Пішам разам, па-беларуску. Настаўнікі і вучні Воранаўскага раёна напісалі ўніверсітэцкую дыктоўку разам з ГрДзУ
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, школы Воранаўскага раёна далучыліся да агульнай універстітэцкай Купалаўскай дыктоўкі. Анлайн-пляцоўка ГрДзУ аб’яднала не толькі выкладчыкаў, студэнтаў, школьнікаў Гродзеншчыны, але і супрацоўнікаў беларускіх пасольстваў у Кітаі, Ганконгу, Таджыкістане, Казахстане, В’етнаме.
Падчас дыктоўкі педагогі адчулі сябе вучнямі. Як у школьныя гады, уважліва слухалі кожнае слова выкладчыка, які агучваў тэкст, прыслухоўваліся да вымаўлення слоў, інтанацый, паўз. Тут жа можна было выканаць і самаправерку.
У такі знакавы дзень напісанне дыктоўкі становіцца не столькі праверкай арфаграфічных здольнасцей, колькі дэманстрацыяй павагі да сваёй роднай мовы.
— Канешне, крыху хвалявалася. Ужо больш за 35 гадоў, як скончыла вывучэнне беларускай мовы ў школе, — падзялілася ўражаннямі настаўнік фізікі і астраноміі Воранаўскай школы Наталля Вайшвіла. — Па беларускай мове ў маім атэстаце стаіць пяцёрка. Дзякуючы маім настаўнікам В.В. Вайгеніцэ і І.І. Дудуку атрымала трывалыя веды. Сумненні ў некаторых момантах напісання былі, але я справілася.
— Дыктоўку пісала ўпершыню за 33 гады педагагічнай працы. Вельмі спадабаўся тэкст. На мой погляд, быў нескладаным. Яшчэ раз упэўнілася, якая ж прыгожая і мілагучная наша беларуская мова, — падзялілася настаўніца замежнай мовы Воранаўскай школы Марына Савіцкая.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.