У вянок Багдановiчу

13 января 17 1675
фото 008

Сустрэча з пісьменнікам — гэта заўсёды свята. А калі ў госці прыязджаюць некалькі творцаў, кнігі якіх карыстаюцца папулярнасцю, гэта свята ўдвайне. І ўражанні ад такіх спатканняў звычайна застаюцца надоўга. Забалацкі навучальна-педагагічны комплекс завяршыў Год культуры творчай сустрэчай педагогаў, вучняў і іх бацькоў са старшынёй Гродзенскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэткай Людмілай Антонаўнай Кебіч, а таксама членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі: дзіцячай пісьменніцай Ганнай Іосіфаўнай Скаржынскай-Савіцкай і нашым земляком Уладзімірам Валяр’янавічам Рулём.

Свята паэзіі “У вянок Багдановічу”, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння вялікага песняра, прайшло на адным дыханні. Заўважу, што вядучым Віктару Камару і  Маргарыце Касцюкевіч дапамагаў “сам” Багдановіч. Гэта ў яго вобраз вельмі ўдала ўвайшоў Вадзім Юхнік. Вершы любімага паэта пранікнёна чыталі вучні, загадчык інтэгрыраванай бібліятэкі Ніна Віктараўна Чурсіна. Не абышлося без музычнай ноткі. Хораша вучні закружыліся ў танцы “Ручнікі”, а нашы юныя зорачкі Валерыя Юхно і Таццяна Адамовіч, настаўніца Галіна Чаславаўна Ненартовіч выканалі песні на словы твораў М. Багдановіча. Уразілі прысутных сваёй артыстычнасцю выхаванцы дзіцячага садка Максім Мінгілевіч, Вераніка Лышчык, Аляксандр Шымуліненя і Ангеліна Фірыновіч, якія сыгралі ў музычнай пастаноўцы паэмы-казкі “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык”. Затым у вянок Багдано-вічу свае творы, прысвечаныя паэту, маці, Радзіме, уплялі члены школьнага літаратурнага клуба “Пегасік”.

Не менш цікавым было выступленне і нашых гасцей. Л. Кебіч расказала пра сябе, свой творчы шлях, пазнаёміла з новымі кнігамі, прачытала ўласныя творы. А калі загучалі радкі пра каханне, то зала напоўнілася цішынёй, кожны лавіў не толькі словы, але і рухі паэткі, міміку твару. Усе адразу адчулі, што гэта любімая тэма ў творчасці Людмілы Антонаўны. Словы “калі ты таленавіты, то таленавіты ва ўсім” сапраўды датычаць нашай госці. Яна разам з мужам Генадзіем стварыла 18 песень. Некаторыя з іх праспявала для нас і ў знак удзячнасці атрымала гарачыя апладысменты.

Прадоўжыла гутарку аб паэзіі жыццярадасная Г. Скаржыцкая-Савіцкая. Дзіцячая пісьменніца з першых хвілін захапіла ўвагу дзяцей і дарослых. Цікава было даведацца аб творчых планах Ганны Іосіфаўны, бліжэй пазнаёміцца з героямі яе казак. Падрабязней яна спынілася на кнізе “Надзейка-чара-дзейка”, за якую атрымала прэмію імя А. Дубко.

Разважаннямі аб творчасці Багдановіча падзяліўся і Уладзімір Валяр’янавіч Руль. І з задавальненнем прачытаў свой верш, прысвечаны паэту.

Жадаючыя змаглі атрымаць у паэтаў Гродзеншыны кнігі з іх аўтографамі. Затым госці наведалі бібліятэку, пазнаёміліся з гісторыяй этнаграфічнага музея “Спадчына”. Пасля пабывалі на экскурсіі ў зімовым садзе, якую для іх правялі члены гуртка “Кветкі і мы”. 

Развітвацца не хацелася, настолькі задушэўнай была гэтая сустрэча. Здавалася, быццам якісьці чараўнік перавёў гадзіннік уперад — так хутка праляцеў час творчага вечара.

Валянціна КОЦІК,

намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Забалацкага НПК, кіраўнік  літаратурнага клуба

“Пегасік”.

Фото з архіва Забалацкага НПК.
Добавление комментария
CAPTCHA
*