Школьнікі Воранаўшчыны прымкнулі да дзяржаўнай справы
Валанцёры Паляцкішскай школы далучыліся да рэспубліканскай грамадскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”
Атрад у колькасці дзевяці чалавек працаваў на тэрыторыі Воранаўскага лясніцтва. Валанцёры былі забяспечаны неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам. Юнакі Эрык Дзюк і Максім Серафімка разам з лесніком Андрэем Вашкевічам рабілі лункі ў загадзя падрыхтаваных разорах, за імі ішлі хлопчыкі і дзяўчынкі і высаджвалі саджанцы ў грунт.
Падчас працоўнага дэсанту навучэнцы ўнеслі асабісты ўклад у прымнажэнне лясоў. Былі высаджаны звыш 2 500 саджанцаў соснаў і бярозак. Справа ўсім прыйшлася даспадобы. Словы падзякі валанцёрам выказаў ляснік Андрэй Вашкевіч.
Пройдзе некалькі дзясяткаў гадоў і маладзенькія саджанцы стануць магутнымі дрэвамі і будуць радаваць сваімі прыгожымі кронамі кожнага, хто завітае ў гэты лес.
Толькі шчырымі намаганнямі чалавека ствараюцца і захоўваюцца лясы ў нашай краіне.
Іван ГАБІС,
настаўнік Паляцкішскай базавай школы.