адшуканне званоў — добры знак

10.JPG

У 2009 годзе падчас планавых земляных работ каля мясцовай бальніцы былі выкапаны чатыры званы. Тыя самыя, што былі перададзены касцёлу з капліцы ў Варонічах, якую знішчыў пажар у 1888 годзе. Тры з іх датаваны 1817, 1823, 1837 гадамі, на чацвёртым надпіс адсутнічае. Пакуль яшчэ не знойдзены самы вялікі з іх — “Людвіг”, які важыў каля тоны. Назву атрымаў ад прызначэння — звон “людовы”, бо званіў падчас абрада пахавання. Званы мясцовыя жыхары схавалі па просьбе ксяндза ў канцы 1930-х гадоў. Закапвалі ноччу. З цягам часу сведкаў гэтага “пахавання” не засталося, але каштоўнасці, калі прыйшоў час, нагадалі аб сабе. Для брыгады воранаўскіх меліяратараў знаходка стала нечаканасцю, а для жыхароў Забалаччыны — сапраўдным цудам.

Цяпер званы змешчаны ў спецыяльна зробленай званіцы на тэрыторыі касцёла. І ўжо новыя пакаленні прыхаджан чуюць іх звон, які напаўняе сэрцы ўзнёслай прыгажосцю гукаў.

1C9A2199.JPG

Подых часу ў старадаўніх рэчах

Нягледзячы на тое, што касцёл перажыў цяжкія часы, ён захаваў сваю архітэктуру. Своеасаблівая атмасфера адчуваецца з першых хвілін знаходжання тут. Прыгажосць яму надаюць тры алтары. У цэнтры галоўнага — абраз Найсвяцейшай Тройцы з выявай Бога-Айца ў выглядзе старца з кіем, дарослага Хрыста з крыжам і Духа Святога ў выглядзе голуба над імі. У бакавых алтарах змешчаны абразы Маці Божай Астрабрамскай і святых Яўхіма і Ганны з фігурай Ісуса.

1C9A2111.JPG

1C9A2119.JPG

1C9A2122.JPG

Сапраўдная каштоўнасць — 14 керамічных стацый Крыжовага шляху, якім больш за 100 гадоў! Амаль іх равеснік — дзевяцігалосы арган з нажною клавіятурай, які размяшчаецца на хорах. Праўда, для богаслужэнняў ён зараз не выкары-стоўваецца.

6.JPG

Падчас наведвання касцёла журналістам пашанцавала літаральна дакрануцца да гісторыі і адчуць подых часу. У Генрыка Яблонскага захоўваюцца рукапісныя метрычныя кнігі, якія вяліся яшчэ ў былым драўляным касцёле. Большасць з іх — на лацінскай мове. Адной з іх больш за 240 год! А колькі імён і прозвішчаў тут значыцца! І за кожным запісам, выведзеным акуратным почыркам, — свая жыццёвая дарога. Напрыклад, рускамоўную кнігу 1901-1905 гадоў адкрывае рэгістрацыя нараджэння хлопчыка Адольфа ў сям’і Івана і Ружы-Антаніны Чарнушкевіч з вёскі Валэйшы. Магчыма, у акрузе і сёння жывуць яго дзеці, унукі і праўнукі…

1C9A2156.JPG

1C9A2165.JPG

1C9A2152.JPG

1C9A2190.JPG

Часцінка Забалаці жыве ў музеі

У Забалацкім касцёле некаторы час захоўваліся творы народнай скульптуры — восем драўляных фігурак, сярод якіх былі выявы архістратыга Міхаіла, Веранікі, апостала Пятра, Іосіфа з дзіцём, Юрыя Пераможцы. Паколькі прызначаліся яны для прыдарожных крыжоў, то знаходзіліся ў невялікіх хатках-кіётах. Гэтыя творы былі падараны касцёлу ў 1973 годзе старшынёй касцельнага савета Ядзвігай Кулікоўскай па загаду міністра культуры БССР. Сёння калекцыя драўляных скульптур знаходзіцца ў экспазіцыі Музея беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах.

Напісанае застанецца

22.JPG

Багатая гісторыя Забалацкага касцёла занатавана і захоўваецца ў этнаграфічным музеі мясцовай школы “Спадчына” дзякуючы яго кіраўніку, настаўніцы-краязнаўцы Забалацкай школы імя Я.Н. Карпянкова Фаіне Войшніс. З 2008 года ў цесным тандэме з настаўніцай гісторыі Ліліяй Мар’янскай і вучнямі яны па крупінках збіралі неабходную інфармацыю. Была праведзена вялікая работа: вывучаліся архіўныя касцельныя дакументы, нарматыўна-прававыя акты, даведачная літаратура, дакументальныя фільмы, ладзіліся сустрэчы са старажыламі прыхода і святарамі. Усе здабытыя звесткі і фотаздымкі ляглі ў аснову відэапрэзентацый, вучнёўскіх даследчых работ, якія неаднаразова займалі прызавыя месцы на абласных конкурсах і канферэнцыях. Шчыры дзякуй творчай камандзе за тое, што яна садзейнічае захаванню духоўна-гістарычнай спадчыны малой радзімы і за тое, што падзялілася з карэспандэнтамі карыснымі матэрыяламі.

Словы ўдзячнасці — ксяндзам Генрыку Яблонскаму і Яну Пецюну за прадастаўленую інфармацыю пры падрыхтоўцы артыкула.

1C9A2114.JPG

1C9A2131.JPG

DJI_0002.JPG

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА і з архіва музея “Спадчына” Забалацкай СШ імя Я.Н. Карпянкова.

Добавление комментария
CAPTCHA
*