Месца сустрэчы — бібліятэка
Больш за дваццаць год у Воранаўскай раённай бібліятэцы працуюць Ірына Ардзюк і Рэгіна Скрыдалевіч. За гэты час бібліятэкары добра вывучылі чытацкія густы сваіх наведвальніц. Наталлі Міхальцэвіч падабаюцца кнігі на ваенную тэматыку, а Гражыне Ярмаковіч — раманы сусветных класікаў.
Воранаўская раённая бібліятэка кожны дзень прымае сваіх чытачоў, гасцінна расчыняе дзверы, кожную раніцу пачынае новы працоўны дзень. Колькі іх было ў яе, дзён, напоўненых радасцю, адкрыццямі, пошукамі!
Калі пачаць з гісторыі, то ў гарадскім пасёлку Воранава бібліятэка пачала працаваць з верасня 1945 года, адразу пасля вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для бібліятэкі быў выдзелены невялікі пакой. Дабрачыннымі ахвяраваннямі мясцовых жыхароў у першыя месяцы бало сабрана 700 кніг. З года ў год павялічваліся яе фонды, расла колькасць чытачоў.
1955 год. У бібліятэцы працуюць 3 супрацоўнікі: загадчыца бібліятэкі Зінаіда Цімафееўна Апочкіна, бібліятэкар Зінаіда Іванаўна Заўгародняя, загадчыца перасоўнага фонду Раіса Карпаўна Шаўцова. Спецыялісты абслугоўвалі 1 220 чытачоў, кнігавыдача складала 25 000 экзэмпляраў дакументаў. І з гэтага часу бібліятэка займае асобны пакой у памяшканні РДК.
Адметным для бібліятэчнай справы на Воранаўшчыне стаў 1976 год, калі бібліятэкі раёна аб’ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, а Воранаўская бібліятэка была ператворана ў цэнтральную раённую бібліятэку і набыла функцыі метадычнага цэнтра.
З мая 1958 года загадчыцай Воранаўскай раённай бібліятэкі стала Лідзія Цімафееўна Смірнова. З 1976 года яна — дырэктар Воранаўскай цэнтралізаванай сістэмы. На працягу 32 гадоў Лідзія Цімафееўна самааддана працавала ў бібліятэчнай сістэме Воранаўскага раёна.
З 1990г. Воранаўскую ЦБС узначаліла Таццяна Рыгораўна Сушынская. Раскрыўся яе талент як кіраўніка, арганізатара, яе праца адрознівалася творчым падыходам, мэтанакіраванасцю. Яна не жыла сённяшнім днём — яе думкі былі скіраваны на будучыню і перспектыўныя напрамкі развіцця бібліятэчнай справы. З ёй лёгка было працаваць, таму што заўсёды адчувалі падтрымку і дапамогу ў любой справе. Яна вельмі ўважліва ўнікала ва ўсе пытанні і праблемы, шчодра дзялілася сваімі ведамі і вопытам з маладымі калегамі.
Таксама значны ўклад у бібліятэчную справу ўнеслі ветэраны, сярод якіх хочацца адзначыць Тэклю Браніславаўну Мікутайціс, Лідзію Цімафееўну Смірнову, Святлану Фёдараўну Садоўскую, Чэславу Тадэвушаўну Бабкову, Таццяну Мікалаеўну Шчыглу, Валянціну Іванаўну Вайшвілу і іншых. Сённяшняе пакаленне работнікаў працягвае іх традыцыі.
Бібліятэка-юбіляр адпавядае часу. Аўтаматызаваны ўсе тэхналагічныя працэсы, ёсць выхад у Інтэрнэт, электронная пошта, працуе Web-сайт. Гэта дазваляе аператыўна абслугоўваць чытачоў, хутка і якасна задавальняць іх запыты. Цэнтр прававой інфармацыі, адкрыты на базе бібліятэкі, забяспечвае насельніцтва шырокім доступам да афіцыйнай прававой інфармацыі. Запатрабаваным інфармацыйным рэсурсам стаў банк дадзеных “Эталон” Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. З кожным годам пашыраецца спектр дадатковых паслуг установы. У аснове іх ляжаць сучасныя тэхналогіі і новыя носьбіты інфармацыі. Жыхароў аддаленых вёсак абслугоўвае бібліёбус. Яго чытачамі сталі 300 чалавек.
Сёння бібліятэка займае значнае месца ў сацыяльна-культурным развіцці раёна. Яе работа накіравана на інфармацыйна-дакументнае забеспячэнне запытаў чытачоў, духоўна-маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення, на адраджэнне, развіццё беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі і гістарычнай спадчыны. Для больш поўнага і эфектыўнага задавальнення запытаў чытачоў у бібліятэцы створаны сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, дзе сабраны матэрыялы па вядучых галінах грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця раёна.
Сустрэча з Максімам Танкам у Воранаве.
Сярод мерапрыемстваў хочацца адзначыць удзел у інтэрнэт-праекце “Мы о войне стихами говорим…”, абласных інтэрнэт-праектах “Кніжныя сустрэчы”, “А ведаеце Вы, што…”, падчас якіх прадстаўлены відэаролікі, якія знаёмяць жыхароў Беларусі з прыгажосцю воранаўскага краю, яго гісторыяй і сучаснасцю. Відэаролікі прысвечаны касцёлу святога Георгія ў в. Асава, які ў гэтым годзе адзначыў 110-гадовы юбілей, каханню Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, сустрэчы якіх праходзілі ў маёнтку Путкамераў у аг. Больцінікі. З мэтай павышэння прэстыжу кнігі, чытання і прыцягнення карыстальнікаў у бібліятэку стартаваў фотаконкурс “#Книга ВКадре”, бібліятэчны блог “Библиотека без барьеров”.
Воранаўская раённая бібліятэка сумесна з сельскімі філіяламі распачала бібліятэчны праект “Молодежный ЧИТАЙмер”, які ўключыў у сябе наступныя мерапрыемствы: майстар-клас “Другое жыццё кнігі”, літаратурнае караоке “Музыка між радкоў”, ліб/моб “Як прайсці ў бібліятэку?”, квэст-гульня “Я ў гэтым пасёлку жыву, я гэты пасёлак ведаю”, круглы стол “Ідзём на выбары ўпершыню” і інш.
Бібліятэка заўсёды з’яўлялася для чытачоў кутком для адпачынку. Пры ёй працуе аматарскае аб’яднанне “Надзея” для людзей сталага ўзросту, якія прыходзяць адпачыць, выказаць думкі, расказаць аб сваіх захапленнях, падзяліцца кулінарнымі рэцэптамі. Паседжанні праходзяць раз у квартал.
Галоўнае багацце бібліятэкі — людзі. Дзякуючы ім бібліятэчная справа дасягнула сённяшніх здабыткаў. За значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы раёна, укараненне новых формаў інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва і выкананне прагнозна-планавых паказчыкаў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна ў 2018 годзе працоўны калектыў Воранаўскай раённай бібліятэкі быў занесены на Дошку Гонару.
З красавіка 2020 года бібліятэку ўзначальвае Наталія Віктараўна Камінская — энергічны, творчы, патрабавальны кіраўнік. Штат бібліятэкі налічвае 20 работнікаў. Спецыялісты аддзела абслугоўвання і інфармацыі знаходзяцца ў творчым пошуку новых форм работы з чытачамі. Дзякуючы ім бібліятэка стала месцам задавальнення інфармацыйных патрэб, зносін, адпачынку, куды з жаданнем прыходзяць дзеці і дарослыя. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу стварае атмасферу творчасці, навізны і перадае яе ўсім, хто прыходзіць у бібліятэку. Аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду своечасова забяспечвае бібліятэкі раёна літаратурай, перыядычнымі, электроннымі і іншымі выданнямі. Інжынерна-тэхнічны і гаспадарча-абслугоўваючы персанал стварае камфортныя ўмовы для работы.
Прайшоўшы 75-гадовы шлях, бібліятэка ўнесла свой уклад у справу фарміравання і развіцця культуры пасёлка, далучэння жыхароў да лепшых здабыткаў сусветнай і айчыннай літаратуры. Усе гэтыя гады яна была запатрабаваная і сацыяльна прывабная для яе карыстальнікаў. А гэта і ёсць прызнанне!
Бібліятэкар раённай бібліятэкі М.Комінч, 1972 год.
Таццяна ВАЗБАНОВІЧ,
намеснік дырэктара ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.
Сёння бібліятэка — гэта больш за 3 150 карыстальнікаў, амаль 25,6 тысячы дакументаў: кнігі, часопісы, газеты, дыскі, аўдыякасеты.
Ёсць чым ганарыцца
2004 год. Ірэна Яўгеньеўна Карповіч, бібліятэкар Бастунскай сельскай бібліятэкі, стала лаўрэатам прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І. Дубко.
2014 год. Таццяна Рыгораўна Сушынская, кіраўнік ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”, прызнана “Чалавекам года Гродзеншчыны”.
Рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”:
2011год. У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” Нацкай сельскай бібліятэцы (бібліятэкар Людміла Яўгеньеўна Бярцэвіч) прысуджана трэцяе месца.
2012 год. У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” Місявіцкай сельскай бібліятэцы (бібліятэкар Лілія Канстанцінаўна Карпук) — заахвочвальная прэмія.
2013 год. У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую працу з падрастаючым пакаленнем” Пераганцаўскай сельскай бібліятэцы (бібліятэкар Наталія Віктараўна Камінская) — заахвочвальная прэмія.
2016 год. У намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Бастунская інтэграваная сельская бібліятэка (бібліятэкар Ірэна Яўгеньеўна Карповіч).
2017 год. У намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” дыпломам ІІ ступені — Пагародзенская сельская бібліятэка (загадчык Алена Іосіфаўна Вітукевіч).
2019 год. У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую працу з падрастаючым пакаленнем” Радунскай гарпасялковай бібліятэцы (загадчык Люцыя Мар’янаўна Русялевіч) прысуджана заахвочвальная прэмія.
2018 год. Радунская гарпасялковая бібліятэка стала пераможцам абласнога конкурсу “Бібліятэка года” ў намінацыі “Лепшая сельская (гарпасялковая) бібліятэка 2018 года”.