Сёлета Бастунская інтэграваная сельская бібліятэка адзначае 65-годдзе з дня заснавання.
Сваю гісторыю бібліятэка пачынае з далёкага 1954 года. Праўда, тады яна размяшчалася ў вёсцы Занюны — цэнтры былога калгаса імя Шверніка. Узначальвала яе Лідзія Гузава. Пад бібліятэку быў выдзелены невялікі пакой. Кніжны фонд у асноўным складалі літаратура па сельскай гаспадарцы і творы класікаў марксізму-ленінізму. У зону абслугоўвання ўваходзілі шэсць вёсак — Сакалы, Пецюны, Падваранцы, Бярэзна, Балотнікі, Бастуны. Паслугамі бібліятэкі карысталіся 120 чалавек. У 1959 годзе было вырашана закрыць яе і перавесці ў Бастуны.
З таго часу бібліятэка не аднойчы змяняла свой адрас. Паступова павялічваўся яе фонд, шырыўся круг чытачоў, развівалася масавая, бібліяграфічная і інфармацыйная работа. З 1967 па 1985гг. яе загадчыкамі былі неабыякавыя, вопытныя, з адкрытай душой бібліятэкары. Гэта Надзея Адаміцкая, Сабіна Залога, Таццяна Красоўская, Валянціна Мельнікава, Лідзія Падзянкова і Рэгіна Боланзь. Пік папулярнасці бібліятэкі прыйшоўся на пачатак 80-х гадоў — яе наведвалі 670 чытальнікаў. Дзевяноста з іх — дзеці.
З 1985 года загадчыцай бібліятэкі стала аўтар гэтых радкоў. Увесь час знаходжуся ў пошуку цікавых форм працы з землякамі, новых ідэй. Прыемна, што мая праца была высока ацэнена. У 2004 годзе стала лаўрэатам прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко ў намінацыі “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”.
У 2013 годзе наша бібліятэка змяніла статус на інтэграваную сельскую. Аднак ад гэтага яна не праіграла. Праз тры гады па выніках рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” атрымала дыплом ІІ ступені.
Сёння фонд бібліятэкі налічвае больш за 14 000 адзінак. Яна абслугоўвае 450 чытачоў, з іх — 50 дзяцей школьнага ўзросту. Прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці з’яўляюцца духоўна-маральнае, экалагічнае, прававое выхаванне, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця. Тут мясцовыя жыхары з задавальненнем праводзяць вольны час. Даспадобы аднавяскоўцам аматарскае аб’яднанне “Знахарка”, дзе яны дзеляцца сакрэтамі бадзёрасці, здароўя і прыгажосці. Дзеці адпачываюць у нас падчас летніх канікул. Яны прымаюць удзел у конкурсах, рухомых гульнях, уроках па вырабу розных рэчаў сваімі рукамі і інш. Запрашаем іх і на “Лужайку-пачытай-ку”, дзе хораша на прыродзе пачытаць кнігі разам. Актыўнымі нашымі чытачамі з’яўляюцца людзі сталага ўзросту. Асабліва ў іх запатрабавана кніга ў зімовы перыяд, калі больш вольнага часу. Імкнуся данесці кнігу ў кожны дом: наведваю чытачоў у хатах, здзяйсняю падворныя абходы ў аддаленых вёсках. Стала традыцыйнай работа па абслугоўванні сацыяльна неабароненых груп насельніцтва. Я частая госця ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання сталых людзей і інвалідаў вёскі Бастуны, дзе ладзім літаратурныя чытанні, акцыі-віншаванні і т.д.
Бягучы год багаты на юбілейныя даты. Сярод іх шэрагу — дзень нараджэння нашай бібліятэкі. Спадзяюся, што яна яшчэ многа год будзе прыцягваць у свае сцены чытачоў нашай мясцовасці.
Ірына КАРПОВІЧ,
бібліятэкар Бастунскай інтэграванай сельскай бібліятэкі.