Гучыць над Забалаццю акардэон…

Знай наших! 11 октября 13 2005

Усё, як вядома, пачынаецца з дзяцінства, у тым ліку і развіццё творчых здольнасцей, якія з’яўляюцца асноўным фундаментам духоўнай культуры чалавека. Таму напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры хочацца падзяліцца сваімі асабістымі ўражаннямі ад наведвання Забалацкага філіяла Радунскай дзіцячай школы мастацтваў. Тут прыгожаму і вечнаму — музыцы — вучаць дзяцей 7 настаўнікаў па класе акардэона, баяна, фартэпіяна, трубы, цымбалаў. Таксама плённа працуе і харавое аддзяленне.

—У нас навучаецца 49 дзяцей, — расказвае дырэктар філіяла Юрый Іосіфавіч Яновіч. — Яны здольныя і таленавітыя, а самыя адораныя прадаўжаюць вучыцца музыцы і пасля заканчэння філіяла. У Лідскім музычным каледжы, напрыклад, паспяхова вучыцца на трэцім курсе Павел Абрамчык, а ў гэтым годзе туды ж паступіў Уладзімір Паўловіч. Абодва ўдасканальваюць майстэрства ігры на баяне. Наогул, творчых дасягненняў і перамог у нашых юных музыкантаў нямала. Яскравы прыклад гэтаму 6 грамат і дыплом трэцяй ступені на конкурсе сярод дзіцячых сельскіх музычных школ. Другое месца на мінулагоднім прэстыжным конкурсе імя К. Горскага заняла цымбалістка Каця Ненартовіч, а гэта, безумоўна, і вялікая заслуга маладога  спецыяліста Наталлі Задворавай.

Падчас гутаркі з дырэктарам філіяла даведаўся, што самы папулярны музычны інструмент у дзяцей — акардэон, на ім вучыцца іграць ці не палова з 49 вучняў. Мабыць, любоў да акардэона прывіў сам дырэктар Юрый Іосіфавіч. Свае веды, талент ён перадаў і Віталію Вацлававічу Пышынскаму, які пасля заканчэння Лідскага музычнага каледжа вярнуўся сюды і ўжо 10 гадоў навучае акардэаністаў. Сярод яго выхаванцаў асаблівымі здольнасцямі выдзяляецца цяперашні дзевяцікласнік Павел Вадэйка. Юнак, хаця і закончыў вучобу ў філіяле ў мінулым годзе, але прадаўжае шліфаваць выканаўчае майстэрства на вячэрніх музычных курсах і рыхтуецца паступаць у музычны каледж. Верыцца, што мара яго спраўдзіцца, бо за плячыма даволі значныя перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах імя І. Жыновіча і К. Горскага, да таго ж ён стыпендыят Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Чаму выбраў акардэон? — разважае Павел. — Ды ён мне проста вельмі падабаецца, люблю яго гучанне. Кім стану? Можа, настаўнікам музыкі, а можа, і выканаўцам, буду прапагандаваць акардэонную музыку, народную і класіку, са сцэны, цяпер усё залежыць ад мяне. Дзякуй настаўнікам за справядліва патрабавальную працу. Віншую са святам работнікаў культуры і жадаю здароўя і таленавітых вучняў!

На здымку: граюць акардэаністы Ю. Яновіч, П. Вадэйка і В. Пышынскі.
Добавление комментария
CAPTCHA
*