Добры кіраўнік, вопытны настаўнік і няўрымслівая асоба

01 октября 23 585

image.jpg
Імя Браніслава Юльянавіча Чаплі добра вядома не толькі жыхарам нашага аграгарадка, але і ўсяго Воранаўскага раёна. У Канвелішскай сярэдняй школе ён працаваў амаль пяцьдзясят гадоў. За гады педагагічнай дзейнасці ён адправіў у самастойнае жыццё не адно пакаленне выпускнікоў, выхаваў маладых педагогаў, якія працуюць у нашай і іншых школах раёна і вобласці.

Нагодай завітаць у госці да былога дырэктара стаў наступаючы Дзень настаўніка. Па праўдзе кажучы, спачатку хвалявалася, бо вельмі адказная справа даручана мне дружным школьным калектывам. Але перада мною быў просты і адкрыты чалавек. І я зразумела: з ім будзе лёгка гутарыць. Гледзячы на гэтага чалавека з вельмі светлым, незвычайным пачуццём гумару, вечнай душэўнай маладосцю, я думала пра тое, як добра, што лёс звёў яго з маімі бацькамі, са мной, з усімі людзьмі аграгарадка Канвелішкі.

— Браніслаў Юльянавіч, скажыце, калі ласка, чаму Вы вырашылі стаць настаўнікам?

— З дзяцінства пра гэта марыў. Ужо ў першым класе ўяўляў сябе настаўнікам матэматыкі. А свайму сябру, у якога не ўсё ладзілася з гэтым прадметам, дапамагаў рашаць задачы і тлумачыў як сапраўдны настаўнік. Дарэчы, вырас я ў звычайнай сям’і. Тата працаваў шафёрам, а мама — паляводам у калгасе “Уперад”. Мае бацькі заўсёды ганарыліся тым, што я стаў настаўнікам.

— Дваццаць сем год Вы ўзначальвалі школу… Ці было складана?

— Кіраваць — значыць ствараць умовы. Напэўна, у нейкі момант я зразумеў, што гатовы ўзяць адказнасць на сябе і зрабіць усё для вучня, настаўніка, школы. А ўсё пачалося з будаўніцтва новага будынка школы, у якім зараз вучыцеся і вы.

Працаваць жа ў сістэме адукацыі заўсёды складана, цяжка, але цікава, бо паміж школамі быў добры, пазітыўны дух суперніцтва, які ствараў умовы для развіцця і самаўдасканальвання. У тыя гады калектыў кіраўнікоў школ раёна быў вельмі прафесіянальны, творчы, а самае галоўнае — дружны, з’яднаны. Кожны быў гатоў прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну, не лічачыся з асабістым часам, падзяліцца ідэямі, нарматыўнымі дакументамі, якія мы вучыліся складаць. І рабілі гэта разам з кіраўнікамі РАА П.А. Орпікам, Г.А. Турчынскай, М.І. Уляшкам, А.В. Кашлеем.

— Ці ўзнікалі ў Вас як у кіраўніка ўстановы адукацыі цяжкасці ў працы з педагагічным калектывам?

— Без перабольшвання магу сказаць, што школа была маім жыццём, болем і радасцю. А калектыў? Гэта быў самы лепшы калектыў! Я ж яго сам збіраў! Бо на змену педагогам-пенсіянерам павінны былі прыйсці маладыя, творчыя, ініцыятыўныя. І гэта мне ўдалося! Асабліва рады таму, што шмат гадоў давялося працаваць і са сваімі былымі вучнямі, выпускнікамі школы.

— Браніслаў Юльянавіч, аснова жыцця чалавека — яго сям’я. Разам са сваёй жонкай Леакадзіяй Іванаўнай Вы выхавалі дзвюх цудоўных дачок. Напэўна, марылі аб тым, што яны звяжуць свой жыццёвы шлях з прафесіяй педагога…

— У нас склалася ўсё цікава. Мая жонка — медыцынскі работнік, малодшая дачка Ірына таксама выбрала прафесію медыка, а Вольга, старэйшая, працягнула дынастыю педагогаў. Дарэчы, зараз яна працуе настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ў сярэдняй школе №37 горада Гродна. Старэйшы ўнук Максім — студэнт факультэта інфармацыйных тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а малодшы Мацвей, вучань 6 класа, яму не ўступае, таксама дасягнуў пэўных вынікаў у інфармацыйнай дзейнасці. З’яўляецца дыпламантам конкурсу інфармацыйнай мультыплікацыі. Нашы дзеці і ўнукі — гэта наш гонар, наша падтрымка, надзея.

— Браніслаў Юльянавіч, мы ведаем Вас як чалавека актыўнага, творчага. Вы вельмі прыгожа спяваеце, валодаеце музычнымі інструментамі. Вы сталі ініцыятарам з’яўлення мясцовага фальклорнага ансамбля “Канвелішскія штукары”…

— Напэўна, наконт валодання музычнымі інструментамі сказана занадта гучна! Я самавучка. А музыка, песні, прыпеўкі — гэта для душы! Не ўяўляю свайго жыцця без іх. Улічваючы тое, што ў Канвелішках жывуць таленавітыя музыкі, прафесіяналы сваёй справы, якія з вялікім задавальненнем падтрымалі маю ідэю, гэта зрабіць было вельмі лёгка. Нашы канцэрты збіралі поўныя залы гледачоў, а іх апладысменты і шчаслівыя вочы натхнялі нас на далейшыя творчыя задумкі.

— А чым яшчэ любіце займацца ў вольны час?

— Маё хобі — паляванне. На ўлонні прыроды я магу правесці цэлы дзень, любавацца пейзажамі і слухаць спевы птушак.

— Браніслаў Юльянавіч, напрыканцы нашай сустрэчы дазвольце павіншаваць Вас з важнай падзеяй — з занясеннем Вашага імя ў Кнігу славы Воранаўскага раёна, а таксама з наступаючым Днём настаўніка. Вельмі рады і ганарымся Вамі!

Паліна СТАНКЕВІЧ,

вучаніца 11 класа Канвелішскай школы.

Фота з архіва аўтара.

Добавление комментария
CAPTCHA
*