21 сакавіка споўнілася 185 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча

ФРАНЦІШК БЕНЯДЗІКТ КАЗІМІРАВІЧ БАГУШЭВІЧ (1840,Гродзенская вобл. – 1900) – пісьменнік, публіцыст, перакладчык, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры (крытычны рэалізм).
Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны каля Вільні. Сям’я паходзіла са старадаўняй збяднелай шляхты. Бацька паэта Казімір Багушэвіч мусіў даказваць сваё шляхецтва ў геральдычнай камісіі расійскага Сената. Неўзабаве пасля нараджэння Францішка Багушэвічы пераехалі ў спадчынны маёнтак Кушляны, што ў Ашмянскім павеце. Там прайшло дзяцінства хлопчыка. Пачатковую адукацыю ён атрымаў, хутчэй за ўсё, дома, а працягнуў вучобу ў Віленскай гімназіі. У 1861 годзе Францішак Багушэвіч завяршыў навучанне ў гімназіі. Яго прозвішча згадвалася ў ліку лепшых выпускнікоў. Паэт паступіў на фізікаматэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак вучыцца там яму не давялося. У лістападзе Францішак Багушэвіч прасіў рэктара аб звальненні «з прычыны цяжкай хваробы».
Таленавіты юнак вярнуўся на Радзіму, дзе вучыў беларускіх дзетак у прыватнай школе на Лідчыне. У 1865 годзе ён паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў толькі ў 1868 годзе. Гэта быў надзвычай складаны перыяд жыцця паэта: яму даводзілася літаральна змагацца за жыццё, хапацца за любую магчымасць зарабіць на кавалак хлеба. Атрымаўшы атэстат, Багушэвіч спачатку пераехаў у Чарнігаў, потым — у Кралявецкі павет, потым зноў у Чарнігаў. Працаваў судовым следчым.
У 1871 годзе яго перавялі ў Валагодскую губерню. Толькі ў 1884 годзе Францішак Багушэвіч прыехаў у Вільню, прывёз небагаты набытак, а таксама жонку Габрыэлю, якая нарадзіла яму дачку Канстанцыю і сына Тамаша.
На Радзіме Багушэвіч зарабляў на жыццё адвакацкай дзейнасцю, пры гэтым набыў рэпутацыю абаронцы мужыкоў. З бедных людзей Багушэвіч грошы не браў, чым ускладняў і без таго няпростае матэрыяльнае становішча ўласнай сям’і.
Першыя вядомыя паэтычныя спробы Францішка Багушэвіча датуюцца 1880 годам. Увосень 1891 года ў Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок. Зборнік складаўся з 16 вершаў і паэмы «Кепска будзе!». Самыя вядомыя публіцыстычныя вершы гэтай кнігі — «Мая дудка», «Бог не роўна дзеле», «Праўда».
Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).
Другі прыжыццёвы зборнік «Смык беларускі» Францішак Багушэвіч выдаў, хутчэй за ўсё, у Познані ў 1894 годзе.
Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Францішка Багушэвіча на паслядоўнікаў. Яго спадчыну наследавалі ў сваёй творчай дзейнасці Адам Гурыновіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Язэп Ціхінскі і іншыя.
У 1896 годзе Францішак Багушэвіч неспадзявана атрымаў спадчыну і адбудаваў сядзібу ў Кушлянах. Паэт падаў у адстаўку і вырашыў прысвяціць астатак жыцця творчасці.
Памёр Францішак Багушэвіч 15 красавіка 1900 года ў Кушлянах. На пахаванне сабралася шмат людзей : сяляне з навакольных вёсак, сябры паэта – усе тыя, для каго Багушэвіч так многа зрабіў пры жыцці, аддаючы ўсяго сябе шчыраму служэнню народу, абароне яго правоў на чалавечае жыццё, развіццю яго культуры. Пахаваны Ф. Багушэвіч у Жупранах.
Людміла ФУРМАН,
загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.