Мелодыя, што сагравае сэрцы

Бываюць вечары, пасля якіх на сэрцы становіцца па-асабліваму светла і лёгка. Менавіта такую атмасферу шчырасці і душэўнага цяпла падарыла жыхарам Воранава літаратурна-музычная арцель «Калыханка». У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся творчы вечар дзявочага калектыву.





Літаратурна-музычная арцель «Калыханка» — праект зусім малады: нядаўна калектыў адсвяткаваў свой першы дзень нараджэння. Ідэйным яго натхняльнікам і душой стала паэтэса-казачніца з Астраўца Дзіяна Дабрадзеева. Іскра запалілася, калі яна пазнаёмілася з нашай зямлячкай Анастасіяй Козар. Пазней да творчага тандэму далучыліся Аліна Віктаровіч, якая прыехала працаваць ў аграгарадок Доцішкі, і Юлія Крысінель — настаўнік па класе «скрыпка» Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
— Наш праект — пра каханне і душэўную шчодрасць, якая спрадвеку ўласціва беларусам. Бо калі наш чалавек кахае, то шчыра, усім сэрцам і без астатку, — прызналася вакалістка Анастасія Козар. — «Калыханка» расказвае пра самае патаемнае — пра пачуцці, якія людзі звычайна беражліва захоўваюць у сабе. Нам вельмі хацелася падзяліцца гэтай цеплынёй з гледачом, каб дзякуючы вершам, казкам і песням свет вакол стаў крышачку святлейшым і дабрэйшым.

У гэты вечар зала была напоўнена пералівамі скрыпкі і фартэпіяна, пранікнёнымі аўтарскімі песнямі і паэтычнымі радкамі на беларускай і рускай мовах. Гэта быў не проста выступ — гэта была шчырая размова па душах, ад якой на вачах у многіх раз-пораз выступалі слёзы.
Асаблівым момантам вечарыны стала выкананне галоўнай кампазіцыі калектыву — песні «Зорамі». І, вядома ж, сустрэча не магла абысціся без сапраўднай калыханкі: дзяўчаты праспявалі яе разам з гасцямі. У гэтыя хвіліны кожны мімаволі ўспомніў аб самым дарагім — аб ласкавых маміных руках, пяшчотным голасе з далёкага дзяцінства і аб ціхіх вечарах, калі ўжо сам калыхаў сваіх дзяцей. Бо калыханкі, якія саграваюць нас у пачатку жыццёвага шляху, у дарослым жыцці патрэбны нам часам нават мацней, чым раней…



Кранальнае выкананне песень и вершаў знайшло самы гарачы водгук у сэрцах землякоў. Падзякавала таленавітаму калектыву за творчасць і ўручыла кветкі старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч.
— Вы — нашы зорачкі, якія шчодра дораць людзям сваю любоў і святло, — адзначыла Алена Янаўна. — У маладым узросце так глыбока адчуваць роднае слова, несці яго са сцэны — гэта вялізная каштоўнасць. Сёння вы змаглі закрануць самыя тонкія струны чалавечай душы.
Адгучалі фінальныя апладысменты, але святло, якое артысты падарылі ў гэты вечар, гледачы забралі з сабой.
Юлія ЛЫШЧЫК.
Фота аўтара.
