Шчасця, долі ды хлеба ўволю. Жадалі работнікі культуры землякам на свяце хлеба ў Беняконях
Брэндавае мерапрыемства сабрала на пляцы ля мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу аднавяскоўцаў нездарма — напрыканцы жніўня шанавалі тых, дзякуючы каму на нашых сталах ёсць духмяны бохан хлеба. Цёплыя шчырыя словы падзякі адрасавалі старшыні сельгаспрадпрыемства “Эліт-Агра Больцінікі” Юзафу Сурканту, лепшым камбайнерам Дзмітрыю Лешчуку, Станіславу Сініцкаму, Аляксандру Русаку, Івану Дзюку, Юзафу Мазалю, Віталію Картановічу, Чаславу Картановічу, Станіславу Сцефановічу, Генадзю Тубелевічу, Юрыю Квеценю, Руслану Мазалю, Алегу Барташэвічу і іншым удзельнікам жніва.
— У нашым жыцці ёсць тры святыя рэчы — Радзіма, бацькі і хлеб. Няхай нашы нівы заўжды калосяцца, радуЮць вяскоўцаў ураджаем, а рукі хлебаробаў маюць пашану ў землякоў! — пажадалі працаўнікам сельскай гаспадаркі госці свята — старшыня сельвыканкама Тадэвуш Тупко і галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Алена Барбаровіч.
Да месца было заўважана вядучымі, што свята хлеба — гэта і свята млынароў. У Беняконях млын з’явіўся ў 1900 годзе. Яго пабудаваў шляхціч Галімонт. У пасляваенныя часы шмат год працаваў тут Казімір Пільжыс. Яго нашчадкі — дачка, былая медсястра Галіна Улевіч, унучка, настаўніца мясцовай школы Ганна і праўнучка, будучы ўрач Ксенія Роўба — не проста прыйшлі на фэст, але і прынеслі здымкі з сямейнага альбома.
Канешне ж, самае пачэснае месца было адведзена хлебу. Водар здобы і толькі што выпечанага майстрыцай Галінай Жых хлеба прыцягваў вяскоўцаў — вырабы хутка знікалі з прылаўка. Паласаваліся жыхары Беняконяў і караваямі лепшых гаспадынь Воранаўшчыны — Ніны Івашэвіч, Надзеі Лісоўскай, Алены Булаўкі і Яніны Сцефановіч.
Фэст набіраў моц. Дзятва не сыходзіла з батутаў. Музыка лілася на ўсё наваколле, каб у рэшце рэшт запрасіць усіх на дыскатэку.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.