Свята душы

Наши конкурсы 01 апреля 11 2109
Сонечным сакавіцкім днём Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў вітала ўдзельнікаў конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі “Паэзія — рух душы” — вучняў пачатковых, базавых і сярэдніх школ нашага раёна, выхаванцаў гурткоў Воранаўскага і Радунскага ЦПР. Дзеці выступалі ў дзвюх узроставых катэгорыях (першая намінацыя — вучні 1-7 класаў, другая — 8-11 класаў). З пачынаючымі паэтамі пазнаёміла намінацыя “Спроба пяра” пад назвай “Чарнобыля злая зорка”. Вучні хваляваліся, бо іх інтэрпрэтацыю аўтарскага перажывання і аўтарскай пазіцыі, артыстызм, адпаведнасць выкананых імі твораў іх узросту ацэньвала кампетэнтнае журы.
Конкурс адкрыла Вера Сяргееўна Матусевіч, намеснік загадчыка аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама. Яна выказала спадзяванне, што сустрэча стане сапраўдным святам душы, і пажадала ўсім канкурсантам творчых поспехаў. І паліліся гукі роднай мовы… Пяшчотныя і ласкавыя, поўныя любові да роднага краю, гнеўныя і караючыя ворагаў, што дратавалі нашу краіну, катавалі яе мірных жыхароў, сумныя і тужлівыя, акутаныя болем стратаў, якія прынёс нам Чарнобыль…
Усе выканаўцы прачыталі вершы лірычна і ад душы. Журы было вельмі складана вызначыцца з пераможцамі. Аднак конкурс ёсць конкурс… У першай намінацыі лідарам стала Дзіяна Пецкелюн (Іяткішская БШ), 2-е месца за Аленай Войніч (Жырмунская СШ), 3-е — у Ігара Каспера (Доцішская БШ). У другой намінацыі перамагла Кацярына Наркун (Забалацкі ВПК), 2-е месца атрымала Дар’я Дорашава (Воранаўская СШ), 3-е — Віялета Юсевіч (Нацкі ВПК). “Спроба пяра” ўдала атрымалася ў Вольгі Шынковіч (1-е месца, Радунская пачатковая школа), Алега Паўловіча (2-е месца, Больцішская БШ), Анастасіі Рышкевіч (3-е месца, Доцішская БШ).
Калі былі прачытаны ўсе творы, падведзены вынікі, міжволі падумалася: як хораша, што нашы вучні любяць роднае слова і беражліва ўкладаюць яго ў свае паэтычныя радкі!
Марына КАНДРАТОВІЧ.
На здымку: пераможцы конкурсу.
Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*