Запалім свечкі… Успомнім тых, каго няма з намі…

Духовность 01 ноября 17 2608
DSCN0539

Сёння,1 лістапада, каталіцкі касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. Вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым, якія дасягнулі вечнай хвалы і прыбываюць з Богам у небе. А заўтра, 2 лістапада, дзень прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй менавіта ў гэты дзень трэба наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых. Але многія ўжо сёння адразу пасля святочных богаслужэнняў накіроўваліся на могілкі, каб аддаць даніну памяці тым, каго ўжо няма побач.

DSCN0524

У гэтыя дні па святочнаму выглядае апошні прытулак людзей на зямлі — тут чыста, магілы ўпрыгожаны кветкамі і свечкамі. То тут, то там чуюцца ціхія гаворкі-ўспаміны — гэта сустрэліся блізкія і родныя, аднавяскоўцы і проста знаёмыя, якія прыехалі з розных куточкаў Воранаўшчыны і нават з-за мяжы, каб успомніць тых, хто адышоў у вечнасць. Здаецца, што душы памерлых даюць магчымасць зноў сустрэцца з імі. Сваім папярэднікам мы абавязаны жыццём, здароўем, уласнымі набыткамі. Наш абавязак прыйсці і падзякаваць ім, папрасіць прабачэння за тое, што ў штодзённых клопатах часта забывалі пра іх. Таму больш за ўсё ў гэтыя дні можна ўбачыць каля магіл людзей, якія стаяць схіліўшы галовы, а з іх вачэй цякуць слёзы. Бо не паспелі яны пры жыцці сказаць, як моцна любілі і шанавалі, як патрэбна тое матуліна ці бацькава слова і як нехапае іх сёння. І толькі шчырая малітва з глыбіні сэрца дапамагае з’яднацца духоўна з тым каго ўжо не давядзецца ўбачыць ніколі, дае палёгку ў сэрцы.

DSCN0529

На працягу актавы Успаміну ўсіх памерлых з 1 па 8 лістапада ў касцёле за іх будуць асаблівым чынам маліцца. У гэты час Касцёл дае магчымасць атрымаць поўнае адпушчэнне кары за грахі душы памерлага. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання — споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.

DSCN0535 DSCN0537
Комментарии
Вернік
Няхай спачываюць у пакоі... Вечная ім памяць...
Добавление комментария
CAPTCHA
*