Азiмыя лягуць у мяккую глебу



Ужо і восень наступіла, а гарачая пара ў механізатараў  усё не заканчваецца. Яны цяпер рыхтуюць глебу пад сяўбу азімых зерневых культур. Усяго па раёне трэба ўзараць 14 500 гектараў, зроблена ўжо 4 780 гектараў, або 33% ад усёй плошчы. Актыўна вядзецца ворыва ў КСУП “э/б “Кастрычнік” (43%), СВК “Больцішкі” (46%) і “Місявічы” (43%).

Стараюцца своечасова і якасна падрыхтаваць глебу (690 гектараў) пад пасевы і ў сельгаскааператыве “Тракельскі”, дзе ўжо заарана амаль палова ўсёй запланаванай плошчы.

— Сёлета на ворыве не надта і разгонішся, — пакінуўшы на некалькі хвілін кабіну свайго “Беларуса”, расказвае механізатар Валерый Люшакоў (на здымку). — Зямля вельмі сухая, долатаў на лемяхах плугоў і на два дні не хапае, хутка зношваюцца, і прыходзіцца часта мяняць. Па гэтай жа прычыне не ўдаецца дасягнуць якаснага ворыва, хаця і стараюся. За дзень па 10 і больш гектараў зямлі падымаю. Тут і ад памераў поля залежыць: чым яно даўжэй, тым менш часу затрачваецца на развароты. Радуе, што мой МТЗ-1523, які ў эксплуатацыі ўжо 11 год, не падводзіць. Даволі надзейная і добрая тэхніка. Хопіць яшчэ не на адзін сезон. Амаль і не рамантаваў яго, так, па дробязі штосьці памяняю і ізноў у поле. З 2002 года працую ў гаспадарцы і ў асноўным заняты, амаль ці не круглы год, на ворыве. Здаецца, зусім нядаўна араў пад азімы рапс, а цяпер ужо пад азімыя зерневыя… Таму  шаную свайго “Беларуса”, бо наперадзе нам абодвум працы яшчэ шмат, і працы вельмі адказнай.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

Фота Генадзя Астаповіча.
Добавление комментария
CAPTCHA
*