Больш чым настаўнік

07 августа 24 609

изображение_viber_2024-08-06_15-22-30-551.jpg

Менавіта так гавораць пра ўдзельнікаў унікальнай праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Місія новага адукацыйнага праекта – прыцягнуць у школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах краіны крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, з дапамогай іх дапамагчы кожнаму дзіцяці раскрыць свой патэнцыял.

Для рэалізацыі дадзенай ідэі неабходны нераўнадушныя педагогі, якія гатовы змяняцца самі і змяняць свет вакол сябе, хто не баіцца новага. Менавіта такімі якасцямі валодае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Доцішскай сярэдняй школы Юлія Андруконіс. На працягу чатырох месяцаў мэтанакіраваная настаўніца прайшла ўсе этапы адбору ў кандыдаты праграмы: індывідуальныя субяседванні, групавы адбор, дэманстрацыя ўласнага міні-ўрока, двухтыднёвы летні інтэнсіў, сустрэчы з дзецьмі ў летніку, правядзенне майстар-класаў у дзіцячым анлайн-лагеры PROteens, які, дарэчы, быў арганізаваны настаўнікамі-валанцёрамі праграмы “Новая школа”.

У пачатку тыдня ў школу прыляцела добрая вестка - па выніках руплівай працы Юлія Уладзіславаўна ўвайшла ў залатую дваццатку праграмы “Настаўнік для Беларусі” і афіцыйна залічана ў лік лепшых педагогаў нашай краіны. На працягу двух гадоў наша зямлячка будзе атрымліваць куратарскую і метадычную дапамогу, рэалізоўваць уласны праект, накіраваны на развіццё дзяцей і раскрыццё іх патэнцыялу.

Журналісты будуць сачыць за ходам праекта і абавязкова раскажуць аб таленавітай настаўніцы і яе прафесійных дасягненнях.

Наша даведка

Праграма «Настаўнік для Беларусі» рэалізуецца Мясцовым адукацыйным фондам «Новая школа». Заснавальнік фонду — ААТ «Сбер Банк» — стаў стратэгічным партнёрам, выступіў ініцыятарам і ключавым донарам праграмы. Удзельнікам выплачваецца штомесячная стыпендыя ў памеры 250 рублёў, аказваецца дапамога ў аплаце арэнды жылля пры пераездзе на новае месца працы і жыхарства (150 рублёў — у сельскай і 250 рублёў — у гарадской мясцовасці). Таксама ўдзельнікі атрымліваюць новы ноўтбук для камфортнай работы.

Таццяна ДУДКО.

Добавление комментария
CAPTCHA
*