У Эдэмскім садзе пад Слонімам пасадзілі першыя дрэвы 26-га Сада Малітвы
Гэта мерапрыемства праходзіць ужо ў 26 раз.
У галоўны дзень свята беларускага пісьменства ў заасадзе “Эдэм”, што некалькі гадоў таму быў створаны пры Жыровіцкім манастыры, залажылі ўнікальны Сад Малітвы. Праект гэты асаблівы - такія сады зараз існуюць у кожнай "сталіцы" Дня беларускага пісьменства амаль што па ўсей Беларусі. Ініцыятар праекта – міжнародная экспедыцыя “Дарога да святыняў”. У яе складзе – паэты, пісьменнікі, мастакі, журналісты, якія маюць мэтай пашырыць абсягі свята. Па словах кіраўніка экспедыцыі Аляксандра Лапата-Загорскага, “Дарога да святыняў” была арганізавана адначасова са Святам беларускага пісьменства. Удзельнікі экспедыцыі праязджаюць пяцідзённым маршрутам па аддаленых гарадах і мястэчках Беларусі, што дае магчымасць жыхарам гэтых населеных пунктаў адчуць атмасферу свята.
– Ідэя аказалася вельмі плённай, – распавёў кіраўнік экспедыцыі. – Творчыя людзі надалі ёй патэнцыял, аб’ядналі свецкае свята з духоўнай часткай. Падчас экспедыцыі мы праходзім хрэсным ходам і перадаем благадатны агонь з Ерусаліма ў храмы тых мясцін, дзе мы бываем. Да людзей, якія не могуць прыйсці ў храм, ідуць асветніцкія групы, якія нясуць благадатны агонь, раздаюць свечкі, а затым праводзяць гутаркі. З тымі, хто выходзіць з храма, размовы пачынаюцца непасрэдна на прыступках. Экспедыцыя рознабаковая, яна дае магчымасць людзям пачуць непасрэднае выступленне (жывое) паэтаў і пісьменнікаў. Атрымліваецца вельмі плённа.
Каб падкрэсліць менавіта сувязь з экспедыцыяй, удзельнікі праекта ўручаюць кніжкі і падсыпаюць у сімвалічную капсулу зямлю з апошняга месца правядзення Дня беларускага пісьменства. Сэнс экспедыцыі – у аб’яднанні беларусаў. Маршрут гэтага года прайшоў праз Мар’іну Горку, Чысць, Любчыцы, Ваўкавыск і зараз прыбыў у цэнтр свята - ў Слонім.
Анатоль Бутэвіч, пісьменнік:
– У свой час я прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі экспедыцыі “Дарога да святыняў” у Дзень беларускага пісьменства. Мы вызначалі формулы правядзення і, дзякуючы Богу, наша задумка жыве па сённяшні дзень. Першай формулай была рухомасць, непрывязанасць да аднаго горада ці месца. Калі госці прыходзяць у хату, гаспадары наводзяць чысціню. Так і той горад, у якім праходзіць Дзень беларускага пісьменства, ўпрыгожваецца, і гэта карысць і для горада, і для яго жыхароў. Па-другое, калі “Дарога да святыняў” рухомая, то гэта дае магчымасць жыхарам сталіцы Свята беларускага слова сустрэцца з вядомымі асобамі нашай краіны. У экспедыцыі – народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, даследчык Акадэміі навук Сцяпан Лаўшук, паэт Вадзім Спрынчан. Для нас – гэта магчымасць пабачыць сваімі вачамі тое, што адбываецца ў Беларусі, параўнаць, аб чым пішам, з рэальным жыццём. Карысць ад зваротных сувязей вялікая. Ну і тое, што мы сёння робім – пасадка Сада Малітвы – гэта 26 сад, які пасаджаны нашымі рукамі і нагадвае аб тым, што тут была экспедыцыя “Дарога да святыняў”.
Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі:
– Я ўдзельнічаю ў экспедыцыі з самага яе пачатку. Для мяне, безумоўна, самае галоўнае – пабачыць нашу Беларусь. Мы ўжо праехалі 33 000 кіламетраў. Бачыць прыгажосць нашай краіны і, галоўнае, нашых людзей, сустракацца і размаўляць з імі – гэта бясцэнна. Нашы гутаркі, іх маналогі і пытанні, нашы роспыты – ну што можа быць даражэй? Я лічу, што гэта такая благадаць для ўсіх удзельнікаў, што мы можам карыстацца тым, што паслаў нам Бог.
Ранко Гойкавіч, перакладчык з рускай мовы (Сербія):
– Дзякаваць Богу, што ў мяне з’явілася такая магчымасць – прыняць удзел у экспедыцыі “Дарога да святыняў”. Я многа разоў быў у Расіі, Украіне, а ў Беларусь завітаў упершыню. Вельмі хацелася пабываць на беларускай зямлі, у гэтым трэцім віцязі праваслаўя. Вялікія святыні, цудоўная зямля, ветлівыя і добразычлівыя людзі. Я поўны самых добрых эмоцый і ўражанняў. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць замацаванню нашых братэрскіх сувязей, мы аднакроўныя браты адной веры, і я спадзяюся, што надалей гэтая сувязь будзе ўзмацняцца. Мне вельмі спадабалася ў вашай краіне.
Айцец Вадзім Пятліцкі:
– Пасадка Сада малітвы прымеркавана да Дня беларускага пісьменства. Вельмі радуе, што ў гэтым годзе наш заасад стаў 26 месцам, куды завітала экспедыцыя “Дарога да святыняў”. Мы вельмі ўдзячныя ўдзельнікам экспедыцыі за іх увагу, за духоўную сімвалічнасць, якую нясе гэтае мерапрыемства. Таксама ад усіх веруючых мы ўдзячныя за благадатны агонь, які зараз знаходзіцца ва Успенскім саборы, а затым ён будзе перанесены ў Свята-Троіцкі храм, а таксама ў Благавешчанскі манастыр і Свята Зосіма-Савацьеўскі манастыр у вёсцы Вялікая Кракотка. Кожны веруючы мае магчымасць сёння запаліць сваю свечку ад благадатнага агню з Ерусаліма.