У раённым конкурсе “Уладар сяла -2017” перамагла сям’я з Доцішкаў (Фота)
Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект у гэтым годзе ГА “БРСМ” арганізоўвае ў дзясяты раз. Яго ўдзельнікамі становяцца маладыя сем’і з рэгіёнаў, якія паспяхова праходзяць раённыя і абласныя этапы спаборніцтваў. Сёння вызначылася з удзельнікамі Воранаўшчына.
Конкурс праходзіў у аг. Больцішкі. Дзве маладыя сям’і з мацнейшых сельгаскаператываў спрачаліся за званне “Уладар сяла-2017”. КСУП “Доцішкі” прадстаўлялі Іван, Вольга, Арсеній і Раман Супрановічы, а КСУП “Больцішкі” – Сяргей, Наталля і Віялета Ярмаловічы (самага маленькага Косціка пакінулі дома з бабуляй). Удзельнікам належала вытрымаць пяць выпрабаванняў. Калі на вуліцы вышэй за 30 градусаў, распільваць бярвенне, калоць дровы, грузіць мяшкі з зернем нашмат складаней. Ды яшчэ і рабіць усё гэта на хуткасць пад наглядам журы і гледачоў! Куды прыемней мужчынам было завіхацца каля вады, якая праліваючыся прыемна ахалоджвала, ды бегчы са сваімі каханымі на руках, моцна прытуліўшы да сябе.
Хоць і пачаўся дзень для агранома Сяргея і механізатара Івана не ў полі і не за рулём трактара, але напружання было не менш, чым на звыклым рабочым месцы. Спаборніцкі азарт усё ж захапіў. Дзейнічалі сапраўднымі сямейнымі камандамі!
Прыемна было пазнаёміцца з маладымі сем’ямі, якія звязалі сваю прафесію і жыццё з вёскай, шчыра парадавацца за іх дабрабыт, сяброўскасць і згоду, якія яны захоўваюць у буднях, напоўненых нялёгкай руплівай працай.
За ўдзел і перамогу ў конкурсе сем’і атрымалі падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама, профсаюза працаўнікоў АПК, КСУП “Доцішкі” і “Больцішкі”. Па колькасці балаў Супрановічы крыху абышлі сваіх супернікаў, атрымаўшы перамогу. Ім належыць прадоўжыць барацьбу ўжо на абласным этапе, да якога яшчэ ёсць час падрыхтавацца.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота аўтара.