20 лютага споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Таісы Бондар

Культура и духовность 20 февраля 25 334
20 лютага споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Таісы Бондар

Таіса Мікалаеўна Бондар (1945-2005) — пісьменніца, перакладчыца, грамадская дзеячка, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1978 года.

Нарадзілася 20 лютага ў гарадскім пасёлку Рудзенск Мінскай вобласці ў сям’і рабочых. Дзесяты клас заканчвала ў школе рабочай моладзі, адначасова працавала швачкай прамкамбіната (1960-61 гг.), затым — старшай піянерважатай сярэдняй школы ў родным пасёлку. З 1965 працавала ў дзіцячай бібліятэцы, затым кіраўніком гуртка Дома піянераў у г. Фалешты (Малдавія, 1966-1970). У 1967 годзе завочна скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Выкладала англійскую мову, потым гісторыю мастацтва ў мастацкай школе г. Фалешты. У 1977 годзе вярнулася ў Беларусь.

У 1978-1981 гг. загадвала аддзелам выяўленчага мастацтва, архітэктуры і вытворчай эстэтыкі штотыднёвіка «Лiтаратура i Мастацтва». З 1981 года — загадчык аддзела культуры, адказны сакратар, а з 1985 — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь». У 2002-05 гадах — дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Лiтаратура i Мастацтва».

У друку з вершамі выступіла ў 1970. Выдала зборнікі паэзіі «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «…І голас набыла душа» (вершы і паэмы, 1980), «Святочны снег» (вершы, паэма, 1981), «Чырвоны месяц года» (вершы і паэмы, 1985), «Спадчынны боль» (1987), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Адна» (1989), «Час душы, мой час вячэрні…» (1995). У яе паэтычных зборніках трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра… недасяжны свет».

Аўтар кніг апавяданняў «Сінія яблыкі» (1984), аповесцей «Час, калі нас любілі» (1988), аповесцей і апавяданняў «Паветраны замак на дваіх» (1990). Уздымае праблемы сучаснай сям'і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэння сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяр культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Таксама былі выдадзены кнігі, «Бог зусім побач. Старонкі дзённіка» (2000), «Імем Айца і Сына» і раман-містэрыя «Павуцінне» (2004). Перакладала з малдаўскай (Г. Віеру «Імя тваё», 1986), румынскай і англійскай моў. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1978. 

Чытайце кнігі Бондар Таісы ў нашых бібліятэках.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

 

Добавление комментария
CAPTCHA
*