Адчуванне роднага і блізкага. Чым цікавая кніжная серыя «Мая Воранаўшчына»

Творчество 02 августа 23 646
Адчуванне роднага і блізкага. Чым цікавая кніжная серыя «Мая Воранаўшчына»

Кніжную серыю «Мая Воранаўшчына», якая ўжо складаецца з трох кніг, пакуль шырока не заўважылі. Аддрукавана ў Лідскай друкарні. Тыраж невялікі — 100-200 экзэмпляраў. Аўтары і ўкладальнікі жывуць не ў сталіцы. Але ў кніжнай серыі, якая пачалася з фальклорнага зборніка, ёсць штосьці прыцягальнае. Найперш — тая шчырасць, адкрытасць, з якой выкладаюць свае думкі ў мастацкіх творах аўтары, што жывуць, працуюць, вучацца ў Воранаўскім раёне. А яшчэ — апантанасць, якая ўласціва іх апавяданням, вершам, нарысам, што так ці іначай становяцца адлюстраваннем роднага і блізкага.

Перад вачыма — другая і трэцяя кнігі серыі: «Воранаўшчына эпічная: Зборнік празаічных твораў педагогаў і вучняў Воранаўскага раёна» і «Воранаўшчына лірычная: Зборнік вершаў педагогаў і вучняў Воранаўскага раёна». У прадмове да першай з іх кандыдаты філалагічных навук, дацэнты кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Руслан Казлоўскі, Аліна Сабуць заўважаюць наступнае: «Воранаўскі раён характарызуецца высокім творчым патэнцыялам сваіх жыхароў, сярод якіх ёсць не толькі аматары паэзіі, але і мастацкай прозы. Гэта людзі неабыякавыя да жыцця, чуллівыя, патрыятычныя, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. На літаратурнай карце Гродзеншчыны воранаўская пісьменніцкая дзялянка закаласавала і плеядай таленавітых пісьменнікаў, і адметнай пераемнасцю творчых стасункаў педагогаў і вучняў. У зборніку «Воранаўшчына эпічная» змешчаны апавяданні, эсэ, лірычныя мініяцюры ў прозе, літаратурныя казкі, нарысы і нават «хроніка з пагадовымі запісамі. Ахоплены шырокі дыяпазон тэматыкі: ад патрыятычнай і гістарычнай тэм да тэмы маральнага выбару. Абраная творцамі эпічная форма дазваляе чытачу заўважыць не толькі апавядаемае, але і аўтара-апавядальніка, яго манеру бачыць і ўспрымаць навакольнае асяроддзе, яго склад розуму і пачуццёвую сферу. Аблічча пісьменніка выяўляецца і ў адкрытых маналогах, і вольным аповедзе пра край, пра яго людзей, пра іх працу і подзвігі, святы і будні, радасці і гора. Прыгажосць воранаўскай зямлі спасцігаецца скрозь лад узвышаных думак яго творцаў, іх перажыванняў і меркаванняў».

Кнігі серыі «Мая Воранаўшчына» смела можна назваць бібліятэкай літаратурнага, патрыятычнага выхавання. Асабліва хацелася б параіць усім прачытаць нарыс Наталлі Якжык «Мая Воранаўшчына». Змест яго патлумачвае кароткае ўступнае слова, дзе аўтар задаецца пытаннем: «Які ён, Воранаўскі край?..» Наталля Якжык запрашае ў падарожжа па родных мясцінах. Асобныя раздзелы — адрасы адметных, цікавых гістарычных, знакавых у лёсе і Воранаўскай прасторы, і Гродзеншчыны, і ўсёй нашай Беларусі мясцін: «Край рамантыкі» — аграгарадок Больцінкі, дом-сядзіба Путкамераў («Парк памятае Марылю Верашчаку, прыгожую і руплівую гаспадыню, каханую Адама Міцкевіча, нашага земляка, класіка польскай літаратуры...»); «Край гераізму» — Шаўры, ваколіцы Начы, мясціна, дзе фарміраваўся атрад Тэадора Нарбута; «Край асветы» — пра Радунь, школьны музей «Валуны крутых дарог мінуўшчыны»; «Край загадак і таямніц» — вандроўка ў Гайцюнішкі і Канвелішкі; «Край духоўнасці» — пра касцёлы ў паселішчах Тракелі і Асава; «Край мужнасці» — пра старонкі ваеннай гісторыі аграгарадка Пагародна і ваколіц... А ў нарысе Наталлі Якжык — і іншыя адметныя адрасы Воранаўшчыны. Як мне асабіста падаецца, «Мая Воранаўшчына» дасведчанага аўтара магла б стаць даволі прывабным асобным кніжным выданнем. У мінскім выдавецтве «Беларусь» некалькі гадоў запар выдаецца серыя «Па роднаму краю». Пад яе пазнакай выйшлі цікавыя кнігі Ігара Пракаповіча, Алеся Марціновіча, Сяргея Галоўкі, іншых вядомых краязнаўцаў краіны. Чаму б выдавецтву не звярнуцца да Наталлі Віктараўны Якжык, якая працуе дырэктарам «Навучальна-педагагічнага комплекса Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа» Воранаўскага раёна з прапановай зрабіць краязнаўчую кнігу і пра Воранаўшчыну?!.

У «Воранаўшчыны эпічнай» — 12 аўтараў. У зборніку «Воранаўшчына лірычная» прадстаўлены вершы 18 паэтаў. Прыемна поруч бачыць плён мастацкай працы настаўнікаў і вучняў. Высокую ацэнку даюць паэтычнаму томіку серыі «Мая Воранаўшчына» Руслан Казлоўскі, Аліна Сабуць: «... Сапраўдная паэзія несумяшчальная з шэрасцю і нейтральнасцю мыслення, з адсутнасцю пэўнага эмацыйнага тону. Мова вершаў паэтаў Воранаўскага раёна поўная экспрэсіі, якая становіцца дамінуючым пачаткам. Тут можна заўважыць каларытныя мастацкія тропы і сваю адметную мастацкую вобразнасць. Край легенд і паданняў, края ваяроў і аратых, край старадаўніх традыцый, вельмі старажытны і вельмі сучасны — такой прадстане Воранаўшчына перад чытачом».

У серыі, заснаванай у 2022 годзе, ёсць рэдакцыйны савет. У яго ўваходзяць Н. Якжык, Н. Адамчык, Г. Янушка. Зборнікі выдадзены з удзелам Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта пры фінансавай падтрымцы КСУП «Больцішкі». Такі прыклад шанавання мастацкага слова, прыклад спрыяння развіццю літаратурных талентаў у рэгіёне проста ўражвае!..

https://zviazda.by/be

Добавление комментария
CAPTCHA
*