Настаўнiкi вучылiся мiласэрнасцi

Духовность 29 сентября 16 1930

24 верасня ў санктуарыі Божай міласэрнасці ў Воранаве адбылася VI Дыяцэзіяльная сустрэча выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі. На яе прыбыло каля 70 чалавек, якія ўдзельнічаюць у працэсе навучання маладога пакалення. Удзельнікаў было б значана больш, але для многіх настаўнікаў субота, на жаль, працоўны дзень.


Распачалася сустрэча з канферэнцыі на тэму «Божая міласэрнасць як заклік да штодзённага служэння чалавеку». Перад удзельнікамі выступіў кс. Антоній Грэмза, душпастыр выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі. Ён падкрэсліў, што сёння, як ніколі раней, нам усім патрэбна міласэрнасць. Таму мы павінны не толькі чакаць яе ад Бога і другіх людзей, але і самі шчодра яе дарыць.


Падчас перапынку на каву ўдзельнікі сустрэчы змаглі пазнаёміцца бліжэй, абмеркаваць пытанні, якія іх хвалююць, падзяліцца сваім вопыт, пачуць парады. Затым усе накіраваліся ў санктуарый, дзе адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, якую правялі настаўнікі з Гродна, і споведзь — сустрэча з Богам і Яго міласэрнасцю.


Святую імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў ксёндз-канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна, пробашч Лідскай фары. У набажэнстве таксама прынялі ўдзел дзекан Радунскага дэканату ксёндз-канонік Генрых Яблонскі, ксёндз Анджэй Вітэк, які як гаспадар прывітаў гасцей. У сваёй прамове ксёндз-канонік Уладзімір сказаў, што ў бягучы Год Міласэрнасці Бог асаблівым чынам адорвае любоўю і прабачэннем тых, хто гэтага шукае. Асаблівым чынам упрыгожыў Святую імшу сваім спевам хор санктуарыя і моладзевая група. Здавалася, ад іх звонкіх галасоў, якія праслаўлялі Бога, у святыню зазірнула сонейка і свяціла напрацягу ўсяго дня.


Пасля настаўнікі-каталікі працавалі ў трох групах. Святары расказалі, якую спадчыну пакінулі сучасныя настаўнікі Божай міласэрнасці: св. Фаўстына, св. Маці Тэрэза з Калькуты, св. Ян Павел II. Прыклад — іх жыццё і дзейнасць. На сустрэчы было падкрэслена некалькі разоў, што сучасны настаўнік павінен быць перш за ўсё міласэрным, вучыць міласэрнасці сваіх вучняў, знаёмых і ўсіх тых, хто знаходзіцца побач. Сваімі ўражаннямі ад гэтага дня падзялілася адна з настаўніц:




— На працягу навучальнага года часта не хапае часу, каб спыніцца і паразважаць над сваёй дарогай, над духоўнымі перажываннямі, над высокімі ідэаламі. Але сустрэча ў Воранаве дапамагла зрабіць важны прыпынак. Удалося атрымаць каштоўныя парады ад калегаў-настаўнікаў, выслухаць меркаванне Касцёла адносна працэсу выхавання, паразмаўляць з Богам у ціхай малітве і прыняць асабістыя рашэнні адносна вялікіх і малых спраў міласэрнасці.




Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*