На добрыя годы, на хлябы, ураджаi...

Страницы истории 17 июля 18 2454
Фота 5

Ужо сем год за абрадамі і звычаямі, песнямі і эпічнымі творамі на Воранаўшчыну прыязджае фальклорная экспедыцыя з філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сёлета ізноў на тыдзень яе гасцінна прыняў аграгарадок Канвелішкі.

З года ў год толькі мацнее супрацоўніцтва выкладчыкаў і студэнтаў з фальклорна-краязнаўчым лагерам “Канвалія” мясцовага навучальна-педагангічнага комплекса. Шмат яскавых эмоцый і цяпер атрымалі і мы, госці, і школьнікі, настаўнікі. Сумесна ладзілі сяброўскія гасцёўні “Давайце сябраваць”, святочную дыскатэку “Карагод дружбы”, літаратурна-музычную гасцёўню “На Беларусі Бог жыве”, круглы стол “Пагаворым пра здароўе”, “Прысвячэнне ў фалькларысты” і многае іншае. Дарэчы, падчас прысвячэння ў фалькларысты да нас далучыўся выпускнік школы, прызёр шматлікіх міжнародных конкурсаў Дзмітрый Адамчык і шыкоўна выканаў на баяне музычныя творы. Юнакі і дзяўчаты Канвелішскай яслі-сада - сярэдняй школы з задавальненнем далучыліся і да фальклорнай экспедыцыі. Дапамагалі студэнтам спецыяльнасці «Беларуская філалогія» збіраць народную спадчыну, занатоўваць нацыянальныя традыцыі. Распытвалі мясцовых жыхароў пра звычаі роднага краю, песні, эпічныя творы.

Фота 3

Мы наведалі амаль два дзясяткі вёсак: Беняконі, Лоўцы, Лянцішкі, Падзегуці, Слёзкі, Свілы, Падгай, Утканы, Чырканцы і іншыя. Удалося зрабіць запісы твораў абрадавай і пазаабрадавай народнай лірыкі, легенд і паданняў, прымхаў і забабонаў. Сустрэўся і дзіцячы фальклор — калыханкі, пястункі. Сабралі пэўны масіў твораў народнага гумару: анекдоты, жарты, вясельныя тосты. Наяўнасць гумарыстычных фальклорных твораў на тэрыторыі Воранаўскага раёна яшчэ раз пацвердзіла, што беларуская народная смехавая традыцыя надзвычай багатая.

Россыпы народнай мудрасці, досціпу і песеннай меладычнасці можна было пачуць з вуснаў калег-настаўнікаў, а таксама выканаўцаў вакальна-інструментальнага ансамбля “Канвелішскія штукары”. Шчырае дзякуй за належную арганізацыю змястоўнай экспедыцыйнай працы дырэктару навучальнай установы Н.В. Якжык і начальніку летняга фальклорна-краязнаўчага лагера “Канвалія” В.З. Адамчыку.

Фота 1

Руслан КАЗЛОЎСКІ і Аліна САБУЦЬ,

кіраўнікі фальклорнай практыкі, дацэнты кафедры беларускай філалогіі ГрДзУ імя Я. Купалы, кандыдаты філалагічных навук.

Фота з архіва аўтараў.
Добавление комментария
CAPTCHA
*