Гісторыя Воранаўшчыны з навуковай дакладнасцю

Страницы истории 08 апреля 17 3430
2015-11-17_093058

У нямецкіх хроніках за 1217 год згадваюцца два населеныя пункты Воранаўскага раёна — Жырмуны і Радунь. Цікавы факт? Канечне! Нямецкія летапісы, а ў іх — назвы беларускіх паселішчаў, а гэтым паселішчам — 800 гадоў! Чым не нагода для камандзіроўкі. Можа, у музеях мясцовых школ захоўваюцца копіі тых самых сярэдневяковых хронік? Можа, настаўнікі-краязнаўцы раскажуць пра неверагодныя, загадкавыя падзеі мінулага? Таямніцы павінны быць дакладна, бо знаходзяцца Жырмуны і Радунь на даўнейшай мяжы пражывання балцкіх і славянскіх плямён, каля былога каралеўскага тракту, які вёў з Вільні ў Кракаў. Ды і назвы якія! Жырмуны — нешта балцкае, таямнічае. Радунь — нешта славянскае, ад слова “род”, а магчыма, “радавацца”.

Першая згадка

Пачатак камандзіроўкі быў не настолькі радасным, як чакалася. Аказалася, пра Monumenta Germaniae Historica (“Гістарычныя помнікі Германіі”, або “Манументы Германікі”) настаўнікі Воранаўшчыны цудоўна ведаюць, аднак пры гэтым ніхто нямецкія хронікі не чытаў, не бачыў. Тады адкуль упэўненасць, што Радунь і Жырмуны ўпершыню згадваюцца менавіта ў 1217 годзе? Чаму пра гэта гаворыцца і ў кнізе “Памяць. Воранаўскі раён”, і ў краязнаўчых інтэрнэт-крыніцах? Канечне, прыемна ўсведамляць, што твайму роднаму гораду (або вёсцы) 800 гадоў і ён быў настолькі вядомым, што пра яго пісалі нават нямецкія летапісцы. Аднак, магчыма, у нямецкіх хроніках гаворыцца не пра воранаўскую Радунь, а пра Радунь на тэрыторыі Польшчы. Ды і населены пункт з назвай Жырмуны ёсць у Літоўскай Рэспубліцы.

— У кнізе “Памяць. Воранаўскі раён” (распаўсюджана такая інфармацыя і ў інтэрнэце) ёсць звесткі, што Радунь упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах, якія тычацца нямецкіх хронік, у 1217 годзе. Так, “Манументы Германікі” існуюць, але сумняваюся, што ў іх згадана Радунь менавіта Воранаўскага раёна, беларуская Радунь. На сённяшні момант на тэрыторыі толькі паўночнай Польшчы існуе каля дзесяці паселішчаў з аналагічнай назвай. Самая буйная рака польскага Памор’я і возера таксама маюць падобную назву. Не гавару ўжо пра цэнтральную Польшчу — там таксама ёсць шэраг Радуней. Частка такіх паселішчаў з’яўляецца тэонімамі і звязаны з культам бога Рода. У паўночнай Германіі, дзе жылі палабскія славяне, таксама існуе шэраг паселішчаў з назвай Радунь. Таму больш верагодна, што летапісная Радунь 1217 года адносіцца да тэрыторыі сучаснай Германіі і звязана з агрэсіяй на землі палабскіх славян нямецкіх рыцараў. Што тычыцца нашай Радуні, то сёння гэта пасёлак гарадскога тыпу, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць, Рэспубліка Беларусь. Адна з першых згадак пра Радунь адносіцца да 1387 года. Гэта грамата караля Ягайлы, згодна з якой ён даруе свайму брату Скіргайлу, які дапамагаў яму ў барацьбе супраць князя Вітаўта, шэраг зямель, у тым ліку і горад Родынь (сённяшнюю Радунь) з усімі службамі і ўсім прыбыткам, — паведаміў кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея Радунскай сярэдняй школы Іван Іванавіч Фясенка.

Край жырмунскі

Галоўным прынцыпам у краязнаўчай дзейнасці настаўнікаў Жырмунскай і Радунскай сярэдніх школ (як і іншых устаноў адукацыі Воранаўскага раёна) з’яўляецца навуковая дакладнасць. Ні адзін з цікавых фактаў гісторыі Воранаўшчыны, пра які расказвалі мне педагогі, не быў выдуманым. Калі Іван Іванавіч гаварыў пра грамату 1387 года, то пацвярджаў свае словы ксеракопіяй гэтага дакумента, якая захоўваецца ў экспазіцыі школьнага музея. Калі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жырмунскай сярэдняй школы Валянціна Чаславаўна Квецень расказвала пра мінулае Жырмунскага сельсавета, свае словы пацвярджала вынікамі даследавання мікратапонімаў роднага краю.

Мікратапонімы выдатна сведчаць пра самабытнасць Воранаўшчыны, таму і важнасць даследавання, якое праводзіць Валянціна Чаславаўна разам з вучнямі, відавочная. Матэрыял і звесткі пра мікратапонімы Жырмунскага сельсавета былі атрыманы ад мясцовых жыхароў, пры гэтым паходжанне кожнай назвы абавязкова правяралася ў іншага інфарматара. Галоўнае, як ужо адзначалася, — навуковая дакладнасць. Так, на аснове лінгвагістарычнага і лінгвакраязнаўчага даследавання ствараецца своеасаблівы летапіс Жырмунскага сельсавета, а экскурсія па школьным музеі дапаўняецца цікавымі фактамі.

Дарэчы, пра музей. Як адзначыў яго кіраўнік настаўнік гісторыі Алег Гендрыкавіч Азароўскі, экспазіцыя створана ў 2006 годзе і складаецца з пяці раздзелаў. У першым — “Зямля Жырмунская” — прадстаўлены матэрыялы па археалогіі, змешчаны звесткі пра архітэктурныя помнікі Жырмун: касцёл Адшукання Святога Крыжа (самы стары храм на тэрыторыі раёна, 1789 года пабудовы), руіны былой рэзідэнцыі Радзівілаў. У першым раздзеле знаходзіцца інфармацыя і пра знакамітых землякоў: архітэктара Караля Падчашынскага і прамыслоўца Яна Гусця. Наступныя раздзелы прысвечаны гісторыі КСУП “Кастрычнік”, гісторыі школы, падзеям Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сельсавета. Наведвальнікі могуць азнаёміцца і з невялікай калекцыяй старых кніг, прадметаў побыту мясцовых жыхароў, а таксама прыкладамі вучнёўскіх даследчых работ па гісторыі Жырмун.

Гэтыя даследаванні праводзяцца ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны”. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жырмунскай сярэдняй школы Тарэса Юзафаўна Клімовіч, праект разлічаны да 2019 года. У праекце, акрамя Тарэсы Юзафаўны, задзейнічаны настаўнік гісторыі Алег Гендрыкавіч Азароўскі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Чаславаўна Квецень, настаўніца пачатковых класаў Наталля Іванаўна Юхневіч, дырэктар школы Сяргей Сямёнавіч Корда. Тэматыка праекта была выбрана невыпадкова, паколькі ў жырмунскіх настаўнікаў ужо назапашаны адпаведныя напрацоўкі па фарміраванні даследчых кампетэнцый навучэнцаў. Дзякуючы праекту, гэтыя кампетэнцыі і ўменні ўдасканальваюцца.

— Даследаванне гісторыі сельсавета на аснове мікратапонімаў стала адным з крокаў, якія робяць у навуку ўдзельнікі школьнага клуба “Юны даследчык”. Акрамя таго, юныя філолагі-краязнаўцы даследуюць паходжанне назваў раслін у гаворцы жыхароў Жырмун і наваколля, паходжанне прозвішчаў жыхароў нашай мясцовасці, утварэнне назваў рэк, культавых каталіцкіх і праваслаўных збудаванняў вобласці. Вынікі нашых работ ужо на працягу пяці гадоў адзначаюцца навукоўцамі, членамі журы рэспубліканскіх конкурсаў і канферэнцый даследчага характару. Работа з тапанімічным і лінгвакраязнаўчым матэрыялам аказвае вялікае пазнавальна-выхаваўчае ўздзеянне на вучняў. Вынікамі даследаванняў мы дзелімся з чытачамі раённай газеты і радыё, расказваем пра паходжанне знаёмых з дзяцінства назваў, — паведаміла Валянціна Чаславаўна.

Край радунскі

Калі Валянціна Чаславаўна даследуе назвы Жырмунскага сельсавета, то вядомы краязнаўца Гродзеншчыны стваральнік народнага музея Радунскай сярэдняй школы Іван Іванавіч Фясенка — назвы ўсяго Воранаўскага раёна. Да даследаванняў ён таксама падыходзіць з навуковай дакладнасцю. І ў першую чаргу гэта тычыцца назвы Радуні.

— Акрамя 1387 года, у музеі ёсць шэраг іншых звестак пра Радунь. Вось звярніце ўвагу на ўзгадку пра Радунь, якая тычыцца 1385 года. У гэтым дакуменце крыжакі характарызуюць шляхі, па якіх яны прасоўваліся на Усход. Адзначаецца, што дарога ў нашай мясцовасці вельмі добрая, шмат паселішчаў. Чужаземцаў уражвае, што ў Радуні вельмі добра вядзецца сельская гаспадарка. Яны параўноўваюць яе з гаспадаркай прускіх зямель. Археалагічныя матэрыялы, іншыя крыніцы даюць падставы сцвярджаць, што Радунь бярэ сваю гісторыю значна раней, чым у 1217 годзе. Гэта быў культавы цэнтр як усходніх, так і заходніх славян, таму што і тыя, і тыя пакланяліся язычніцкаму богу Роду, які лічыўся стваральнікам усяго жывога на зямлі. Больш за тое, у школьным музеі валуноў захоўваецца шэраг цікавых камянёў, якія мы знайшлі ў ваколіцах радунскага гарадзішча. Напрыклад, камень, які з аднаго боку — камень-следавік, а з другога — камень з выявай твару чалавека, што, магчыма, сведчыць пра культ продкаў і шанаванне бога Рода, — сказаў Іван Іванавіч.

Воранаўскі раён — унікальнае месца для даследчыкаў. Тут жылі славянскія і балцкія плямёны, а яшчэ выхадцы з прускіх зямель. “У другім томе энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае” ў артыкуле адносна характарыстыкі літоўцаў сённяшнія жыхары паселішча Пеляса Воранаўскага раёна і суседніх вёсак называюцца аўтахтоннымі жыхарамі. Ніколі літоўцы не былі ў Пелясах аўтахтонамі, карэннымі жыхарамі. Гэтую тэрыторыі засялілі і заснавалі тут паселішчы выхадцы з прускіх зямель, у тым ліку борці. Пра гэта гавораць шматлікія архіўныя матэрыялы. Вядома Барцянскае староства. Яно атрымала назву па этнічнай характарыстыцы жыхароў. Падчас напісання навукова-даследчай работы “На ростанях: гісторыя Барцянскага староства і лёс яго жыхароў” мы выявілі 60 старостваў з падобнай назвай, даследавалі інвентар Барцянскага староства 1667 года, землі якога знаходзіліся на тэрыторыі сучаснага Воранаўскага раёна”, — паведаміў Іван Іванавіч.

Даследаваны лёс не толькі барцянцаў, але і татар. За гэтае даследаванне (яго вынікі аформлены ў работу “На ростанях стагоддзяў: гісторыя і лёс татар Воранаўскага раёна”) у мінулым годзе юныя даследчыкі Радунскай сярэдняй школы атрымалі дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі. На аснове архіўных матэрыялаў былі вызначаны ўладанні татар пачынаючы з часоў Вітаўта. Сярод першых татарскіх асадаў — Некрашунцы (усяго на Воранаўшчыне існавала 47 паселішчаў татар). Менавіта ў Некрашунцах у 1413 годзе па загадзе вялікага князя Вітаўта была пабудавана першая мячэць на беларускіх землях. На жаль, гэтая мячэць не вытрымала выпрабавання часам і людской абыякавасцю.

Была не толькі даследавана гісторыя ўзнікнення паселішчаў. Іван Іванавіч Фясенка разам з вучнямі прасачылі гісторыю славутых татарскіх родаў Воранаўшчыны, месцы пражывання. Сярод іх — радавое гняздо ў Талькунцах генерал-маёра Аляксандра Талькоўскага, удзельніка Першай сусветнай вайны, радавое гняздо генерал-лейтэнанта Мацея Сулькевіча, таксама ўдзельніка Першай сусветнай вайны. Гэта ўжо вёска Кемейшы. Створана і прэзентацыя, прысвечаная апошняму татарыну з вёскі Некрашунцы Данілу Сулейманавічу Крыніцкаму. Грунтоўнае даследаванне праведзена і па гісторыі яўрэйства на Воранаўшчыне. На міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Брэсце адпаведная работа заняла 3-е месца.

Пра імёны і лёсы падрабязна расказвае і экспазіцыя школьнага музея. Яна складаецца з 14 раздзелаў, трох пакояў, у якіх захоўваецца 1140 адзінак асноўнага фонду. Два раздзелы прысвечаны дасавецкаму перыяду, трэці — перыяду БССР, Вялікай Айчыннай вайне, аднаўленню народнай гаспадаркі. У кожнага пакоя — свой колер. У сінім — старажытная гісторыя. Тут шмат унікальных экспанатаў. Сярод іх — каменны плуг. Ёсць 30 каменных сякер. А яшчэ — калекцыя каменных выяў татэмных жывёл, ганчарная кераміка балцкіх і індаеўрапейскіх этнічных супольнасцей. Значны матэрыял прадстаўлены з раскопак радунскага замка.

Чырвоная зала звязана з войнамі, якія прайшлі праз край. Чырвоны — колер крыві, адвагі, гонару. Колькі славутых, адважных асоб нарадзілася на Радуншчыне, Воранаўшчыне! Колькі імён славутых, адважных людзей было часам і лёсам звязана з Воранаўскай зямлёй! Гэта Нарбуты, Юдзілы, Міцкевіч, Сыракомля, Карловіч. “Я заўсёды пытаюся ў наведвальнікаў: “Хто беларускі першадрукар?” Усе называюць Францыска Скарыну. Тады я пытаюся: “А хто такі Аляксандр Радунскі? Літоўцы яго завуць Аляксандр Радоніс. А хто такі Юрый Забалацкі? Літоўцы яго завуць Юргас Забалацкас…” Маўчаць. А гэта першадрукары Літвы. І паходзяць яны з беларускай зямлі, з Радуні і Забалаці. У 1547 годзе ў Кёнігсбергу быў выдадзены першы катэхізіс на літоўскай мове. Яго стваралі і нашы землякі. Думаю, што з часам мы разам з літоўцамі ўвекавечым памяць пра гэтых людзей і ў Радуні паўстане залаты помнік Аляксандру Радонісу, а ў Забалаці — сярэбраны помнік Юрыю Забалацкасу”, — паведаміў настаўнік.

Трэцяя зала зялёнага колеру. У ёй прадстаўлены экспанаты па гісторыі краю ХХ стагоддзя. У аснове экспазіцыі — апісанні лёсу канкрэтных людзей. Напрыклад, прафесара Мар’яна Фальскага, які нарадзіўся ў 1881 годзе ў мястэчку Нача, што непадалёк Радуні. Гэта вядомы польскі педагог, спецыяліст у галіне арганізацыі сістэмы адукацыі, аўтар аднаго з лепшых у Польшчы падручнікаў для школьнікаў. “Палякі ім ганарацца, на жаль, мы, беларусы, часта забываем такія імёны. А павінны ведаць і ганарыцца тым, што нашы землякі працавалі ў іншых краінах, аднак не забывалі пра малую радзіму. Сярод вядомых асоб Воранаўшчыны і радунец Каган Ізраэль Мэер Хафец Хайм, талмудыст, мараліст, які стварыў шэраг работ як рэлігійнага, так і маральнага характару. Гэты чалавек цікавы не толькі тым, што шмат зрабіў для духоўнай культуры яўрэйскага народа. Гэты чалавек — патрыёт Радуні. Яго хацелі пахаваць у Вільні, аднак, улічыўшы апошняе жаданне, зрабілі гэта ў Радуні. Бачыце, наколькі цікавая наша шматнацыянальная Радунь”, — адзначыў настаўнік.

Вярэнаўскі раён

Не менш грунтоўна даследуецца прыродная спадчына радунскага краю, у прыватнасці валуны. У мінулым годзе адпаведная работа заняла першае месца на рэспублікан-скім узроўні. Напісаў яе вучань 10 “А” класа Уладзіслаў Вайткун. “Цікавы не толькі Уладзіслаў, але і яго бацькі, якія таксама вывучаюць валуны. Разам з імі мы прасачылі, хто першы з навукоўцаў вывучаў ледавіковыя валуны на тэрыторыі раёна, і выявілі, што гэта быў пецярбургскі акадэмік Севяргін, потым у савецкі час вядомы геолаг Вінакураў. У міжваенны час абмеры ўнікальных камянёў зрабілі супрацоўнікі Віленскага ўніверсітэта. Таксама мы склалі рэестр існуючых і знішчаных каштоўных ледавіковых валуноў. Прасачылі гісторыю паходжання айконімаў на тэрыторыі раёна. Над гэтым даследаваннем мы з аднакласнікам Уладзіслава Сяргеем Жэгждрынам працавалі больш за два гады. У выніку выдалі тапанімічны слоўнік Воранаўскага раёна, у якім прааналізавалі 353 назвы. Вызначылі спрэчныя айконімы, паходжанне якіх навукоўцамі не вызначана. Адносна паходжання многіх назваў прапанавалі свой варыянт. Асабліва цікавай з’яўляецца сучасная назва райцэнтра — Воранава. Калі ў даведніках і тапанімічных слоўніках тлумачыцца, што яна ўтворана ад прозвішча Воранаў, а яшчэ лепш — ад варон, то становіцца проста смешна”, — падзяліўся Іван Іванавіч.

Гэтыя версіі не маюць ніякай гістарычнай асновы. Па словах настаўніка, на месцы Воранава калісьці было мястэчка Блотна. У пачатку XVIII стагоддзя — гэта ўладанне лідскага старасты Яна Сцыпіёна дэль Капма. Ён падарыў мястэчка свайму сыну Іосіфу і яго жонцы Вярэне Фірлей. У гонар Вярэны мястэчка і атрымала новую назву. Калі ў 1940 годзе ішоў працэс утварэння адміністрацыйных адзінак на тэрыторыі тагачаснай Баранавіцкай вобласці, аднаму з адказных асоб стала незразумела дзіўная назва. Ён уласнай рукой пераправіў Вярэнава на Воранава. Так што яго паходжанне ні з прозвішчам Воранаў, ні з варонамі ніяк не звязана. Настаўнік разам з Сяргеем Жэгждрынам вызначылі паходжанні многіх складаных назваў. Напрыклад, айконім Беняконі. Пра Беняконі часта гавораць, што там некалі разводзілі пародзістых коней. Аднак у першай згадцы пра гэты населены пункт за 1529 год сустракаецца назва Бенякойні. Першая частка айконіма -Бень — Бенядзікт, другая частка -койня — кузня.

— Хто можа расшыфраваць герб Радуні? Адказ на гэтае пытанне мы часта шукаем разам з наведвальнікамі музея. Геральдыка — гэта цэлая навука. Каб расшыфраваць герб, трэба ведаць яго сімвалы. На шчыце герба бачым серабро — гэта адзін з сімвалаў адраджэння. Асабліва цікавай з’яўляецца выява рака. У гэтай жывёліны ёсць цудоўная рыса: рак ніколі не будзе жыць у бруднай вадзе, што таксама сімвалізуе адраджэнне. У XVII стагоддзі Радунь, як і іншыя паселішчы Панямоння, была знішчана падчас руска-польскай вайны. Ведаючы заслугі гэтага старажытнага горада, Ян Сабескі надае Радуні герб. “Слаўныя жыхары старажытнага горада Родыня, у першую чаргу шляхта, якая прайшла праз агонь, шматлікія войны, знойдзеце ў сабе сілы ўваскрасіць былую славу свайго горада” — вось што зашыфравана ў гербе, у выяве чырвонага рака на сярэбраным фоне, — паведаміў Іван Іванавіч.

Факты — фактамі

Прыгожая, канечне, версія: маўляў, назва райцэнтра Воранава ўтворана ад варон. І гэтая версія, безумоўна, мае права на існаванне. Выяву сімпатычнай вароны можна, напрыклад, зрабіць турыстычным сімвалам горада. А вось сімвалам Беняконей — коней. Для турыстычнага эфекту можна разводзіць на адной з аграсядзіб у ваколіцах Беняконей сапраўдных пародзістых коней і катаць на іх па гасціннай воранаўскай зямлі турыстаў. Вароны — варонамі, коні — коньмі, аднак прыцягваць турыстаў у той ці іншы куточак беларускай зямлі варта ў першую чаргу гістарычнымі фактамі, рэальнымі падзеямі. Тым больш што наша гісторыя багатая, разнастайная. З цягам часу міфы знікаюць, вароны могуць зляцець, коні могуць ускакаць, а вось факты застаюцца фактамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*