Фотафакт. Сёння работнікі культуры Воранаўшчыны прынялі удзел у абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» ў Гродне
Дзве ўзнагароды атрымалі работнікі культуры Воранаўшчыны на абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы", што прайшоў у Гродне.
Воранаўскі раён на фэсце прадстаўлялі майстры і выканаўцы.
Аддзел рамёстваў і народнай творчасці стылізаваў падворак у выглядзе сялянскай хаты, якую аздобілі тканыя дываны, вышытыя сурвэткі, гліняны посуд... Майстар-клас па ткацтву жадаючым дала вучаніца народнага майстра Беларусі Анжаліка Ладыш. Звонкай песняй упрыгожылі мерапрыемства сёстры, удзельніцы аматарскага аб'яднання "Сустрэча" Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра Марыя Мікілевіч і Уладзіслава Міклюкевіч, фальклорна-абрадавы гурт "Спадчына" Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Удалым аказаўся для землякоў удзел у конкурснай праграме. Першае месца ў намінацыі "Індывідуальны выканаўца" заваявалі Марыя Мікілевіч і Уладзіслава Міклюкевіч. Дыпломам 3-й ступені культработнікаў узнагародзілі ў намінацыі "Лепшы брэндавы сувенір". Майстар народных і мастацкіх рамёстваў Галіна Мялько сімвалічна змайстравала ляльку Вераніку, ці інакш Вярэну. Такое імя насіла жонка італьянца Яна Сцыпіёна, які валодаў маёнткам Блотна, які і перайменаваў у імя суджанай - Верэнова. Таму і адзенне ў лялькі не сялянскае. Яно ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі строяў, што бытавалі ў рэгіёне.