Пад знакам сяброўства. У г.п. Радунь прайшоў XIV адкрыты раённы фестываль народных традыцый і мастацтва “Кола сяброўства”
Непаўторныя “Салавейкі”, вясельныя гулянні, багаты горад майстроў і шчырыя ўсмешкі землякоў. Гарадскі пасёлак Радунь чатырнаццаты раз гасцінна сустрэў удзельнікаў і гасцей адкрытага раённага фестывалю народных традыцый і мастацтва «Кола сяброўства». Шматнацыянальнае свята зноў пацвердзіла: сапраўднае мастацтва не ведае межаў, а шчырае сяброўства здольна яднаць пакаленні і народы.
Урачыстасць распачалася з яскравага і каларытнага шэсця. Пад сцягамі розных краін работнікі культуры прадэманстравалі нацыянальныя касцюмы і багата вышытыя ручнікі — галоўныя абярэгі і атрыбуты народнага побыту. Менавіта яны найбольш трапна адлюстроўваюць векавую гісторыю народа, яго нязломны дух і багатую творчую спадчыну.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч.
— За многiя гады на Воранаўшчыне сфарміраўся ўнікальны характар этнакультурнага суседства розных народоў. Сённяшняе мерапрыемства — выдатная магчымасць яшчэ раз вярнуцца да нашых вытокаў, да багатай культурнай спадчыны продкаў, паказаць разнастайнасць і прыгажосць народных традыцый, абрадаў песеннага і танцавальнага майстэрства. “Кола сяброўства” яднае пакаленні ў адзіную вялікую сям'ю.
Канцэртную праграму гучным і пранікнёным выкананнем адкрыў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», які ўразіў гледачоў сваімі арыгінальнымі касцюмамі і артыстызмам. Песенную эстафету з гонарам падхапілі народны ансамбль народнай музыкі і песні «Гудскі гармонік» з Ліды, народная мужчынская вакальная група «Кронан» з Бярозаўкі, а таксама калектывы і выканаўцы аматарскай творчасці нашага раёна. Задаволеныя гледачы сустракалі кожны нумар шчырымі апладысментамі.
Сапраўды цікавым дзействам на фестывалі стала рэканструкцыя шматнацыянальнага абраду «Вяселле па беларускіх канонах». Конкурс на лепшае падвор’е раскрыў шчодрасць і разнастайнасць вясельных звычаяў. Тут было ўсё: пышныя беларускія караваі і залівістыя гарманісты, польскія скокі, літоўскія спевы, рускія прыпеўкі, каларытныя цыганскія пастаноўкі, мудрыя габрэйскія бласлаўленні, армянскія і ўкраінскія традыцыі.
На працягу ўсяго дня гасцінна вітаў наведвальнікаў «Горад майстроў». Вырабы народных умельцаў, выкананыя ў розных тэхніках і матэрыялах, наглядна сведчылі пра бязмежную фантазію і працавітасць беларускіх рамеснікаў.
Свята прыйшлося даспадобы кожнаму: дзятва віхурыла ля атракцыёнаў ды частавалася прысмакамі, дарослыя з асалодай чаргавалі прагляд канцэрта з душэўнымі размовамі за святочнымі столікамі, а бліжэй да вечара вуліцы ажывіла моладзь — наперадзе яе чакала запальная дыскатэка.
Тэматычнае спаборніцтва на свяце завяршылася перамогай цыганскага падворка, якi прадставіў Пагародзенскi цэнтр культуры. Другое месца — беларускi (Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці), трэцяе — польскi падворак (Радунскi цэнтр нацыянальных культур).

Юлія ЛЫШЧЫК.
Фота Галіны ШЛЕМПА.
