Асветніца зямлі беларускай

Асветніца зямлі беларускай

Ва ўсе гістарычныя эпохі найважнейшую ролю ў культурным жыцці цывілізаваных краін і народаў адыгрывалі асветнікі — самаадданыя людзі, якія неслі сваім землякам святло ведаў пра Бога, прыроду, грамадства і чалавека. Найвыдатнейшай і знакамітай асветніцай на беларускай зямлі за ўсю яе шматвяковую гісторыю была славутая палачанка Еўфрасіння.

Галоўнай крыніцай ведаў пра асветніцу з’яўляецца “Жыціе прападобнай Еўфрасінні Полацкай”, створанае пасля яе смерці ў канцы 12 стагоддзя. Гэта адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы, які, на думку некаторых айчынных даследчыкаў, мог быць напісаны манахам заснаванага асветніцай манастыра Святой Багародзіцы.

Калі Прадславе споўнілася 12 год, то яна пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, ахвяруючы сябе Хрысту. Пасля яго дзяўчынка выпрасіла ад полацкага епіскапа Іллі дазвол пасяліцца ў невялікай каменнай келлі Сафійскага сабора. Там юная манахіня цалкам аддалася чытанню, перапісвала, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць.

Еўфрасіння на свае сродкі пабудавала дзве царквы (Святога Спаса і Прасвятой Багародзіцы) у Полацку, заснавала пад Полацкам два манастыры (Спаскі жаночы і Багародзіцкі мужчынскі). Намаганнямі прападобнай Еўфрасінні пры яе манастырах былі адкрыты школы, бібліятэкі, скрыпторыі, ювелірныя і іканапісныя майстэрні і інш.

Асаблівае месца ў Спаса-Праабражэнскім храме займаў Крыж, які па замове Еўфрасінні быў створаны майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Крыж, зроблены ў 1161 годзе, з'яўляецца сапраўдным шэдэўрам старажытнарускага мастацтва. Ён уяўляў сабой каўчэг, у якім знаходзіліся вялікія хрысціянскія святыні, прывезеныя з Іерусаліма і Канстанцінопаля. Экспанат быў выкананы з кіпарысу. Яго вышыня — 52 см, таўшчыня — 2,5 см. Даўжыня верхняй перакладзіны была 14 см, ніжняй — 21 см. Аснова Крыжа была аббітая 22-а залатымі пласцінамі і 20-ю срэбнымі з пазалотай. Крыж быў упрыгожаны каштоўнымі камянямі, арнаментам, жэмчугам, абразкамі з выявамі святых. На працягу некалькіх стагоддзяў Крыж неаднаразова вывозіўся за межы Полацка і не заўсёды вяртаўся. У 1941 годзе ён бясследна знік. І толькі ў 1997 годзе Крыж быў адноўлены і перададзены ў Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр.

На зыходзе гадоў Еўфрасіння Полацкая захацела здзейсніць паломніцтва ў Іерусалім. У дарогу яна адправілася зімой 1173 года, дасягнула сцен Іерусаліма толькі ў маі. Неўзабаве прападобная цяжка захварэла.

Вялікая беларуская асветніца была пахавана ў манастыры св. Феадосія, непадалёку ад Іерусаліма. У 1187 годзе яе мошчы была перапахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. І толькі ў 1910 годзе былі перавезены ў Полацк.

Еўфрасіння стала першай усходне-славянскай жанчынай, якую праваслаўная царква абвясціла святой. Паводле даўняй традыцыі Полацкую ігуменню прызнае святой і каталіцкая царква. Еўфрасіння шануецца як нябесная заступніца беларускай зямлі. Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца штогод 5 чэрвеня.

Вольга КУЗЬМІЦКАЯ,

метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка.

Добавление комментария
CAPTCHA
*