У Радунь — памалiцца на магiле Хафеца Хаiма

Духовность 30 сентября 16 2582


27 верасня гарадскі пасёлак Радунь стаў цэнтрам увагі сусветнай яўрэйскай супольнасці. Сюды з’ехаліся веруючыя яўрэі з Ізраіля, ЗША, Канады, Расіі, Францыі і іншых краін Еўропы, з розных рэгіёнаў Беларусі, каб аддаць даніну памяці і павагі вялікаму духоўнаму лідару яўрэйскага народа Ісраэлю Меіру Акоэну (1838-1933), больш вядомаму як Хафец Хаім.


Па яўрэйскім календары, “плаваючым” і залежным ад фазы месяца, Хафец Хаім памёр 24 элюля (назва месяца). Па грыгарыянскім календары ў 2016 годзе гэты дзень прыпаў на 27 верасня. Лічыцца, што ў дзень смерці душа праведніка Хафеца Хаіма наведвае яго магілу і дапамагае ўсім тым, хто прыйшоў сюды памаліцца. Яго магіла і, увогуле, Радунь, ці Радзін, так называюць пасёлак яўрэі, для ізраільцян успрымаецца як святое месца. Таму амаль 500 паломнікаў з усяго свету і прыехалі сюды ў гэты вераснёўскі дзень звярнуцца ў сваіх малітвах  да праведніка , каб ён там, на нябёсах, папрасіў для іх здароўя, дабрабыту, міру і супакою на зямлі. Маліліся па аднаму і групамі, моўчкі і ўслых, з глыбокай верай на лепшае ў паўсядзённым жыцці.


— Нягледзячы на розныя цяжкасці, сюды з кожным годам прыязджае ўсё больш людзей, — расказаў равін з Іерусаліма Эхіель Верцберг. — У жыцці многіх пасля наведвання гэтага святога для нас месца адбываецца шмат добрых цудаў. А тыя людзі, хто не можа наведаць месца пахавання вялікага мудраца, перадаюць з прыехаўшымі сюды паломнікамі свае запіскі, каб за іх памаліліся на магіле праведніка. Мы вельмі ўдзячны беларусам за гасціннасць, за ўвагу да нас. Хай будзе ў вас усё добра і мірна. Сяброўства, міру паміж людзьмі розных нацыянальнасцей заўсёды жадаў і Хафец Хаім.


Вядома ж, паломнікі не маглі не наведаць і будынак былой Радунскай іешывы (зараз тут месціцца цэнтр нацыянальных культур), якую стварыў вялікі гуманіст і філосаф у 1869 годзе. У хуткім часе іешыва набыла славу лепшай ва Усходняй Еўропе. Адначасова тут навучалася 200 вучняў. Адсюль выйшлі 12 галоўных равінаў краін свету. У тыя часы сюды прыязджалі нават з Амерыкі. Пераплыўшы акіян, праз усю Еўропу людзі дабіраліся ў Радунь, каб паслухаць, аб чым гаворыць вялікі равін на ўроках, дакрануцца да яго мудрасці, зразумець сэнс яго прытчаў. У розных еўрапейскіх краінах пабываў са сваімі лекцыямі і сам мудрэц, але ён заўсёды імкнуўся хутчэй вярнуцца ў Радунь, тут быў яго дом, Радзіма.


— А чаму Ісраэля Меіра Акоэна часцей называюць Хафецам Хаімам? — запыталіся журналісты ў аднаго з паломнікаў, адваката з Ізраіля Нетанеля Мамо.


— Гэтае імя дала напісаная ім кніга “Хафец Хаім” (у перакладзе — “які прагне жыцця”), якая адразу набыла шырокую папулярнасць і сотні разоў перавыдавалася. У ёй мудрэц у даступнай форме раскрыў сэнс запаведзяў Торы. Ён напісаў аб тым, што нельга гаварыць дрэнна пра чалавека, нават калі гэта праўда. Па сваёй сутнасці кніга — забарона на зласлоўе. Гэтай праблеме была прысвечана і другая кніга “Шмірат ашалон”, у якой Хафец Хаім заклікае людзей адносіцца адзін да аднаго з павагай, дабрынёй. Тады ўзнікае паміж людзьмі ўзаемаразуменне, пануюць любоў і згода, а гэта так дапамагае ў жыцці. Напэўна, няма ў свеце такога яўрэя, які б не вывучаў кнігі Хафеца Хаіма. У Ізраілі ёсць нават спецыяльная група людзей, якія вучаць дарослых, дзяцей разумець глыбокі сэнс  яго твораў — не прыніжаць чалавека, а гаварыць толькі добрае і прыемнае. Працуе і спецыяльная служба (накшталт “гарачай лініі”. — Прыкм. аўт.), дзе можна спытаць парады, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Бывае, што тэлефануюць і ноччу… Адказ адзін: рабіць і жыць патрэбна  так, як напісана ў кнігах Хафеца Хаіма.


… Яшчэ доўга ў неба над Радунню ў той дзень узносілася малітва, якая давала надзею на шчасце, добрую долю і мірнае жыццё для ўсяго чалавецтва. А яшчэ падумалася, як мала, на жаль, мы ведаем пра такога выдатнага земляка, мудрасцю якога захапляюцца ва ўсім свеце, і практычна нічога не робім для захавання памяці пра яго на нашай зямлі.


Вікенцій ЯКОВІЧ.


Фота Алега БЕЛЬСКАГА.






[gallery link="file" columns="4"]





Добавление комментария
CAPTCHA
*