«Благаслаўлёная, якая паверыла»

Страницы истории 16 июля 13 3131

Менавіта гэтыя словы сталі дэвізам сёлетніх урачыстасцей у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай, якія адбыліся 12-13 ліпеня. Звыш трох тысяч пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі прыбылі сюды, каб памаліцца цудатворнай іконе. Шмат пілігрымаў прыбыло да Маці Божай з суседніх парафій. Як яны самі прызнаюцца, «тракелянка» — гэта ўжо традыцыя.

Імшу апоўначы цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які звярнуўся да вернікаў з пропаведдзю. Ён адзначыў: «Год веры прыпамінае нам гісторыю нашай веры, у якой пераплятаюцца святасць і грэшнасць. І калі святасць сведчыць аб укладзе, які ўнеслі мужчыны і жанчыны ва ўзрастанне супольнасці праз свой прыклад жыцця, то другі складнік — грэшнасць — павінен правакаваць нас да шчырай пакуты і навяртання, каб атрымаць прабачэнне ад Айца, які выходзіць насустрач». На ўрачыстасці былі ўшанаваны рэліквіі благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, якія былі ўнесены падчас працэсіі. Асаблівым чынам вернікі маліліся Богу пра заступніцтва Яна Паўла ІІ, у інтэнцыі Беларусі, каб ва ўсіх сем’ях панавалі супакой і згода, каб усе людзі жылі ва ўзаемнай любові і годнасці.

Веруючыя маліліся на каленях перад іконай Маці Божай, прадстаўляючы Ёй свае просьбы і дзякуючы за атрыманыя дары, а таксама давяраючы Маці свае сем’і.


Моладзь усю ноч малілася, спявала песні ў гонар Бога і Маці Божай. Юнакі і дзяўчаты з Воранава, а таксама іх сябры распаўсюджвалі сярод пілігрымаў і тых, хто прыбыў на фэст, лістоўкі, у якіх прасілі дапамагчы 16-гадоваму Дзянісу Кіндэру. Яму пастаўлены страшны дыягназ — саркома. Сабраныя сродкі пойдуць на закупку неабходных дарагіх ізраільскіх прэпаратаў. Хочацца спадзявацца, што тыя, хто атрымаў гэтыя лісты, не застануцца раўнадушнымі да чужога гора.

Раніцай у 7 гадзін 30 хвілін адбылася святая Імша. Яе адправілі светары, якія адзначаюць юбілей пасвячэння, і неапрэзбітэры. Пасля богаслужэння яны ўдзялілі благаславенне ўсім жадаючым. Вернікі з Іўеўскай парафіі правялі малітоўнае чуванне ў гонар бл. Яна Паўла II. У 10 гадзін распачаліся cвятая Імша і акт аддання дыяцэзіі пад апеку Найсвяцейшай Панны Марыі.


У літургіі прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, вялікая колькасць светароў з Беларусі і замежжа, прадстаўнікі мясцовай улады: Святаслаў Конан, Мечыслаў Уляшка, Станіслаў Войшніс, Аляксандр Швед, а таксама тысячы пілігрымаў, якія прыбылі ў Тракелі пешшу, на веласіпедах, аўтобуснымі пілігрымкамі або ўласным транспартам.

Вітаючы гасцей, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў: «Мы прыходзім да Марыі з падзякай за дар веры, які дазваляе нам бачыць у Хрысце нашага Пана і Збавіцеля, а ў Яго Маці — Суцяшальніцу і Апякунку. Мы пілігрымуем у гэтае святое месца, каб слухаць Хрыста, які прамаўляе да нас у словах Евангелля. Прагнем слухаць таксама Марыю, якая прамаўляе да нас у сваім маўчанні прыкладам сваёй веры, глыбінёй бязмежнага даверу Пану Богу».

Пасля заканчэння святой Імшы пробашч Тракельскай парафіі ксёндз Аляксандр Рудзевіч выказаў словы падзякі ксяндзу Паўлу Галіньскаму, які многа гадоў служыў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай і вельмі шмат зрабіў для яго, а таксама ўсім тым, хто дапамог у арганізацыі святочных мерапрыемстваў.

Наталля ІВУЦЬ.

На здымках: замалёўкі са свята.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*