Бр. Павел Яштэль з супольнасці палатынаў атрымаў дыяканскае пасвячэнне

Духовность 12 октября 15 2962


10 кастрычніка адбылося дыяканскае пасвячэнне брата Паўла Яштэля з Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны). Новы дыякан паходзіць з парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве. Разам з ім пасвячэнне атрымалі 7 семінарыстаў з Польшчы.


Пасвячэнне ўдзяліў падчас урачыстай святой Імшы ў парафіяльна-семінарыйным касцёле Маці Божай Каралевы Апосталаў у Алтажаве (Польшча) дапаможны біскуп Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі Марэк Саларчык.

У гаміліі біскуп адзначыў, што дыяканскае пасвячэнне з’яўляецца найперш абавязкам быць сведкам служэння. «Гэты шлях вядзе да найбольшых Таямніц», – дадаў іерарх і заклікаў новых дыяканаў быць слугамі ў сённяшнім свеце, а таксама быць праз сваё штодзённае служэнне прыкладам для іншага чалавека.

Пасвячэнню папярэднічалі некалькі дзён рэкалекцый, на працягу якіх кандыдаты непасрэдна рыхтаваліся да гэтай важнай падзеі.

Члены Таварыства Каталіцкага Апостальства наследуюць ідэалы свайго заснавальніка св. Вінцэнта Палоцці, пастанаўлячы ажыўляць веру і любоў сярод католікаў, абуджаць у іх глыбокае разуменне свайго асабістага паклікання да апостальства і натхняць іх да рэалізацыі гэтага паклікання.

Таксама палатыны імкнуцца ўмацоўваць еднасць сярод католікаў і заахвочваюць іх да апостальскай дзейнасці ў Касцёле, каб яго пасланніцтва стала дзякуючы гэтаму больш паспяховым. Яны падтрымліваюць еднасць і салідарнасць сярод усіх хрысціян, імкнуцца да абвяшчэння збаўчага паслання тым, хто яго яшчэ не ведае, і прыкладаюць намаганні, каб сярод усіх хрысціян існавала жывая цікавасць да місіянерства.

Апостальства палатынаў уключае таксама дабрачынную і грамадскую дзейнасць, якая рэалізуецца праз нясенне дапамогі патрабуючым і ўсім іншым, каб яны маглі жыць згодна з тым, чаго патрабуе чалавечая годнасць, у справядлівасці і міры. Таксама дзеля рэалізацыі гэтай мэты яны просяць Божага благаслаўлення праз малітву, ахвяру і добрыя ўчынкі.

Павел Дрэмо SAС, (AG)


http://catholic.by/
Комментарии
Вернік
Бог любіць нашу Воранаўшчыну, бо яшчэ адзін малады святар - наш зямляк!!! Віншую!
Божа, захавай Беларусь!
Добавление комментария
CAPTCHA
*