Браты

Іван, Мар’ян і Віктар Тункелі з сельгаскааператыва “Больцішкі” даўно  славяцца сваёй працавітасцю, адданасцю роднай зямлі і выбранай справе. Менавіта аб іх (хаця ёсць і чацвёрты, самы малодшы брат Станіслаў, які працуе ў Лідзе ў БТІ па землеўпарадкавальных справах) пойдзе сённяшні аповед.

— Каб нам яшчэ некалькі такіх работнікаў, як гэтыя браты, — шчыра заўважае галоўны аграном Віталь Ненартовіч, — то гаспадарка  б яшчэ больш працвітала, ніякіх праблем не было б. Яны з маленства загартаваны вясковай працай на прыкладзе сваіх бацькоў, ад якіх перанялі найвялікшую ісціну: усё пачынаецца з зямлі. Безумоўна, вялікі ўклад у іх выхаванне зрабіў бацька Браніслаў Станіслававіч, які адпрацаваў у гаспадарцы 41 год і застаўся ў памяці вяскоўцаў як сціплы і працавіты чалавек і сапраўдны прафесіянал-механізатар. Такімі ж сталі і яго сыны. Быў для гаспадаркі складаны час, калі грошай  не хапала, але яны не падаліся шукаць лепшых заробкаў, не здрадзілі зямлі, прадоўжылі працаваць тут. Бывала, што браты Тункелі амаль ці не адны спраўляліся па гаспадарцы. Зааруць, засеюць поле як па лінейцы, ніякага навігатара не трэба. Любыя пытанні з імі вырашыш, па дысцыпліне — ідэальныя.

Іван — старэйшы з братоў, вадзіцель, працуе ў “Больцішках” з 1992 года. Роля яго ў жыццядзейнасці гаспадаркі надзвычай важная. Не прывязе своечасова паліва для тэхнікі, то і ўся работа можа прыпыніцца. Таму два бензавозы ёмістасцю дзве і пяць тон заўсёды на хаду. У спраўным стане і мікрааўтобус, на якім падвозіць дзяцей у Больцішскую базавую школу. Радуюць Івана сын і дачушка. Сын паспяхова ўжо працуе інжынерам-электроншчыкам на “Лідааграпраммашы”, дзяўчынка заканчвае вучобу ў мясцовай дзевяцігодцы.



Мар’ян на два гады маладзейшы за Івана. Працуе механізатарам больш за 20 год. З самай ранняй вясны ён на полі. Сёлета спачатку паказаў майстэрства як араты, потым засеяў каля 350 гектараў ранніх яравых зерневых. Прадыскаваў амаль 200 гектараў тарфянікаў. Калі ж у сваёй гаспадарцы ўправіўся, то  паехаў у “камандзіроўку” ў суседнія “Місявічы” на дапамогу. На магутным “Беларусе-3022” з дзевяціметровым па шырыні культыватарам якасна апрацаваў звыш 500 гектараў. Сумнявацца не прыходзіцца, што працавітасць, добрасумленнасць пераймуць ад Мар’яна і яго тры сыны.



Віктар — трэці знатны земляроб з дынастыі слыннай сям’і Тункеляў. Паездзіў малым на трактары з бацькам і зразумеў, што гэта яго жыццёвая справа і працоўная сцежка. Ворыва, культывацыя, сяўба — усе работы яму пад сілу, што трэба зрабіць, то на самым высокім узроўні і зробіць. За гэтую вясну паспеў ужо заараць, прадыскаваць, падрыхтаваць глебу пад цукровыя буракі, кукурузу, аднагадовыя травы...  А завершацца палявыя работы —  пераключыцца на нарыхтоўку кармоў. У паўсядзённых клопатах Віктар усё ж знаходзіць час для сваіх сыночкаў. Яны хоць і малыя яшчэ (адзін у дзіцячым садку, а другі пойдзе восенню ў школу), але ж мужчынскі характар трэба выхоўваць з самага маленства, як рабілі гэта яго бацькі.



— Ніколі пра сваіх сыноў не чула ад людзей дрэннага слова, — прыветліва сустрэла нас на падворку сваёй хаты Яніна Станіславаўна Тункель. — З дзяцінства яны ў нас былі добрымі, нікога не пакрыўдзілі. А дружныя якія! У школу, бывала, ідуць, то за рукі возьмуцца… Па гаспадарцы памагалі, самі паміж сабой вызначалі, каму чарга карову пасвіць. Працавітымі выраслі, бо бачылі, што нам нялёгка прыходзіцца. Я на паляводстве працавала, муж — на трактары, навучыў і іх любіць тэхніку. Цяжка жылося, але ўсіх сыноў на ногі паднялі. Адслужылі ў арміі, вярнуліся і засталіся тут працаваць. Пажаніліся, нявесткі добрыя, унукі растуць, радуюся за іх. Чаму адна на хутары жыву? Дык недалёка ж ад Больцішкаў. Калі што, хоць ужо 72 гадочкі маю, то сяду на веласіпед і туды — праведаю сваіх, у магазін схаджу…  Сама сабе гаспадыня. Ведаю, што ў любы момант магу перайсці да каго-небудзь жыць, прымуць. Але ж не хочацца мяшаць маладым, сілы яшчэ маю. Ды і сыны штодня бываюць у мяне, дапамагаюць ва ўсіх справах.  Ганаруся імі, людзі іх паважаюць, у газетах пра сыноў пішуць. Асабліва мне запомніліся радкі  верша, калісьці надрукаванага  ў раёнцы:

Тры браточкі Тункелі

Прыкіпелі да зямлі.

Сеюць, жнуць, аруць —

Уперад “Больцішкі”

вядуць!

Вось такія яны — Іван, Мар’ян і Віктар. Дружныя, выхаваныя, у размове сціплыя. Скупыя на словы, але багатыя душой і сваёй працай. Пад стаць братам і руплівыя жонкі Алена (загадчыца ясляў-дзіцячага сада), Ірына (загадчыца магазіна) і Рэната (бухгалтар сельгаскааператыва). Дарэчы, Ірына і Рэната — сёстры, замужам за Мар’янам і Віктарам. Іх дамы на адной вуліцы, якраз насупраць адзін аднаго. Недалёка ад іх жыве і Іван з Аленай. Безумоўна, што ў гэтыя майскія дні, як і бывае звычайна ў вялікія святы, Тункелі збяруцца за адным сталом, каб успомніць усіх тых, хто падарыў нам Перамогу, даў магчымасць спакойна працаваць на роднай зямлі.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*