«Да новых шчаслівых сустрэч». У Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця заключных мерапрыемстваў XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
Мерапрыемства прайшло на плошчы Савецкай і сабрала некалькі сотняў чалавек. Гэта прадстаўнікі 35 нацыянальнасцей, жыхары і госці Гродна, якіх аб'яднала грандыёзнае свята. Пайшлі ў мінулае два насычаныя на падзеі і эмоцыі дні. Адбыліся дзясяткі маштабных мерапрыемстваў, з'явіліся новыя знаёмствы, нарадзіліся незабыўныя ўспаміны. Няма сумненняў, што XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур стане знакавай часткай гісторыі горада над Нёманам.
Да прысутных гасцей звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. Ён з гонарам адзначыў, што наша краіна стала родным месцам для многіх нацыянальнасцей. Яны жывуць тут у міры і згодзе, выхоўваюць дзяцей, ведаюць і шануюць нашу гісторыю.
– Вось і надыходзіць момант развітання. Мы развітваемся з XIV Рэспубліканскім фестывалем нацыянальных культур, які ўжо становіцца гісторыяй. І гэтую гісторыю напісалі самі людзі, дзякуючы таленту, высокаму прафесіяналізму , адданасці сваёй справе. Гэта былі два незабыўныя дні, калі мы ўсе адчулі асалоду праз танец і музыку, даведаліся больш пра гісторыю і спадчыну шматлікіх краін. І зноў зразумелі, што мы – адна дружная сям’я, – сказаў Анатоль Маркевич.
Міністр культуры падзякаваў прадстаўнікам усіх нацыянальнасцей, якія прынялі ўдзел у фестывалі. Кожнаму, хто падарыў удзельнікам свята выдатны настрой і зарад бадзёрасці. Анатоль Маркевіч таксама выказаў падзяку Гродзенскаму аблвыканкаму і гарвыканкаму за сумесную працу, якая прывяла да выдатнага выніку.
– І шчырыя словы ўдзячнасці я хачу выказаць вам, дарагія гродзенцы! За вашы ўсмешкі і ветлівыя твары, за тое, што кожнага з нас вы ахілілі дабрынёй і пяшчотай. Дзякуючы гэтаму мы адчуваем сябе тут як дома, – сказаў Анатоль Маркевіч.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак таксама выказаў словы ўдзячнасці за арганізаванае свята, запэўніўшы прысутных, што гэтая традыцыя абавязкова будзе працягнута.
– Сёння мы не развітваемся надоўга, мы кажам да новых сустрэч, таму што нашы сустрэчы абавязкова будуць працягвацца. Нас шмат чаго аб’ядноўвае. Толькі ўчора на круглым стале мы гаварылі пра тое, што Вялікая Перамога калісьці была адзіная на ўсіх, бо за яе змагаліся людзі розных нацыянальнасцей. Кожны дзень – сумесная праца, сумеснае жыццё. І нас аб’ядноўвае сумесная будучыня – нашай краіны, дзяцей і ўнукаў. Дык давайце будаваць нашу будучыню разам! – звярнуўся да прысутных Аляксандр Румак.
Знакавай часткай закрыцця фестывалю стала традыцыйнае ўзнагароджанне яго ўдзельнікаў. Сімвал фестывалю – хрустальную кветку – атрымалі прадстаўнікі кожнай нацыянальнасці. Яны зноў сабраліся на галоўнай сцэне, каб паказаць, што важней сяброўства і адзінства няма нічога.
Мілана ДУДКО
Фото:Таццяны Маталянец