19 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава
ВАСІЛЬ УЛАДЗІМІРАВІЧ БЫКАЎ (1924-2003) — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1978), Ленінскай прэміі (1986), расійскай прэміі «Трыумф» (1999), Героя Сацыялістычнай Працы (1984).
Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння 9 класаў у Кублічах вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы: перш на мастакоўскім аддзяленні, потым быў пераведзены на скульптурнае аддзяленне. Пакінуў вучобу ў сувязі з адменай стыпендый, вярнуўся дахаты, дзе скончыў Кубліцкую сярэднюю школу.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны мабілізаваны на абаронныя работы, быў у складзе інжынернага батальёна. У зіму 1941 г. і ў 1942 г. жыў на станцыі Салтыкоўка і г. Аткарску, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Са жніўня 1942 па лістапад 1943 г. — курсант Саратаўскага пяхотнага вучылішча. З 1943 г. ваяваў камандзірам узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, а потым армейскай артылерыі, удзельнічаў у баях на 2-ім і 3-ім Украінскіх франтах. Двойчы паранены, ляжаў у шпіталях.
З 1947 г. жыў у Гродне, спачатку працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, потым у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» (1947—1949). У Гродне яго ў 1949 г. другі раз прызвалі ў кадры Савецкай Арміі. У 1949—1955 гг. Быкаў служыў на Далёкім Усходзе, на Курыльскіх астравах, таксама падаваў рапарты з просьбай аб дэмабілізацыі, аднойчы нават напісаў міністру абароны Маліноўскаму, але атрымліваў адмовы. Пазней быў пераведзены ў Беларусь.
У канцы 1955 г. Васіль Быкаў быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Гродна. Стаў ізноў працаваць у газеце «Гродзенская праўда».
Яшчэ ў 1951 г. у час ваеннай службы Быкавым напісаны апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік», тэма якіх – чалавек на вайне, у 1957 г. яны з’явіліся на старонках «Гродзенскай праўды».
У друку пачалі публікавацца журналісцкія замалёўкі, нарысы, фельетоны Быкава. Піша ён і апавяданні, якія друкуюцца ў літаратурных часопісах» «Маладосць», «Нёман». У 1957 г. з-пад пяра аўтара выйшла яго першая аповесць «Апошні баец», прысвечаная першапачатковаму этапу Вялікай Айчыннай вайны.
Са студзеня 1959 г. Быкаў – член Саюза пісьменнікаў.
У 1959 г. ён заканчвае работу над аповесцю «Жураўліны крык» – першым з твораў, якія можна аднесці да тыповай «быкаўскай» творчай манеры. У 1960 г. выходзяць яго першыя зборнікі «Ход канём» (апавяданні) і «Жураўліны крык» (аповесць і апавяданні).
У пачатку 1960-х гг. Васіль Быкаў напісаў аповесці «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1963 г.). Усе яны прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Наступная аповесць «Мёртвым не баліць» з’явілася ў 1965 г. і была надрукавана ў часопісе «Маладосць». У ёй пераплятаюцца падзеі сучаснасці і ваеннай пары. Пісьменнік у ёй ставіць пытанне, якой цаной дасталася Перамога. А ў 1968 г. з’явілася аповесць «Круглянскі мост». Твор стаў першым у цэлым «партызанскім цыкле» пісьменніка, дзе Быкаў закрануў новую для сябе як аўтара грань вайны – партызанскую барацьбу беларускага народа.
Партызанскай тэме прысвечаны і аповесці «Сотнікаў» (1970 г.), «Абеліск» (1971 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.). У гэты ж час ім таксама напісаны аповесці аб вайне «Дажыць да світання» (1972 г.), «Яго батальён» (1975 г.).
У 1971-1978 гг. Васіль Быкаў быў сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.
У 1978 г. Васіль Быкаў пераехаў у Мінск. У творчасці Васіля Быкава працягваецца асэнсаванне бясконцай тэмы паводзін чалавека ў надзвычайных абставінах вайны, маральнасці і жорсткасці, здрады і высакародства. Але ў 1980-я і 1990-я гг. з’яўляюцца новыя матывы. Быкаў аналізуе драматычны лёс народа ў больш шырокай храналагічнай перспектыве, асэнсоўвае лёс беларускай нацыі.
У 1982 г. з-пад пяра Васіля Быкава выйшла аповесць«Знак бяды». Знак нацыянальнай бяды, як пісаў аб гэтым сам Быкаў. Аповесць – адзін з самых глыбокіх яго твораў па філасофскім асэнсаванні жыцця.
Васіль Быкаў часта выступаў у перыядычных выданнях з публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, прымаў актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці. Ён выбіраўся дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных (1963-1965; 1973-1977 гг.), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978-1990 гг.), быў народным дэпутатам СССР (1989 г.).
У лютым 2000 г. Быкаў пераехаў у Германію. Тут ён працаваў над кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому», працягваў пісаць прыпавесці. Са снежня 2002 г. пісьменнік па асабістым запрашэнні прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела жыў у Празе, там перанёс аперацыю.
23 мая 2003 г. Быкаў прыехаў у Мінск, дзе звярнуўся да ўрачоў з прычыны свайго стану здароўя. 22 чэрвеня 2003 г. Васіля Быкава не стала. Пахаваны ён на Усходніх могілках у Мінску.
Васіль Быкаў – аўтар некалькіх дзясяткаў твораў розных літаратурных форм. Гэта раман, аповесці, апавяданні, прыпавесці, п’есы, сцэнарыі, публістычныя артыкулы, якія акрамя асобных выданняў увайшлі ў шматтомныя зборы твораў. У 1974 г. выйшлі Выбраныя творы Васіля Быкава ў 2 тамах. У 1980-1982 гг. – Збор твораў у 4 тамах. У 1992-1994 гг. выйшаў Збор твораў у 6 тамах. З 2005 г. выдаецца Поўны збор твораў у 14 тамах. Выйшла 10 тамоў (том 10 у дзвюх кнігах).
Дзейнасць Васіля Быкава неаднаразова была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі – ганаровымі званнямі, прэміямі, ордэнамі і медалямі.
У 1964 г. за аповесць «Трэцяя ракета» пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа. У1974 г. яму прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання». У 1978 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён». У 1986 г. прысуджана Ленінская прэмія за аповесць «Знак бяды». У 1980 г. Васіль Быкаў удастоены звання Народнага пісьменніка БССР. З 1984 г. – Герой Сацыялістычнай Працы. Пісьменнік таксама быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ушацкага раёна.
Акрамя франтавых узнагарод Васіль Быкаў быў адзначан ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974 г.), Леніна (1984 г.), Айчыннай вайны 1-й ступені (1985 г. ). Таксама быў узнагароджаны расійскім ордэнам Дружбы (1994 г.) і італьянскім ордэнам «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай» (1996 г.).
Людміла ФУРМАН,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу,
ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.