Скарбніцы ведаў у Тракелях 75 год!

26 февраля 24 376

YEvMicCUqlo.jpg
У жыцці бібліятэкі, як і ў жыцці чалавека, ёсць маленькія і вялікія падзеі і даты. 22 лютага свае75 год адзначыў філіял “Тракельская сельская бібліятэка”.

Свой пачатак яна бярэ з 1949 года, калі ў Тракелях пачалі працаваць бібліятэка і клуб. З 1960г. загадчыкам і бібліятэчнай, і клубнай работы была Ганна Аляксандраўна Панушкіна.

Паколькі раней многа чыталі не толькі школьнікі, але і інтэлігенцыя, і мясцовыя жыхары, то найбольш вядомыя кнігі сярод чытачоў карысталіся павышаным спросам — на іх нават была чарга. З удзячнасцю і павагай Ганна Аляксандраўна ўспамінае свайго мужа Аляксандра Антонавіча, які быў ёй першым памочнікам і апорай у справе культурнага развіцця насельніцтва. На базе Тракельскай бібліятэкі неаднаразова праводзіліся семінары, дзе пераймалі вопыт работы маладыя бібліятэкары. Усё рабілася дзеля таго, каб людзі хадзілі ў бібліятэку, былі зацікаўлены кнігай, ды і сваім культурным развіццём.

У 1987г. загадчыкам бібліятэкі стала Крысціна Уладзіславаўна Кандыба. Жанчына таксама працавала сумленна: праводзіла розныя мерапрыемствы, арганізоўвала выставы, удзельнічала ў конкурсах. Да 2003 года бібліятэка знаходзілася на тэрыторыі касцёла ў плебаніі, пасля змяніла месца жыхарства — пераехала на вуліцуЛугавую, 5. З 2008г. і па сённяшні дзень скарбніца ведаў функцыянуе ў будынку, дзе шмат год па-суседску знаходзіўся дзіцячы садок.

Ішлі гады, мяняліся людзі. Кожны бібліятэкар, які працаваў у яе сценах, пакідаў у ёй часцінку сваёй душы. З 2012 па 2013гг. Гэта была Вераніка Грынюк, з 2013 па 2020гг. — Марына Дайлідка, з верасня 2021 па 2022гг. — Яўгенія Тараховіч, з сакавіка па кастрычнік 2022г. — Марыя Цыбульская.

DHGmni8fB7o.jpg

vMBJyrxbRNI.jpg

Цяпер філіялам загадвае Часлава Гваздоўская. Сёння бібліятэка абслугоўвае больш за 250 розных па ўзросту, інтарэсах, чытацкіх перавагах чытачоў. Штогод у ёй праводзяцца звыш 60-ці мерапрыемстваў забаўляльнага і асветніцкага характару. Фонд бібліятэкі складае амаль 7,6 тысячы экзэмпляраў дакументаў: кніг, часопісаў, газет, электронных дакументаў. Асвойваючы новыя інфармацыйныя тэхналогіі бібліятэка ўпэўнена рухаецца ў будучыню. Захоўваючы пры гэтым найлепшыя традыцыі папулярызацыі кніг і чытання сярод мясцовага насельніцтва.

Вось і мінула 75 год з моманту заснавання і штодзённай працы дому кнігі. Гэта практычна цэлае чалавечае жыццё. І вельмі важна не страціць, але і захаваць пачуццё павагі і цікаўнасці да цудоўнага свету пазнання, якім і з’яўляецца бібліятэка. Бо зразумела, што ўсе гэтыя гады яна працуе для самага галоўнага для яе чалавека — для чытача.

vhRExjkYD_Y.jpg

Кацярына ЯНКОВІЧ,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Фота з архіву бібліятэкі.

Добавление комментария
CAPTCHA
*